Людзі і справы

Праект заслугоўвае, каб з ім гуляць «па часныку». Навошта падпісчыкі падтрымліваюць Hrodna.life?

Мала «крыві», самы аператыўны, натхніў пісаць казкі, паведамляе пра лакальныя падзеі. Мы распыталі нашых падпісчыкаў, чаму яны падтрымліваюць Hrodna.Life рублём. Некаторыя ахвярадаўцы адмовіліся падзяліцца меркаваннем з-за сціпласці.

Зміцер Ягораў. Быў сустваральнікам партала «Твой Стыль»

Я падтрымліваю Hrodna.Life грашыма, бо лічу, што гэта той праект, які заслугоўвае, каб з ім гуляць «па часныку». Узважаныя якасныя матэрыялы. Заўсёды ёсць, што пачытаць. Калісці я быў адным з сустваральнікаў партала «Твой Стыль», папярэдніка Hrodna.Life. Я хачу, каб праект жыў і развіваўся далей.

Найбольш я люблю чытаць мясцовыя, вельмі лакальныя навіны, пра людзей, здарэнні і цікавыя месцы, кшталту кавярняў ці музеяў. Я жыву ў замежжы і Hrodna.Life застаецца адной з ніцяў, якая звязвае мяне з гарадзенскай рэальнасцю.

Я б хацеў бачыць больш крэатыўных матэрыялаў, нестандартных падыходаў да тэмаў і тэмаў, якія не ляжаць на паверхні. Тое, што мала хто ведае і мала хто раскажа. Таксама хацелася б заўсёды бачыць актуальную афішу падзеяў у Гродна, куды можна пайсці: ад тэатраў да нефармальных сустрэчаў.


Ігар Кузьмініч. Пачаў пісаць казкі

Для мяне Hrodna.Life каштоўны з-за таго, што гэта незалежны і цікавы рэсурс пра мой горад. Ён робіцца па-беларуску, для мяне гэта вельмі важна. З гэтым сайтам я даўно звязаны. Напрыклад, менавіта дзякуючы тады яшчэ парталу «Твой Стыль» я пачаў пісаць казкі.

Hrodna.Life дае мне цікавую інфармацыю пра жыццё майго горада. Гэта месца, дзе я магу пачытаць сваіх сяброў. Люблю чытаць навіны, але найбольш падабаюцца матэрыялы пра гарадзенцаў і іх жыццё. Напрыклад, пра сям’ю Эміліі і тое, як яны вандруюць разам з дзіцём. Канцэпцыя мне падабаецца. Думаю, трэба зрабіць сайт больш інтэрактыўным.


Віталь Вановіч. Незалежны гарадскі рэсурс

Падтрымліваю, бо некалі меў дачыненьне да партала «Твой Стыль» і «Школы Маладога Журналіста». Калі патрэбная падтрымка і ёсць магчымасць падтрымаць, чаму б і не. Hrodna.Life — гэта незалежны гарадскі рэсурс, які ўвесь час піша нешта пра горад, гістарычнае, сацыяльнае. Найбольш люблю чытаць навіны, людзі і справы, пра спадчыну. Цікавыя разгорнутыя аўтарскія матэрыялы. Добра, што пішаце пра культуру і спадчыну, што найпершыя, хто пра гэта піша.

Можна было б палепшыць сайт у тэхнічным плане, каб хутчэй грузіўся. Можна зрабіць кнопачку «навіны», каб бачыць усе навіны за дзень. Хацелася б, каб за банерам «Чытай па-гарадзенску» было, што пачытаць.


Раман Банцар. Няшмат «крыві»

Раней куплялі часопісы ў кіёску і плацілі грошы. Цяпер народ прызвычаіўся да халявы. Мой падыход такі: калі ты атрымліваеш цікавую для цябе інфармацыю і не клікаеш па рэкламах, то, калі ласка, падзякуй за працу людям, якія яе робяць іншым спосабам.

Мне падабаецца, што на Hrodna.Life няшмат «крыві» — рэпартажаў, калі кагосці забілі, хто напіўся, бо бруд паўсюльна, і хочаца астраўка супакою. Вы часта робіце ўласныя рэпартажы, а не капіюеце адкульсці. Ну і канешне, я вам плюсую за беларускамоўнасць. Я люблю менавіта вашыя самастойныя навіны, а не перакладзеныя с іншых рэсурсаў.


Сяргей Саковіч. Цаню аператыўнасць, беларускамоўнасць, эксклюзіўнасць

Па-першае, Hrodna.Life бярэ пачатак ад свайго папярэдняга праекту «Твой Стыль», з якім у мяне звязана шмат прыемных успамінаў. У свой час я таксама публікаваў там свае матэрыялы, калі праходзіў навучанне ў «Школе Маладога Журналіста». Ведаю, якая гэта непростая справа. Таму не змог заставацца ў баку, калі даведаўся, што праекту патрэбна падтрымка.

Па-другое, вельмі цаню Hrodna.Life за аператыўнасць навінаў, беларускамоўнасць і вялікую колькасці эксклюзіўных матэрыялаў пра розныя падзеі і асабліва людзей, якія жывуць побач у маім родным горадзе. Менавіта гэтага чакаю ад праекту і надалей. Толькі далейшага развіцця і ўдасканалення!


Арцём Ткачук. Падтрымліваю, бо сваё

Падтрымліваю, бо сваё, мясцовае. Разумею, што грашовая падтрымка важная. Люблю сайт у цэлым, чытаю амаль што ўсе. Сайт трошкі занадта інтэлігентны. Мне падаецца, што яму трэба развівацца ў бок залатой сярэдзіны. За небездакорны, але ўсё-такі прыклад можна браць «Нашу Ніву».


Дзмітрый Сідлярэвіч. Працуюць адкрытыя людзі

Hrodna.Life гэта лепшы праект у нашым горадзе: цікавыя навіны, тэмы, няма аднабаковасці. Людзі працуюць вельмі адкрытыя. Сам я некалькі матэрыялаў пісаў яшчэ на сайт «Твой Стыль», папярэднік Hrodna.Life.


Кірыл Марыкін. Замест прымусовай падпіскі

Па-першае, я падтрымліваю праект таму, што гэта правільна: я карыстаюся паслугамі людзей, якіх мне прыемна чытаць. Калі ўсе навіны і газеты пераходзяць у інтэрнэт, з’яўляюцца абежаванні на тое, як магчыма атрымліваць грошы за працу журналіста. Такія зборы грошаў могуць вельмі дапамагчы, асабліва рэгіяныльным выданням з абмежаваннай колькасцю аўдыторыі. Я ахвяраваў не надта вялікую суму, але гэта лепш, чым прымус на дзяржаўных працах «добраахвотна» падпісвацца на некаторыя выданні. У мяне ёсць жаданне падтрымаць людзей, якія сапраўды зацікаўленыя ў сваёй працы.

Заўсёды вельмі цікава чытаць матэрыялы пра гісторыю Гродна, пра архітэктуру і лёс архітэктурнай спадчыны, гісторыі і сітуацыі, пра якія самому цяжка даведацца. З дапамогай журналістаў усё значна прасцей атрымліваецца.

Пажадана было б часцей рабіць афішу мерапрыемстваў у Гродна ў адным месцы. Яшчэ адно пажаданне тэхнічнага характару. У мабільнай прыладзе VK увялі падтрымку мабілнага фармату АМР. Праз яго значна прасцей чытаць усе артыкулы. Хацелася, каб у вас была магчымасць чытаць усе навіны з гэтай функцыяй [рэд. — мы ўжо тэсціравалі AMP ў ВК і абавязкова падключым гэту функцыю].


Сяргей Жалабоўскі. Чытаю з Мінску

Сам жыву ў Мінску. Але думаю, што трэба падтрымліваць не толькі мінскія праекты. Жыццё існуе і па-за межамі сталіцы. На сайце чытаю мясцовыя навіны. Мяркую, што агульная бяда нашых сродкаў масавай інфармацыі — аднолькавы кантэнт. Большасць матэрыялаў аднолькавая. Трэба набліжаць навіны да людзей, каб яны ведалі што робіцца каля іх хаты, а не толькі на другім ускрайку свету.


Падзяліцца

Апошнія запісы

Гайд па bubble tea ў Гродне: вывучылі цэны, смакі і водгукі

Зараз у Гродне працуюць тры ўстановы, якія спецыялізуюцца на bubble tea. Пакаштаваць азіяцкі чай можна…

14 мая 2025

Парады Караеву: топ-5 месцаў Гродна і вобласці, якія можна ўзяць штурмам

У Слоніме і Лідзе плануюць паўтарыць гродзенскі "штурм Рэйхстага". На думку старшыні Гродзенскага аблвыканкама Юрыя…

13 мая 2025

«Раней падумалі б: пацыенту мроіцца, што яго праследуе псіхіятр». Як беларускія ўрачы працуюць у Польшчы і нават сустракаюць былых падапечных

Штораніцы поўныя цягнікі вязуць жыхароў Прушкава, што пад Варшавай, на працу ў сталіцу. Але ёсць…

10 мая 2025

«Скажуць раздаваць сцяжкі — раздам». Задалі адны і тыя ж пытанні выпускніцам ВНУ з Беларусі і Польшчы

Навучальны год набліжаецца да канца, і хутка выпускнікі будуць абараняць дыпломы і здаваць апошнія экзамены.…

6 мая 2025

Дапамога адрозніваецца ў 33 разы. Параўналі, як Польшча і Беларусь змагаюцца з беспрацоўем

У Польшчы беспрацоўныя атрымліваюць штомесячную дапамогу каля 1500 злотых (або прыкладна 400 долараў) на рукі.…

5 мая 2025

ВНУ Гродна змагаюцца з «моладзевым экстрэмізмам» па прыкладзе Расіі: шукаюць скінхэдаў, металістаў і спартсменаў

Як стаць маладым экстрэмістам? Быць "залатой моладдзю", слухаць хардкор і насіць клятчастую понамку. Так лічаць…

30 красавіка 2025