Будынак сённяшняга кафэ «Веранда» доўгі час заставаўся таямніцай для гісторыкаў: невядома было, калі ж яго збудавалі і якая была пачатковая функцыя. Нядаўнія архіўныя знаходкі прынеслі сапраўдны сюрпрыз: аказваецца, гэты будынак — самы стары з захаваных на тэрыторыі краіны бровараў!
Раней жа лічылася, што збудаванне было палацам Радзівілаў 18 ст. на Падоле, паводле іншай інфармацыі - палацам Румеля 19 ст.
Працаваў нядоўга
Бровар быў пабудаваны ў другой палове 18 ст. на ўласныя сродкі літоўскага надворнага падскарбія Антонія Тызенгаўза. Аднак, хутчэй за ўсё, на поўную вытворчую магутнасць прадпрыемства так і не запрацавала.
1000 пудоў хлеба
У 1833 г. гаспадар будынка, граф Дзяконскі, прадаў будынак старэйшаму і малодшаму бургамістрам Гродна Адрыяну Харыну і Івану Казацкаму за 3825 руб. серабром. Яны набылі яго для далейшага перапродажу. Будынак тады быў у паўаварыйным стане і, па меркаванні губернскага архітэктара, мог з часам абрынуцца ў Нёман.
У тым жа годзе былы бровар набыў прадпрымальнік Якаў Румель. Без даху і перакрыццяў, маючы толькі чатыры сцяны, будынак быў прыстасаваны пад хлебапякарню. Унутры пад адкрытым небам знаходзілася 29 печаў. Тут штодзённа выпякалі да тысячы пудоў хлеба для салдатаў гродзенскага гарнізоннага батальёна.
Запусценне і рэканструкцыя
Новае жыццё будынак атрымаў у 1890 г., калі ў ім было адчынена Аляксандраўскае рамеснае вучылішча, дзе адначасова знаходзіліся сталярная і слясарная майстэрні.
Ад аўтара
На наш погляд, будынак з амаль 250-гадовай гісторыяй мае быць лепш даследаваны, а ўстановы, якія знаходзяцца ў ім, сваёй назвай павінны адсылацца да гісторыі будынка, да прыкладу тых, якія ўжываюцца ў дакументах 19 ст.: «бровар Тызенгаўза» або «старая піваварня».