Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну — мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя пагаршаецца перад святамі, калі, хочаш не хочаш, мусіш пра гэта думаць. А мужчыны, хоць рэдка дзеляцца, рады атрымаць падарунак, падабраны з увагай да яго інтарэсаў і патрэб. Журналіст Hrodna.life прапануе 11 варыянтаў падарункаў на любы выпадак.
Нататнік/штодзённік
Якасны нататнік будзе добрым падарункам, калі мужчына любіць парадак у справах і не хоча нічога згубіць. Класічны чорны нататнік (лінаваны, штодзённік і г. д.) ад Moleskine (можа быць любы іншы) — класіка на ўсе часы. Сам Хэмінгуэй і Ван Гог карысталіся імі. Чаму б не падарыць такую магчымасць вашаму мужчыне?

Картхолдар
Трымаць у парадку не толькі думкі і падзеі, а яшчэ і карткі, візітоўкі і г. д. — гэта стыльна і камфортна. А калі выбраць картхолдар са скуры, то ён праслужыць шмат год і стане візітоўкай вашага мужчыны. Некаторыя брэнды могуць размясціць ініцыялы ўласніка на рэчы, што дадасць унікальнасці вашаму падарунку.

Парасон
Важнасць і актуальнасць яго не толькі ў тым, што ў наш час дажджы бываюць круглы год. Якасны парасон — гэта і прадмет стылю, які шмат чаго можа сказаць пра свайго ўладальніка. А таксама дапаможа яму захаваць свой знешні выгляд ва ўмовах дрэннага надвор’я. Складны ці кій — выбіраць вам. А можа, міні-версія, які з лёгкасцю хаваецца ў заплечнік і не вымушае насіць яго ў руках? Ведаю па сабе, як гэта важна, бо тыдзень таму забыў парасон у адной з крам. Прыйшлося набываць новы.


Падушка
Камфортны сон — залог не толькі добрага настрою, але і здароўя. А здаровы мужчына — гэта таксама добры настрой і тых, хто яго атачае. Ці купіце пару падушак і зрабіце сон вашай пары якасней.

Касметыка
Базавая касметыка — шампунь, крэм пасля галення, масла для барады, крэм для рук — заўсёды патрэбна. Калі вы не ведаеце, які ў мужчыны тып скуры, ідэальны варыянт — увільгатняючыя сродкі, якія патрэбны ўсім і ў любым узросце. Таксама існуюць і сродкі без пахаў, які пасуюць і алергікам. Не думайце, што такія падарункі - гэта клішэ. Не абавязкова набываць гель для душа з рэкламы. Набудзьце яму гель з яго любімымі нотамі, ад лакальнага ці нішавага брэнда. І паглядзіце на яго рэакцыю. Паверце, мужчыны таксама любяць добрыя водары.



Сертыфікат у барбершоп
Простая неабходнасць для кожнага мужчыны — наведаць раз на два — тры тыдні барбера. А калі мужчына ніколі не карыстаўся яго паслугамі, то гэта яшчэ будзе і новы цікавы вопыт для яго.
Check-up здароўя
Аналагічна 5 пункту: неабходнасць. Такім падарункам вы пакажаце мужчыну, што ён вам не абыякавы. І што вы клапоціцеся пра яго. Ён гэта ацэніць.
Кніга
Вы можаце сказаць, што выбраць кнігу цяжка. Мы пагодзімся. Але нагадаем, што класіка заўсёды застанецца актуальнай. І аповесць Караткевіча, Вульф, Рэмарка, Хэмінгуэя і іншых класікаў на паліцы вашага мужчыны не будзе лішняй. Хто ведае, можа такі падарунак будзе пачаткам новых зацікаўленасцяў у яго жыцці?






Піжама/халат
Варыянт падарунка для блізкага вам мужчыны. Падыдзе таксама і для бацькі. Актуальны падарунак на зімовыя святы. Варыянт з тэрмабялізнай для актыўных мужчын таксама будзе ў тэму. Ён зразумее, што вы клапоціцеся пра яго камфорт.



Падпіска на платны сэрвіс/платформу
Напэўна, ён даўно марыў мець падпіску на Spotify, Netflix ці Сanva?! У вас ёсць магчымасць зрабіць яго жыццё цікавейшым і камфортным. Я бы быў вельмі задаволены такім падарункам.
Плед для пікніка
Такі падарунак будзе карысным не толькі вашаму мужчыну, але і вам. Сам па сабе ён намякае, што выкарыстоўваць яго вы будзеце разам.

Узгадайце, што адрасат любіць, які мае лад жыцця, як праводзіць вольны час і што прыносіць яму радасць. Мужчынам падабаецца не сама рэч, а ўвага і індывідуальнасць падарунка.
Чытайце таксама: «З Гродна з любоўю». Якія сувеніры прывезці з паездкі ў Гродна
Мікалай Наваградскі, Hrodna.life