Спадчына

Палац у лясных джунглях, пешы мост і кавалачак Вестфаліі ў Беларусі: падарожжа на 12 цікавостак за 1 дзень

Гэтым разам 260-кіламетровы маршрут аб’яднаў 12 цікавых месцаў у ваколіцах Гродна. Хочаце пабачыць палац, праз які растуць беларускія джунглі ці дзіўнай прыгажосці храмы? А можа вас цікавяць драўляныя млыны і падвясныя масты? Ці закінутыя помнікі савецкай эпохі? То самы час паўтарыць маршрут Hrodna.life у бліжэйшыя выхадныя. Пакуль межы зачынены, даведаемся, як #ЖывеСабеБеларусь.

1. Чарлёна. Падарожжа адкрываецца прыгодамі

Планавалася, што першым прыпынкам маршруту будуць Масты. Ажно не. Мы знайшлі цікавосткі раней, чым думалі, седзячы на канапе. Прыпыніліся ля царквы пры дарозе, каб зрабіць некалькі здымкаў.

Гістарычная даведка. Царква Раства Багародзіцы каля вёскі Пладовая пабудавана з цэглы ў 1876−1879 гадах у рэтраспектыўна-рускім стылі. Храм узвялі на месцы старой драўлянай царквы паводле праекту архітэктара А. Лазінскага.

Пасля азірнуліся і пабачылі яшчэ адзін паварот. Уздоўж стаялі старыя ліпы, а ўдалечы віднелася старая цагляная сцяна. Цікаўнасць не дала абмінуць нечаканую знаходку.

Гаспадары дома, Марыя і Уладзімір Заботкіны, расказалі, што жывуць у доме 50 гадоў і атрымалі жыллё ад саўгаса.

«Нічога мы не знаем, адно што раней тут княгіня жыла. Таму і брама і ўсё астатняе, — патлумачыў гаспадар. — Быў палац княгіні ў парку. Зараз там няма нічога. Толькі ўсё ходзяць, шукаюць нешта з мінаіскацелямі».

Гаспадар махнуў рукою у бок парку. Мы скіраваліся ў туды, шукаць адказы на яго загадкі.

Дарога вывела да яшчэ адных старых пабудоваў. Тут мы пазнаёміліся з Генрыхам Мысліўцом. Ён фермер. Вырошчвае тут гародніну і трымае пасеку.

«Гэта былая сядзіба Друцкіх-Любецкіх, — патлумачыў ён наконт „княгіні“ і „палаца“. — Тут у іх была аранжэрэя. Там навоз закладвалі ў ямы, каб цяпло ішло ад распаду арганікі. Там купал быў шкляны — гадавалі кветкі. Нават зімой мелі жывыя ружы».

Гістарычная даведка. Сядзіба Друцкіх-Любецкіх, вёска Черлёна (Пладовая). Мясцовасць у 1799 набыў князь Францішак Друцкі-Любецкі. Ён пабудаваў вялікі драўляны двор, які стаў маёнткам яго сям'і на 100 гадоў. Апошнімі ўладальнікамі сядзібы былі Уладзіслаў Друцкі-Любецкі (1864−1913) жанаты на Марыі Замойскай, а пазней іх дзеці Тэрэза і Яніна. Іншыя маёнткі роду Друцкіх-Любецкіх былі ў Шчучыне, Новым Полі і Шэметаве.

Генрых узяў зямлю з развалінамі ў арэнду. Казаў, калі дабраўпарадкавалі пляц, знайшлі цэлую сістэму напаўразбураных падземных хадоў і інжэнерных збудаванняў. Чуў, што раней падземныя хады ішлі ад палаца да капліцы, аранжарэі, гаспадарчых забудоваў і нават да царквы. Але зараз ад палаца няма і сляда. «Толькі кавалкі цэглы і кафлі ў яры. Адчуваецца, што некалі было багата».

Цагляная брама, якая прывяла на да былой сядзібы, некалі вяла да сямейнай капліцы-ўсыпальніцы Друцкіх-Любецкіх. Яе разбурыла выбухам падчас вайны. «На тых фундаментах дом і паставілі. Хто там што глядзеў пры Саветах», — расказаў Генрых.

Найлепш з усёй сядзібы захаваліся гаспадарчыя пабудовы і стайні. Зараз у стайнях месціцца кантора фермерскай гаспадаркі. «Была канюшня на 100 коней, а зараз кабінеты. Вокны высокія і сцены во якой таўшчыні. Відаць, што рабілі на вякі».

Апроч стайняў быў у гаспадарцы Друцкіх-Любецкіх яшчэ спіртзавод і падвалы, дзе рабілі сыр. Рабочыя жылі побач у службовых дамках на чатыры сям'і. Домікі стаяць дагэтуль. Праўда, цяпер іх выкарыстоўваюць з большага як лецішчы.

«У гэтай хаце наша бабуля жыла, 1901 года нараджэння. Ёй калгас дом даў, Чарлёна. Расцілі яны вішні, агрэст, смародзіну, гародніну розную, — расказвае гаспадыня аднаго з домікаў, гродзенка Ірына Кашкайла. — А да савецкага часу быў маёнтак».

Бабуля расказвала, што мама мая, 26-га года нараджэння, ды іншыя дзеці з вёскі, гулялі з панскімі дзецьмі. Ніхто нікому не забараняў. Некалькі гадоў таму прыязджалі ўнукі ці праўнукі тых, што з маёнтка. Хадзілі тут, здымалі. Але ўжо мала што засталося".

2. Масты: 7 мастоў і стары вакзал

Гістарычная даведка. У невялікім горадзе на Нёмане — 7 мастоў. Найбольш адметны — пешаходны. Яго пабудавалі ў 1972 годзе і аднавілі ў 1995. Мост мае даўжыню 193,3 метры і шырыню 1,5 метра. Гэта адзіны вялікапралётны пешаходны мост у Беларусі.

Чыгуначную станцыю ў Мастах адкрылі ў 1886 годзе. У той самы перыяд пабудавалі вакзал.

3. Пескі: касцёл, царква і млын

Гістарычная даведка. Касцёл Маці Божай Ружанцовай у Песках. Помнік архітэктуры XIX стагоддзя. Першы драўляны касцёл у Песках пабудавалі ў 1782 годзе, пры Сапегах. Ад яго да нашага часу захаваўся толькі літы звон. Неагатычны храм з цэглы і бутавага каменю ўзвялі на месцы старога ў 1915 годзе. Цэнтральная вежа-званіца была разбурана артабстрэлам падчас Другой сусветнай. Пасля вайны у касцёле быў склад. Вярнулі храм вернікам у 1989. Рэстаўрацыя касцёла ішла да 1997.

«Царква ў нас даўней стаяла. Касцёл пачалі будаваць у 1905-м, а ў 10-м скончылі, — расказаў мясцовы жыхар Станіслаў Гецольд. — Ад 1991 года аднаўленне пачалося. Раней там быў склад, тытунь прынімалі. Тут усе тытунь вырошчваюць».

Гістарычная даведка. Царкву Святога Мікалая збудавалі ў 1870 годзе, побач са старым драўляным храмам. У савецкі час не зачынялася.

У цэнтры вёскі, каля крамы, захаваліся гаспадарчыя пабудовы XIX стагоддзя. «Тут была чарапярня, а потым зернесклад. А яшчэ раней млын быў, потым турбіна стаяла і трансфарматарная станцыя», — расказаў мясцовы жыхар Анатоль Варановіч.

На чарапярні за савецкім часам рабілі чарапіцу з цэменту. Пасля вайны не было чым крыць дахі. «Жалеза дарагое, а шыферу яшчэ не было. То ўсе бралі гэту чарапіцу, я сам браў.»

Пра рэчку Зяльвянку, што зараз цячэ малым ручайком, мужчыны ўзгадваюць — некалі была вялікая рака.

«Лазні тут былі яўрэйскія і басейны з падагрэвам, — кажа Варановіч. — Яшчэ пацаном быў, то мы ваду качалі у гэтыя лазні. Да 60-х гадоў яны працавалі. А як асушылі балоты, пазасыхала ўсё, вада спала. З лазняў тры кватэры зрабілі».

Да крамы гэтым часам пад’ехаў фургон з прадуктамі. «Вось і малака дачакаўся, пакуль з вамі размаўляў. А то хацеў з пустымі рукамі дахаты ісці», — развітваецца Варановіч. А мы едем далей.

4. Плябанаўцы: касцёл на гары

Гістарычная даведка. Касцёл Найсвяцейшай Тройцы ў Плябанаўцах заснавала Бона Сфорца ў 1550 годзе. Сучасны драўляны храм пабудаваны ў 1740, на самым высокім месцы ў акрузе. Фінансавала будаўніцтва храма, а пасля, у 1841 і яго рамонт, сям’я Біспінгаў. Пры касцёле знаходзяцца іх сямейныя грабніцы.

Сядзіба Біспінгаў знаходзіцца зусім блізка, у Струбніцы.

5. Струбніца і Біспінгі: Ад Вестфаліі да Варкуцінскіх лагераў

Ад дарогі відаць найперш гаспадарчыя пабудовы з «удасканаленнямі» савецкай гаспадаркі. Паўз іх у лес вядзе брукаванка. Праз некалькі крокаў мы трапілі у паселішча, зарослае ляснымі джунглямі.

— Позна фатаграфіруеце, — кідае на хаду выпадковы мінак. — Тут арка красівая была. Ужо абвалілася.

— А што яшчэ тут было?

— Сядзіба паноў Біспінгаў. А больш не ведаю, не пры мне было.

Гістарычная даведка. Сям’я Біспінгаў перасялілася ў ВКЛ з Вестфаліі ў XVIII стагоддзі. Верагодна, што Струбніца — іх найстарэйшая рэзідэнцыя. Тут была выдатна пастаўлена эканоміка і віравала грамадскае жыццё. Апошні гаспадар сядзібы, Казімір Біспінг, быў вайскоўцам, служыў у царскай і польскай арміях. У сям'і Казіміра было трое дзяцей. У кастрычніку 1939 яго арыштавала НКУС. Казімір Біспінг сядзеў у турмах Гродна, Ваўкавыска і Мінска. У лютым 1941 асобая нарада НКУС асудзіла яго за «ўдзел у барацьбе з Чырвонай арміяй» да 8 гадоў калоніі і 3 гадоў пазбаўлення правоў. Казімір Біспінг загінуў у адным з лагераў у Рэспубліцы Комі. Рэабілітаваны ў 1993.

Будынкі сядзібы пасля вайны належалі мясцоваму калгасу. У 1960 сядзіба пацярпела ад пажару. Да нашых дзён захаваліся млын, бровар і гаспадарчыя пабудовы.

6. Бонус падарожжа — поле валошак па дарозе на Рось

Мы праехалі палову маршрута. Працяг — у чарговым матэрыяле цыкла #ЖывеСабеБеларусь.


Чытай яшчэ: Бераставіца — амаль Кракаў, а Рэпля прыгажэй за Маскву. Што пабачыць за дзень у ваколіцах Гродна

Падзяліцца

Апошнія запісы

Штраф за сцяг, спекуляцыі малаком і сарваны канцэрт — што адбывалася ў Гродне 100 гадоў таму

Гістарычны канал Hrodna 11:27 працягвае публікаваць кароткія фрагменты з жыцця Гродна ў 1924 годзе. Нататкі ўзятыя з…

5 мая 2024

«Баяўся, што мне прад’явяць данаты, за якія павінен адкупіцца». Як гродзенцы на свой страх і рызыку прыязджаюць на радзіму, каб прадаць жыллё

Жонка палітэмігранта Алена эканоміла на манікюры і ездзіла зайцам, каб купіць кватэру - і прадала…

3 мая 2024

$ 200, машынка і мара. 9 гродзенскіх брэндаў, на якія варта звярнуць увагу гэтай вясной

Hrodna.life сабраў у адным месцы некалькі лакальных дызайнераў, у якіх можна абнавіць гардэроб гэтай вясной.…

3 мая 2024

Мерцающие, мраморные и яйца дракона. Тренды Тик Ток на Пасху 2023

Как покрасить яйца необычно? Из фиолетовой капусты можно получить изумрудный цвет, из вина получаются яйца,…

2 мая 2024

У беларускіх студэнтаў у Польшчы з’явіліся праблемы з візамі: МЗС адмаўляе, тэрмін скарачаецца

Беларускім студэнтам пачалі адмаўляць у візе для вучобы за мяжой. Тэрміны, на якія віза выдаецца,…

30 красавіка 2024

«Ходзяць чуткі, што яе завербавалі». Што гродзенцы напісалі ў 600 зваротах у КДБ

Каля 600 зваротаў, адпраўленых гродзенцамі або звязаных з Гродна, ёсць у базе зваротаў у КДБ.…

30 красавіка 2024