Залатыя паветраныя шарыкі ўздоўж прыступак на другі паверх выводзяць пасажыраў наўпрост да новага кафэ, што пачало працаваць на чыгуначным вакзале ў Гродне 9 лістапада. Зараз пабавіць час у чаканні цягніка ці падмацавацца на дарогу можна тут. У абедзенным меню па пяць гарачых і салатаў ды два варыянты першых страваў. Таксама прапануюць каву і гарбату. Працуе кафэ ад палудня да апошняга… цягніка.

“Зараз пачалі працу ў тэставым рэжыме”, – расказвае ўладальніца і адначасова дырэктарка кафэ Марыя Ваўчок. – Трэба прызвычаіцца да новага месца, даць спрацавацца калектыву. Надалей маем у планах разнастаіць кухню традыцыйнымі беларускімі стравамі”.
Марыя лічыць, што дранікі, мачанка і боршч з пампушкамі абавязкова маюць быць у меню кафэ на вакзале, што месціцца так блізка ад мяжы. Тут і замежныя госці могуць адразу адчуць смак Беларусі, і свае, з’язджаючы з дому, падсілкуюцца перад ад’ездам нацыянальнымі стравамі.

Акрамя гэтага, гаспадыня збіраецца дадаць у меню і стравы па ўласна распрацаваных рэцэптах, каторых за папярэднія 16 гадоў працы ў сістэме грамадскага харчавання сабралася нямала. “Абавязкова прыдумаем нешта адмысловае, “чыгуначнае”, каб адпавядала насторою вакзала”.
Што да коштаў, то ў дзень адкрыцця паабедаць можна было прыкладна за 3 рублі, а за філіжанку кавы прасілі 19 капеек. Агулам у кафэ можа размясціцца да 60 чалавек.

Фірмовым знакам новай установы харчавання павінны стаць шклянкі ў падстаканніках, у якіх некалі падавалі чай у цягніках. Іх ужо замовілі і ў хуткім часе чакаюць дастаўку. Таксама гаспадыня абяцае забяспечыць “Поезд” бясплатны wi-fi.

Аднымі з першых наведаліся ў новае кафэ супрацоўнікі вакзала. “Прышлі найперш пацікавіцца коштамі, паглядзець, ці можна будзе штодзень тут харчавацца, – кажа Ніна Гедрэвіч, дзяжурная па выдачы даведак (на здымку злева). – У нас змена па 12 гадзін, то пытанне з гарачым харчаваннем актуальнае. Пакуль што найчасцей бяру абед з сабой.”

Паводле начальніка вакзала Аляксандра Сакалоўскага, кафэ на вакзале апроч іншага яшчэ і важная іміджавая рыса: “Вельмі рады, што прастора больш не пустуе, што для пасажыраў з’явілася яшчэ адно прывабнае і карыснае месца. Для супрацоўнікаў гэта таксама добра – не трэба будзе марнаваць час, каб бегчы недзе на абед у перапынак. І тым, што працуюць “на дыстанцыі” таксама будзе прасцей арганізаваць харчаванне. Галоўнае, каб кошты былі даступнымі і абслугоўвалі хутка”.

Марыя Ваўчок хоць і хвалюецца з нагоды адкрыцця кафэ, але пэўная, што праз “Поезд” пасажыры на цягнікі пазніцца не будуць. Каб у 12.00 ахвотныя маглі паабедаць чатыры кухары працуюць ужо ад дзявятай раніцы, а сучаснае абсталяванне кухні – індукцыйная электрапліта, параканвенцыйны аўтамат і прыстасаванні для жаркі і запякання дазволяць гатаваць хутка нават самыя вышуканыя стравы.

Закрывацца кафэ будзе ў 2.00 ночы, калі сыходзяць апошнія цягнікі.


