Аляксандр Зімін, які мае ДЦП, ужо два гады спрабуе вярнуць сабе права кіраваць машынай. Пасля праходжання раённай і абласной інстанцый высветлілася, што аспрэчыць рашэнне Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра медыцынскай экспертызы і рэабілітацыі можна толькі ў судзе. Але пра гэта не было сказана ў дакументах, якія атрымаў Аляксандр Зімін.
Аўтамабіль — каб зарабляць
Медкамісію на пасведчанне кіроўцы Аляксандр Зімін не прайшоў два гады таму, калі вырашыў змяніць пасведчанне без права найма на працу на пасведчанне з правам найма. Да гэтага ён тры гады ездзіў без адзінага інцыдэнту і скончыў курсы контраварыйнага кіравання. Прычынай назвалі ДЦП, а вышэйшы орган — цэнтр рэабілітацыі - вынес сваё канчатковае рашэнне. У 2014 годзе Зіміны прадалі машыну, якая прастойвала, згубіўшы на гэтым грошы.
Аляксандр вырашыў ізноў праходзіць медкамісію, пачынаючы з раённага ўзроўню, і на кожным этапе пытаць, згодна з якімі медыцынскімі паказчыкамі і пунктамі заканадаўства яму адмаўляюць у праве кіраваць аўто.
Аляксандр расказаў, навошта яму пасведчанне кіроўцы:
— У Маскве ці Піцеры, куды ўжо не першы год клічуць родныя і сябры, цалкам можна ўладкавацца на працу, маючы пасведчанне кіроўцы катэгорыі Б і пасведчанне аб заканчэнні контраварыйнага ваджэння. Ды і машына пры дастатковым даходзе будзе пытаннем часу.
Другая ступень ДЦП -для чалавека, які сам ездзіць на ровары
УЗІ і кансультацыя ў кардыёлага абверглі хваробу сэрца, якая запісана ў медкартцы за 2010 год. Раней яе называлі адной з прычын, па якой не выдалі пасведчанне кіроўцы.
У канцы мая Аляксандр пачаў праходзіць медкамісію ў звычайным парадку. Ён атрымаў заключэнне тэрапеўта, прайшоў псіхіятрыю-наркалогію. Засталося прайсці непасрэдна камісію для кіроўцаў: оталарынголага, афтальмолага, хірурга, неўролага. З-за паторгванняў, якія раённы неўролаг лічыць сімптомам ДЦП, Аляксандра гарадская паліклініка накіравала на поўнае медыцынскае абследаванне.
— А як я ездзіў некалькі гадоў і мне падпісвалі спраўкі? Урач: «Вы ездзілі па пункту ад 2008 года, а ў 2016 годзе ўступіў новы». Уступіў у сілу ў 2016 годзе, а пасведчанне забралі пасля трох гадоў кіравання і занясення ў заключэнне няправільнага дыягназа ў 2014. Як так? Атрымліваецца, зноў незразумела, па якой прычыне забралі правы ў 2014.
Аляксандр паспяхова прайшоў абследаванні. Абласны неўролаг напісаў, што ўсё ў норме, акрамя ДЦП. РНПЦ экспертызы і рэабілітацыі ў 2014−2015 змянілі першую ступень ДЦП на другую.
— У заключэнні загадчыка аддзяленнем неўралогіі абласной паліклінікі стаіць усё тая ж другая ступень цяжару ДЦП, якая фармулюецца ў медыцынскіх крыніцах як «перамяшчэнне пры дапамозе прыстасаванняў або з суправаджэннем». Гэта ён напісаў чалавеку, які на горным ровары з поўным фотазаплечнікам да яго прыехаў, — усміхаецца Зімін.
Абскарджваць рашэнне РНПЦ — толькі праз суд
Рашэнне па справе прыймала ЦВКК. Там Аляксандру сказалі, што рашэнне РНПЦ можна абскардзіць толькі праз суд. У заключэнні РНПЦ гэта павінна быць сказана, але нічога адносна абскарджвання ні ў адным дакуменце не ўказвалася. Атрымліваецца, час і грошы (не ўсе абследаванні бясплатныя) на паўторную камісію вытрачаныя дарма.
— Яны сказалі: «Аляксандр Яўгенавіч, вы нічога і нікога не маглі праходзіць для абскарджвання рашэння РНПЦ. Гэта робіцца толькі праз суд. А ўсё, што вы рабілі - гэта ваша асабістая ініцыятыва. Вы ў добраахвотным парадку праходзілі абследаванні, самі вырашылі прайсці вадзіцельскую камісію, калі павінны былі ведаць, што ніхто вам яе не падпіша».
Аляксандр збіраецца абскардзіць рашэнне ЦВКК у РНПЦ, але рыхтуецца да ранейшага іх адказу. Тады будзе абскарджваць адказ РНПЦ у судзе. Яшчэ адна магчымасць — адвучыцца ў школе кіроўцаў у Расіі і атрымаць правы там. Аляксандр збіраецца з’ехаць, калі не атрымае правы ў Беларусі.
Пасведчанне кіроўцы — справа прынцыпу
Аляксандр кажа, што без магчымасці ў любы момант змяніць абстаноўку шмат губляе творчасць — фатаграфія, музыка, паэзія. А таксама рамонт у доме і грамадская дзейнасць.
— Яшчэ адна прычына — справа прынцыпу, — кажа Аляксандр. — Пасведчанне было атрымана законным чынам нароўні са здаровымі навучэнцамі. Атрымана коштам вялікіх намаганняў, бо недавер і перашкоды былі з першых дзён. Тры гады, за рулём без адзінага інцыдэнту, надзеі і планы на будучыню — сур’ёзная нагода змагацца за пасведчанне. Гэта важна не толькі для мяне, але і для іншых інвалідаў.
У пункце 3 Пастановы № 30 Міністэрства аховы здароўя за 2016 год пазначаны новыя патрабаванні. Пытанне наконт людзей з пэўнымі захворваннямі вырашаецца ў індывідуальным парадку з абавязковым клінічным абследаваннем.
— На практыцы пра індывідуальны падыход не ідзе і гаворкі. Усё шаблонна. Ніякія доказы не прымаюцца ў разлік: досвед кіравання аўтамабілем, мноства хобі, якія паказваюць магчымасці цела, контраварыйная падрыхтоўка. Любыя тэсты ў кабінеце лекараў праходзяцца, але заключэнне застаецца тым жа, бо ў РНПЦ так сказалі, — кажа Аляксандр.
Каментар юрыста
Сяргей Драздоўскі, кіраўнік ППУ «Офіс па правах людзей з інваліднасцю»:
Гэта паказчык, як сістэма «сацыяльнай абароны» настроена выключыць чалавека, а не ўключыць у жыццё. Замест дапамогі і падтрымкі ў жаданні рэалізаваць свой патэнцыял Зіміну выставілі бар’ер. Камісія павінна ацэньваць функцыянал, а не пералік дыягназаў. Сэрца — гэта сур’ёзны аргумент супраць. Але дыягназ знялі. Тое, што Зімін прайшоў лекараў - аргумент для суда значны.
Мяркую, што інфармацыя пра аспрэчванне рашэння РНПЦ толькі ў судзе, была ў іх паведамленні Зіміну. Ён мог не надаць гэтаму значэння. Перспектывы суду прывідныя. На жаль, у нашай краіне адсутнічае інстытут незалежных экспертаў. А таму ў суддзі на стале будзе экспертнае заключэнне МРЭК. Вынік амаль відавочны. Статыстыка паспяховых абскарджанняў бязлітасная — 2%.
Часта спецыялісты МРЭК не маюць пасведчання кіроўцы. Якасці чалавека ацэньваюцца на меркаванне медыкаў. Як такога пераліку функцыянальных патрабаванняў да кіроўцы няма. Таму медыкі кіруюцца суб’ектыўнымі паказчыкамі. Адмовы, як правіла, суправаджаюцца гіпатэтычнымі здагадкамі («…не зможа ўтрымаць…», «…а як ён будзе гэта рабіць…»). Невядомыя выпадкі, калі сябры камісіі селі ў рэальную машыну і ацанілі здольнасці ваджэння. Медкамісія павінна праходзіць з выкарыстаннем спецыяльных трэнажораў і седзячы за рэальным рулём.
Гэта тычыцца не толькі ДЦП, але і іншых парушэнняў. Адносна ж Зіміна — рашэнне прыймалася па дыягназу.