З таго часу, як пальчаткавая фабрыка «Акцэнт» канчаткова з’ехала з будынку па вул. Маставая, 31, у памяшканні сталі заселяцца розныя арандатары. Толькі піцейных устаноў тут працуе шэсць, хутка адкрыецца сёмая. Лакацыя становіцца ўсё папулярней, а таксісты і звычайныя вадзіцелі ператвараюць пешаходную вуліцу ў праезную частку і зону для паркоўкі.
Таксісты ездзяць па пешаходнай частцы вуліцы Маставой часцей за ўсё ноччу або ранняй раніцай. Але некаторыя дазваляюць сабе ездзіць па пешаходнай зоне нават у працоўны час.
Вадзіцеляў не бянтэжыць ні знак «Пешаходная зона», ні тое, што па плошчы ходзяць людзі, ездзяць ровары і сігвэі.
Згодна з ПДР, у пешаходнай зоне можа рухацца толькі транспарт дарожна-эксплуатацыйнай і камунальнай службаў, аўтамабілі з нахіленай белай паласой на бартах, а таксама транспарт, які абслугоўвае размешчаныя тут арганізацыі або людзей, якія жывуць тут, а таксама транспарт, які належыць людзям, якія жывуць тут, пры адсутнасці іншых магчымасцяў пад’езду.
Прыклад: 18 чэрвеня 2019 у 15:03 аўтамабіль таксі заехаў на плошчу.
Даехаў прыблізна да крамы «Раніца», а праз дзве хвіліны вяртаўся.
Пад’ехаць да будынка фабрыкі можна не парушаючы правілаў, заехаўшы праз двор з боку вул. Давыда Гарадзенскага.
Дарога вядзе прама да будынка, выезд на саму плошчу немагчымы. Нядаўна дзякуючы скаргам жыхароў суседняга дома там з’явіліся бетонныя буйкі.
Жыхары адзначаюць, што ўначы многія вадзіцелі дазваляюць сабе заехаць пад будынак праз пешаходныя пераходы.
Ноччу пляцоўка перад установамі ператвараецца ў вялікую паркоўку. Жыхары дома № 33 даслалі ў рэдакцыю відэа.
Такое яны бачаць кожную ноч па пятніцах і суботах, прыблізна з поўначы да чатырох раніцы. У будні машын збіраецца менш.
Стаянку ва ўнутраным дворыку адкрыць для ўсіх нельга
На відэа бачна, што акрамя таксістаў, якія прывозяць і забіраюць пасажыраў, хапае і звычайных кіроўцаў, і матацыклістаў. Музыка з аўто і гукі выхлапных труб не даюць заснуць, скардзяцца жыхары бліжэйшага дома. Яны кажуць, што прапаноўвалі кіраўніцтву фабрыкі адкрыць для наведвальнікаў стаянку за фабрыкай і ўезд ва ўнутраны дворык. Але ім адмовілі.
У «Акцэнт» карэспандэнта Hrodna.life запэўнілі, што адкрыць паркоўку і ўнутраны дворык яны не могуць, бо паркоўка платная і прызначана для арандатараў. Арэндадаўца нясе адказнасць за захаванасць пакінутых там аўто. Унутраны дворык прадугледжаны для зоны адпачынку, там будуць летнія пляцоўкі кафэ. Застаецца толькі пажарны праезд.
Акрамя таго, кіраўніцтва ўпэўнена, што адкрыццё паркоўкі для ўсіх жадаючых праблему не вырашыць, бо відавочна, што жадаючым пакрасавацца на аўто перад моднымі ўстановамі такі варыянт будзе папросту не цікавы. А ў вадзіцеляў таксі і зараз ёсць два шляхі, каб пад’ехаць да будынка не парушаючы правіл: з боку Давыда Гарадзенскага або Замкавай. Але шмат хто з іх чамусьці ўсё роўна выбірае іншы варыянт.