У 500 метрах ад плота, узведзенага на польскім баку мяжы з Беларуссю, стаіць вёска Азяраны Малэ. Зараз у ёй пастаянна жывуць усяго трое жыхароў, яшчэ пара чалавек прыязджаюць сюды перыядычна. Але ўжо некалькі тыдняў вёска не сыходзіць са старонак польскіх выданняў. Уся справа ў незвычайнай ініцыятыве мясцовага солтыса (старасты) Лешака Скродскага. Ён прапанаваў усім ахвотным перасяліцца ў вёску і выкладвае на YouTube відэа пра тое, як прывольна жыць у Азяранах. Мы паглядзелі ролікі, што зачароўваюць, і таксама адправілася ў вёску.
Рэдакцыі Hrodna.life і MOST працягваюць сумесны праект пра людзей, з’явы і падзеі па абодва бакі беларуска-польскай мяжы.
Дабрацца да Азяран без машыны няпроста. Аўтобусы сюды не ходзяць, а сама вёска нібы згубілася сярод лясоў, узгоркаў і некалькіх азёр — дзякуючы ім яна і атрымала сваю назву.
У Азяраны нас падвозіць Лешак Скродскі. Шлях ляжыць праз Баброўнікі — калісьці тут працаваў памежны пераход праз беларуска-польскую мяжу, але з лютага 2023 года рух праз яго закрыты. Так Польшча адрэагавала на прысуд актывісту польскага паходжання і журналісту Анджэю Пачобуту.

Лешаку 57 гадоў, нарадзіўся ён на Мазурах, на паўночным-усходзе Польшчы, але амаль усё жыццё пражыў у Беластоку — працаваў у паліцыі. Выйшаўшы на пенсію, мужчына стаў старастам вёскі, адкуль родам яго жонка.
Па дарозе нас спыняюць памежнікі. Здаецца, зараз прыйдзецца паказваць дакументы і тлумачыцца, што мы робім у кіламетры ад беларускай мяжы. Але аказваецца, памежнікі проста хочуць пагутарыць з Лешакам: ім цікава даведацца, што змянілася ў вёсцы, пасля таго, як пра яе загаварыла ўся Польшча. Ды і журналісты іх не здзіўляюць. Калі ролік пана Скродскага прыцягнуў усеагульную ўвагу, здымаць рэпартажы ў Азяраны прыязджаюць па некалькі разоў на тыдзень. А ў старасты цяпер шчыльны расклад.

З Англіі — у Баброўнікі, каб быць бліжэй да бабулі
Не праехаўшы і некалькіх сотняў метраў, заўважаем групу вайскоўцаў. Яны, разваліўшыся на лавачцы, паляць. Лешак тлумачыць, што цяпер у ваенных перазменка — яны чакаюць, калі па іх прыедзе службовая машына.
— Я амаль усіх ведаю — яны купляюць у мяне тапінамбур, — расказвае солтыс.
Гэтую пасаду Лешак займае ўсяго паўгода, але, здаецца, у курсе ўсяго, што адбываецца ў Азяранах і ваколіцах. Лешак ахвотна распавядае, хто купіў закінуты дом у Баброўніках, ад чаго здохлі быкі ў хлопца з суседняй вёскі і хто ў дзяцінстве скраў з мясцовай царквы скрынку для ахвяраванняў.
— Гэта дом вельмі прыемнай пані Магдалены. Яна шмат гадоў пражыла ў Вялікабрытаніі, а потым прыехала ў Баброўнікі і купіла ўчастак, — Лешак пад’язджае да брамкі і некалькі разоў сігналіць.
Магдалена распавядае, што яе бабуля родам з Гродзеншчыны. Таму яна купіла дом у Баброўніках, каб быць бліжэй да сваіх каранёў. Цяпер у цёплы час года жанчына праводзіць заняткі проста на сваім участку — паказвае, як рабіць тканевых лялечак-крупенічак.
— А яшчэ я вышываю на вашым беларуским ільне. Узор сыходзіць каранямі ў гродзенскую традыцыю, — расказвае Магдалена.

Тэлевізар ёсць, але праграмы толькі беларускія
Нарэшце прыязджаем у Азяраны. Раней у вёсцы жыло да 200 чалавек, цяпер пастаянных жыхароў усяго трое. Лешак таксама прыязджае сюды толькі перыядычна, каб прывесці ўчастак у парадак.
Ён знаёміць нас са старажылам вёскі, 68-гадовым Ромакам, у мінулым вядомым на ўсю вёску і наваколле гарманістам.
— Вельмі таварыскі і разумны хлопец, — апісвае яго стараста. Каб залагодзіць і схіліць да размовы, Лешак частуе суседа каўбасой і булачкай.
Дом Ромака — самы вялікі і высокі ў вёсцы. Праўда, прыходзіць у запусценне. Нават туалета няма — Ромаку даводзіцца хадзіць у хлеў.
Унутры дома прахалодна. У кухні мыецца кот — убачыўшы нас, ён тут жа праслізгвае ў дзверы. У пакоі, дзе спіць Ромак, стаіць тэлевізар (праўда, ловіць толькі канал «Беларусь 1», а польскага тэлебачання Ромак не глядзіць). Некалькі абразоў на сценах, у кутах калышуцца павуцінкі.

Ромак на пенсіі — кажа, што на днях павінны прыйсці паштальён і прынесці грошы. Пенсія ў Ромака — усяго 800 злотых, гэта менш за палову ад устаноўленага ў Польшчы мінімальнага памеру. Стараста тлумачыць, што большая частка сумы сыходзіць на крэдыты, якія «нячэсныя людзі» аформілі на Ромака.
Сам мужчына амаль нікуды не выбіраецца, у яго моцна баляць ногі — ходзіць ён павольна, абапіраючыся на палачку. Ромак падазрае, што гэта спадчыннае: у яго бацькоў таксама былі праблемы з нагамі.
— Я беларус. Тут [у вёсцы] католікаў і няма. Была адна, але яна ўжо памерла. Ну і Лешак — але ён добры хлопец, — збіўчыва распавядае Ромак.

Мужчына ўспамінае, што раней у Азяранах было весела: маладыя ладзілі танцы, а Ромак акампанаваў ім на акардэоне.
Цяпер большасць жыхароў ужо памерла, іншыя раз’ехаліся ў гарады. З’ехалі і браты Ромака — адзін жыве ў Беластоку, другі — у Гродне.
— Мая жонка прадала мае інструменты, каб не граў. Сын таксама з’ехаў — не размаўляе са мной. А я ў Азяранах з нараджэння. Думаю, буду тут да канца — тут і пайду.

«Тры-чатыры месяцы — і мяжу адкрыюць»
Ад Азяран да беларускай мяжы — 500 метраў. Разгледзець плот, які падзяляе дзве краіны, няцяжка — бачная нават памежная будка і таблічка з надпісам «Granica Państwa» («Мяжа дзяржавы»).
З дома 73-гадовага Мірака беларускія лясы відаць добра. Мужчына прыехаў сюды дзевяць гадоў таму з Быдгашчы. Быў кіроўцам у адной мастачкі, завёз яе ў Азяраны, дык тут і застаўся. На будаўніцтва салатовага дома з жоўтымі вокнамі паляку спатрэбілася сто дзён — усё рабіў сваімі рукамі.

Жыццё ў прымежнай зоне асаблівых эмоцый у Мірака не выклікае: памежнікі і вайскоўцы яго не палохаюць, мігрантаў ён не бачыў ні разу.
— Тры-чатыры месяцы — і мяжу адкрыюць, — упэўнены ён.
За сваё жыццё Мірак паспеў пажыць у Варшаве, Берліне і Франкфурце. Ведае чатыры мовы: польскую, англійскую, нямецкую і рускую. Згаджаецца пагутарыць з намі і дазваляе зрабіць фота толькі пасля таго, як пераапранае працоўную кепку на саламяны капялюш. «Гэта чалавек Адраджэння», — характарызуе яго стараста.
Мужчына піша вершы, а яшчэ майструе драўляныя калкі і распісвае іх жартаўлівымі фразамі, якія можна перакласці, напрыклад, так: «Смела выкарыстоўвай, выкарыстоўвай з розумам — і неўзабаве цешча цябе пачне паважаць».


Чытайце таксама: З’ездзілі ў Белавежскую пушчу, падзеленую плотам, і даведаліся, што адбываецца па абодва бакі
Яшчэ адна жарсць Мірака — крокусы. На ўчастку ён высадзіў больш за тысячу кветак, некаторыя з іх ужо паспелі праклюнуцца — відаць жоўтыя пялёсткі. Пакуль мы з Міракам любуемся крокусамі, адбываецца страшнае: Лешак, жадаючы праверыць, ці не ўзышоў часнок, праходзіць проста па градцы з маладымі кветкамі.
— Ну, к*рва маць, што ты робіш? Крокусы! Два гады тут растуць і для чаго, каб ты іх патаптаў? — крычыць Мірак.
Лешак запэўнівае, што ніводнай кветкі ён не зачапіў.
На ўчастку Мірака красуецца драўляная інсталяцыя: праваслаўныя і каталіцкія крыжы, зорка Давіда і ісламскі паўмесяц. Мужчына зрабіў гэта сваімі рукамі як даніну памяці народам, якія жылі на гэтых землях.

Раней зараблялі кантрабандай, цяпер — гаспадаркай
Лешак паказвае нам адзіны цагляны дом у Азярэнах. Ён закінуты і паступова разбураецца — уцалела толькі адна сцяна. Пад казырком даху з цэглы выкладзены крыж.
— Пстрыкні (сфатаграфуй. — Заўв. Hrodna.life). Няхай людзі бачаць, што ўчасткі тут можна купіць, — просіць Лешак.

Цэны някепскія. За адзін надзел у суседняй вёсцы просяць 105 тыс. злотых, за другі — ён у прыватнай уласнасці — 170 тыс. злотых. Але гэта прапановы хутчэй для грамадзян Польшчы, замежнікам давядзецца цярпець, каб атрымаць дазвол МУС на куплю зямлі ў памежжы.
Насупраць разбуранага дома стаіць іншы — акуратны, з новым дахам і шклопакетамі. Па ўчастку бегаюць укормленыя куры, пухнаты кот старанна мыецца. Гэты дом належыць 59-гадоваму Янку. Але ў дзень нашага прыезду ён не ў гуморы — яму нядаўна выдалілі зуб.
— Ох і моцнае запаленне там было — шчака вось так уздзьмулася, — распавядае Лешак.
Янак на размову не настроены. Кажа, нярвуецца праз боль, да таго ж шмат працы па гаспадарцы. Мужчына жыве разам з братам — у таго ёсць кватэра ў Беластоку, але ён усё роўна аддае перавагу жыццю ў вёсцы.
Перш чым вы працягнеце чытаць гэты артыкул, калі ласка, падтрымайце рэдакцыю Hrodna.life, калі гэта бяспечна для вас. А калі ёсць магчымасць — аформіце рэгулярную падтрымку.
Мы працягваем працаваць для гродзенцаў ва ўсім свеце дзякуючы вашай падтрымцы!
Калі Янак быў маладзейшы, часта ездзіў у Бераставіцу — сумежны з Баброўнікамі пункт пропуску з беларускага боку мяжы. Адтуль прывозіў спірт і цыгарэты на продаж, так і зарабляў. Цяпер з гэтым стала складаней, прызнаецца мужчына. Але цалкам кантрабанду не закрыць: падчас размовы Янак дастае пачак цыгарэт «Мінск» — кажа, яна абышлася яму ў 11 злотых.
Цяпер Янак завёў гаспадарку — прадае яйкі па 2 злотыя за штуку і трымае бараноў. Ён лічыць, што іх мяса значна смачнейшае і карыснейшае за свіное.

«Хачу, каб сюды прыязджалі людзі»
У канцы вёскі стаіць дом Лешака. Зараз там ідуць працы — стараста стварае агратурыстычны комплекс. Але праз блізкасць да мяжы і вялікую колькасць вайскоўцаў ахвотных спыніцца ў Азяранах амаль няма. Бізнес ідзе туга.
Тым не менш Лешак старанна рыхтуецца да прыезду гасцей. Плоцік ён упрыгожыў фатаздымкамі, на дрэвы павесіў лямпачкі, а па ўчастку расставіў пластыкавых фламінга. Дзве драўляныя фігуркі, бабулі і дзядулі, Лешак зрабіў, натхніўшыся сваімі цесцямі.

Домікі для турыстаў стараста будуе за свае грошы. Яму нават давялося паехаць у Германію на заробкі. Паўгода Лешак працаваў апекуном, дапамагаў пажылым людзям з дэменцыяй.
— Еўрасаюз ні капейкі не даў. З гмінай таксама няпроста цяпер. Ім не падабаецца, што я стаў гаварыць пра праблемы вёскі ўголас. А я проста хачу, каб сюды прыязджалі людзі і каб Азяраны не вымерлі, — тлумачыць Лешак.

Зараз у адным з домікаў старасты жыве беларус Уладзімір (імя зменена). Мужчына дапамагае Лешаку ў будаўніцтве.
— Зараз з’явілася шмат людзей, якія хочуць скарыстацца дабрынёй Лешыка. А ён такі чалавек, якому складана адмовіцца, — усім дапамагае, — распавядае Уладзімір.
Мужчына марыць стварыць з Азяранаў месца, куды змаглі б прыязджаць беларусы.
— Калі не атрымалася ў сваёй краіне, няхай тут маленькую і бяспечную Беларусь створым, — дадае Уладзімір.

«Тапінамбур вылечыць усё, акрамя смерці»
Напярэдадні здарыўся моцны вецер — ён патрапаў рэкламныя банеры, на якіх напісана, што ў вёску праведзены інтэрнэт. Лешак іх старанна папраўляе.
Усталяваны ў вёсцы і грамадскі туалет. Унутры — фатаграфія двух жыхароў Азяран, якія ў 1920-х гадах уступілі ў шэрагі чырвонай арміі.


Лешак апрацоўвае палі тапінамбура. Па словах старасты, расліна валодае амаль што магічнымі ўласцівасцямі. Стараста нават паставіў драўляную таблічку «Тапінамбур вылечыць усё, акрамя смерці». Мужчына частуе нас квашаным, марынаваным і свежым тапінамбурам.
— Я яго прадаю, атрымліваецца нядрэнны даход — 25 злотых за слоічак. Адпраўляю па ўсёй краіне праз пачкаматы, — тлумачыць Лешак.

Пакуль ва ўладанні мужчыны чатыры ўчасткі. Ён хацеў было купіць яшчэ адзін, але для гэтага прыйшлося б размяняць кватэру ў Беластоку — жонка на такі крок не рашылася.
Тапінамбуравыя палі падыходзяць ушчыльную да мяжы. Лешак вязе нас на машыне — адлегласць паміж яго ўчасткам і плотам імкліва скарачаецца. Становіцца не па сабе, і мы просім старасту прытармазіць.
— Гэта мая зямля. Што хачу, тое на ёй і раблю. Магу і так, і вось так ездзіць, няхай глядзяць, — Лешак выпісвае крутыя віражы па полі.

«Тое, што зараз адбываецца, — адказнасць палітыкаў»
Лешак вязе нас па ўскраінах вёскі. Мы падымаемся на высокі пагорак — з яго бачныя і польскія лясы, і пабудовы на беларускім баку. Імаверна, яны знаходзяцца на тэрыторыі вёскі Дзіневічы. Па словах старасты, раней жыхары польскага боку хадзілі на працу ў беларускія сельсаветы.
На пагорку стаіць невялікая самаробная хаціна, абцягнутая клеёнкай. Унутры — дзве лаўкі і пустыя пластыкавыя бутэлькі.
— Тут вайскоўцы сядзелі. Адзін дрон прыляціць — і няма ні хлопцаў, ні доміка, — задуменна кажа Лешак.

Сонца паступова садзіцца за гарызонт. Стараста адзначае, што ў Азяранах самае чыстае неба і самыя прыгожыя заходы. На беларускім баку мяжы запальваюцца агні.
— Я не дзялю людзей на беларусаў, палякаў, украінцаў. Заўсёды кажу: ёсць людзі дрэнныя, а ёсць добрыя. А тое, што зараз адбываецца, — адказнасць палітыкаў і дыпламатаў, якія, відаць, не вельмі добра вучыліся сваёй справе, — кажа ён.
Чытайце таксама: Як (не) працуе буферная зона. Пра рэальную сітуацыю на польска-беларускай мяжы распавяла актывістка Малгажата Рыхарска
Хто і як ратуе вёскі, якія выміраюць у Беларусі
Выміранне вёсак — не толькі польская праблема. Згодна з інфармацыяй Нацыянальнага статыстычнага камітэта Беларусі, за апошнія пяць гадоў з карты краіны знікла 75 вёсак. Калі ў 2020 годзе колькасць населеных пунктаў складала 23 265, то да 2024 года іх засталося 23 191, а да 2025-га — 23 190.
З студзеня 2023 года ў Беларусі дзейнічае Адзіны рэестр пустых дамоў. Будынкі, у якіх ніхто не жыве, могуць прызнаць адчужанымі, уключыць у рэестр, а потым прадаць з аўкцыёну або знесці. На 1 студзеня 2025 года ў Гродзенскай вобласці было 4513 такіх дамоў. Калі дом доўга не цікавіць пакупнікоў, то цану могуць знізіць нават да адной базавай — 42 рублі. Па такой цане ў 2024 годзе на Гродзеншчыне прадалі 202 дамы. Знеслі ў 2,5 раза больш.
З лютага 2025 года Мінпрацы рэалізуе фінансавую праграму падтрымкі для тых, хто перасяляецца жыць у вёску. Людзям гатовыя выплачваць 9-кратны памер бюджэту пражытковага мінімуму — крыху больш за 4 тыс. рублёў. Пры гэтым на новым месцы чалавек прэтэндуе на працу. У рамках праграмы паміж перасяленцам, службай занятасці і працадаўцам заключаецца трохбаковы дагавор.
Зрэшты, ёсць у Беларусі людзі, якія гатовыя аднаўляць вёскі і без дзяржаўных субсідый. Напрыклад, 11 гадоў таму бізнесмен Павел Радзюкевіч вырашыў аднавіць вёску Ціневічы Гродзенскай вобласці — і выкупіў амаль усе дамы ў ёй. Іх аднавілі, усталявалі шлагбаум і нават зрабілі офіс з рэцэпцыяй. Цяпер гэта турыстычная вёска «Белыя лугі» — нешта паміж этнаграфічным музеем, сялянскай гаспадаркай і адпачынкам у стылі «ўсё ўключана».
Ксенія і Міхаіл з Мінска ў 2023 годзе знайшлі дом у Мядзельскім раёне, на Блакітных азёрах. А потым купілі яшчэ адну хату, у Глыбоцкім раёне. Цяпер Міхаіл і Ксенія аднаўляюць абодва дамы, а паралельна развіваюць блог «Вёска Life» — у ім яны расказваюць пра тое, як можна адраджаць закінутыя вясковыя дамы.
— У любым выпадку вёскі будуць адраджацца ўжо зусім іншымі. Гэта не будуць дамы з прыбіральнямі на вуліцах. Людзі, якія цяпер купляюць старыя хаты, хочуць выгод: інтэрнэт, цёплая падлога. Амаль ніхто цяпер не будзе трымаць кароў, свіней. Гэта будуць новыя вёскі, — казаў Міхаіл.

Медыі ў выгнанні маюць абмежаваныя магчымасці зарабляць на рэкламе і прыцягваць партнёраў для сваіх праектаў. Калі ласка, падтрымайце нас, калі гэта для вас бяспечна.
Мы працягваем працаваць для гродзенцаў ва ўсім свеце дзякуючы вашай падтрымцы!