“Праблемы з азеляненнем ёсць паўсюль, але ў Беларусі гэта асабліва адчуваецца. Бо ў чыноўнікаў ёсць звычка “браць пад казырок”. У дэмакратычных краінах такога няма”, – кажа Марына Шульга (імя зменена), спецыялістка па біяразнастайнасці. “Лягчэй уключыць у зялёную зону горада частку лесу на ўскрайку, чым закладваць новыя паркі з сажалкамі на забетанаваных плошчах”, – тлумачыць Іван Шчадронак, спецыяліст з вобласці ўстойлівага развіцця гарадоў.

Азеляненне беларускіх гарадоў у справаздачах і па факце моцна не супадаюць. На гэта зважаюць не толькі незалежныя эксперты, але нават пракуратура. Чаму нашы гарады зялёныя толькі на паперы і як выправіць сітуацыю, эксперты распавялі для Hrodna.life.

Галоўнае ў гэтым артыкуле

  • У Беларусі існуюць сур’ёзныя праблемы з азеляненнем. З гэтым згодныя як эксперты, так і пракуратура.
  • Частка дрэў замяняецца фіктыўнымі высадкамі, а новыя планавыя саджанцы не атрымліваюць належнага догляду.
  • У Гродне і іншых гарадах назіраюць істотны разрыў паміж намечанымі паказчыкамі і рэальнымі вынікамі азелянення.
  • Фактычны ўзровень азелянення застаецца нездавальняючым, бо праекты часта не рэалізуюць з належнай якасцю.

Спосаб 1. Садзіць дрэвы на паперы

Самыя яскравыя прыклады фіктыўнага азелянення, па выніках праверкі пракуратуры, знайшліся ў Магілёве. Тут на адной з вуліц замест 79 туй высадзілі ўсяго 10. На другой планавалася жывая загарадзь з 200 кустоў, але не было знойдзена ніводнага.

Такія прыклады махінацый з фактамі ды абыякавага стаўлення да новых саджанцаў сустракаюцца па ўсёй краіне.

Чытайце яшчэ: Падрадчык у Гродне “пераацаніў” пасадку дрэў — умяшаліся ўлады

Спосаб 2. Пасадзіць дубчыкі

Замест нармальных саджанцаў у зямлю ўтыкаюць тонкія пруткі без шанцаў на выжыванне. І арганізоўваюць для СМІ цудоўную фотасесію з рыдлёўкамі. Як гэта робяць у Гродне – можна пачытаць тут, а ўбачыць свежае снежаньскае азеляненне на Фолюшы – тут. Калі потым узнікаюць пытанні, то адказ адзін – “не прыжылося”. Галоўнае, што бюджэт асвоены.

азеляненне ў Гродне - якія праблемы азелянення ў Беларусі
У снежні ў Гродне высадзілі каля 9000 кустоў. Фота: tvgrodno.by

Спосаб 3. Пасадзілі і забылі

Самае галоўнае пры такой пасадцы – гучная назва “акцыі” і парачка добрых фота кіраўнікоў раёнаў у новенькіх садовых пальчатках.

Далейшы лёс саджанцаў такіх “зялёных” акцый хвалюе рэдка – яркі прыклад таму юбілейная алея Ленінскага раёна, дзе засохла палова саджанцаў. Таму што іх не палівалі. Як гэта было – можна пачытаць тут. А магло быць і горш: пракуратура піша, што ад дрэннага нагляду гіне 30-70% саджанцаў ці нават больш.

Спосаб 4. Знайсці крайняга: як краў адзін гродзенец

Прычым крадзеж гэты павінен быць з асабліва гучным раскрыццём справы, каб дадаткова паказаць, як добра працуюць праваахоўныя органы.

Адзін з прыкладаў – гісторыя, як гродзенец скраў больш за 100 туй з чужых дач. Уся гродзенская міліцыя шукала яго восем гадоў! Толькі не выйдзе спісаць на яго ўсе “зніклыя” за гэтыя гады дрэвы – іх значна больш. Згодна з праверкай пракуратуры знаходзяцца яны відавочна не на лецішчы гэтага гараджаніна. А ці былі ўвогуле гэтыя дрэвы? Пракуратура не ўдакладняе.

“Азеляненне — дарагая і сістэмная работа”. 5 спосабаў (не) пасадзіць дрэвы ў Гродне, Брэсце, Магілёве і па ўсёй Беларусі
Скрадзеныя туі. Фота: Telegram-канал “102 Неман”

Спосаб 5. Пасадзіць у лепшым месцы

Гэты спосаб пасуе тым, хто любіць рызыкаваць, бо час ад часу на аматараў пераблытаць месцы добраўпарадкавання заводзяць крымінальныя справы за карупцыю і крадзяжы.

Вось, напрыклад, гісторыя з Брэста пра схемы крадзяжу грошай на добраўпарадкаванне вуліц. А тут – як у Гродзенскай вобласці крадуць у сельскай гаспадарцы. Мабыць, абапіраючыся на старую ўстаноўку, што дзяржаўнае – значыць нічыё.

Дрэвы садзяць абы-дзе – яны і не выжываюць

Ці насамрэч у азеляненні ў Беларусі столькі праблем? Так, пракуратура і абураныя гараджане маюць рацыю, – вынікае з каментара, які Hrodna.life дала спецыялістка па біяразнастайнасці Марына Шульга (імя зменена). У мінулым яна працавала з тэмай азелянення ў дзяржарганізацыі. На яе думку, праблема не столькі ў карупцыі, колькі ў безыніцыятыўнасці.

Спецыялістка адзначае, што, апрача ўказанняў “зверху”, для добрага азелянення трэба:

  • Старанна падбіраць віды і гатункі для азелянення: напрыклад, пазбягаць чужародных або інвазіўных відаў;
  • Падбіраць прыдатныя месцы і глебы: адны любяць сонца, іншыя аддаюць перавагу цені, адны пераносяць соль узімку, іншыя моцна пакутуюць.
  • У ідэале ўсе рашэнні па азеляненні павінны прымацца сумесна з вучонымі і спецыялістамі.
  • Кранаванае дрэва не павінна выглядаць як слуп, так робяць проста дзеля эканоміі, каб вяртацца да дрэва радзей,
  • Пасадкі павінны праводзіцца з улікам плошчаў пад азеляненне ў генплане з абавязковай яго экспертызай.

“А саджаюць … Часта як прыйдзецца – патрэбны кампенсацыйныя пасадкі пасля высечкі для забудовы? Трэба тэрмінова даць справаздачу, што іх правялі, таму саджаюць абы-што, не даглядаюць як след і яно не прыжываецца”, – заўважае Марына Шульга.

Для добрых вынікаў патрэбны захапленне сваёй справай, вопыт і кампетэнтнасць, а займаюцца азеляненнем часта людзі, якія рабілі раней нешта іншае, проста з прычыны прынятай у Беларусі сістэмы ратацыі кадраў.

Лягчэй напісаць прыгожыя лічбы, чым азеляніць бетонную пляцоўку

Ці будзе Гродна такім жа зялёным, як на старых фотаздымках? Напрыклад, у 2025 годзе ў Кастрычніцкім раёне плошча азелянёных добраўпарадкаваных тэрыторый аказалася ў два разы меншай за норму, хоць у 2024 годзе нарматыў азелянёных тэрыторый у Гродне перавышаў неабходны – 41,6% супраць патрэбных 40%.

За дзевяць месяцаў мінулага года па Беларусі высадзілі звыш 304 тысяч дрэў плюс кусты, як пішуць ва ўлётках для інфармацыйна-прапагандысцкіх груп у снежні. Але Гродна не ўвайшоў у спіс лідараў ні ў адным спісе.

Па выніках 2025 года БелТА адсправаздачылася, што высаджана амаль 50 тысяч дрэў і кустоў. Адкуль бяруцца такія лічбы, тлумачыць для чытачоў Hrodna.life Іван Шчадронак, старшыня праўлення Агенцтва падтрымкі ўстойлівага развіцця гарадоў і супольнасцяў «Інтэракцыя». Ён звяртае ўвагу на ўключэнне прылеглых да горада лясных зон у разліковыя гарадскія паказчыкі.

“Дзесьці паміж імі і будзе рэальная карціна, – кажа Іван Шчадронак. – Але хацелася б больш арыентавацца на міжнародную практыку, якая рэкамендуе павялічваць долі азялененых тэрыторый за кошт зялёных зон у пешай даступнасці”.

Рэкамендацыі СААЗ і падыходы, якія прымяняюцца ў краінах ЕС, заснаваныя на ідэі, што кожны жыхар горада павінен мець доступ да публічнай зялёнай зоны:

  • мінімальнага памеру, каля 0,5-1 га;
  • у межах 300 метраў;
  • ці 5 хвілін пешшу ад месца пражывання.

Выкананне такіх стандартаў залежыць ад волі горада, тлумачыць спецыяліст, бо горад прымае для сябе схему азелянення, вызначае падыходы да таго, як яна выконваецца, якія расліны садзіць і як пра іх клапаціцца.

“Азеляненне – гэта дорага, і гэта вялікая сістэмная работа, – падсумоўвае Іван Шчадронак. – Яна патрабуе шмат рэсурсу і ўдзелу грамадзян на стадыі планавання, з чым ёсць пытанні. Таму ў нас пакуль колькасныя паказчыкі дамінуюць. Лягчэй уключыць у гарадское азеляненне частку лесу на ўскрайку, чым праводзіць грамадскія абмеркаванні схемы азелянення і закладваць новыя паркі”.

озеленение