На прыгатаванне сняданку 2 траўня спатрэбяцца аўсяныя шматкі, яйкі, шампіньёны, курынае філе, сыр і гародніна. Час прыгатавання не перавысіць 30 хвілін. Кніга, з якой рэдактарка спецпраектаў Hrodna.life Ірына Новік рэкамендуе правесці дэгустацыю і наступны тыдзень — «Як пазбыцца маматута» ад паэткі Марыі Мартысевіч.

Аўтарка вызначае жанр твора як «дзіцячыя вершы для дарослых». Аўсянаблін да гэтай кнігі пасуе найлепшым чынам. Гэта страва — пераасэнсаванне дзіцячай аўсянай кашы да патрэбаў дарослага жыцця.

Гатуй хутка, еш павольна. Аўсянаблін з начыннем на выбар да нядзельнага сняданку
Прыкладны пералік прадуктаў для прыгатавання сняданку — аўсяныя шматкі, яйкі, грыбы і курынае філе, сыр мацарэла і гародніна для салаткі

Аўсяныя шматкі замачыць у халоднай вадзе. Вада мае закрыць іх цалкам. За 15 мінут шматкі набяруць дастаткова вільгаці. Гэтага часу хопіць, каб прыгатаваць начынне.

Маматут і аўсянаблін

Маматут і аўсянаблін — новыя словы і паняткі. Пра «маматут» ад імя героя кнігі Марыя Мартысевіч піша так:

У мяне жыццё капут.

Я паўсюль навідавоку:

Страшны монстр Маматут

Не дае ступіць ні кроку.

Калупаю пілкай кут —

Мама, ясна, тут як тут.

Са словам аўсянаблін — прыкладна такая ж сітуацыя. Палохацца яго не варта. Гэта амаль тая самая аўсянка, але прыгатаваная на патэльні.

Сняданак гатуецца на дзве порцыі з двума рознымі напаўненнямі. У адным будзе курынае філе і шампіньёны, у другім — сыр мацарэла і памідор з салодкім перцам.

Прадукты для аўсянабліна (на 1 порцыю)

Аўсяныя шматкі - 40 г

Яйка —1 шт

Аліўкавы алей (для жаркі) 1 ч.л.

Для начыння:

Варыянт 1 (на 1 порцыю): 50 г курынага філе, 50 г шампіньёнаў, 30 г сыру. Спецыі і соўсы дадаць па жаданню.

Варыянт 2 (на 1 порцыю): 50 г памідораў, 50 г салодкага перцу, 30 г сыру. Спецыі і соўсы дадаць па жаданню.

Начынне на выбар - усё што знайшлі ў халадзільніку

Найперш крышым філе, памяшчаем яго на разагрэтую патэльню з анціпрыгарным пакрыццём і накрываем крышкай. Крышым шампіньёны і дадаём на патэльню. Тушым начынне разам цягам 3−5 мінут. Можна дадаць спецыі. Начынне перакладаем у іншую ёмкасць. Патэльню мыем і ставім на агонь. Тым часам гатуем цеста для аўсянабліна.

Пакуль выпякаецца адзін блін, рыхтуем цеста і начынне для другога, а таксама крышым радыс для салаткі.

Для кожнага свой блін. Не комам

У кнізе тым часам малеча распавядае пра сваё жыццё і сваякоў. У бабуляў і дзядуляў вельмі розныя характары. Дзіцяці ад таго толькі лепш — з кожным па-свойму можна бавіць час.

Для дарослых на кухні гэта намёк — начынне для аўсянабліна можна абіраць кожны раз па-рознаму. Бананы і яблыкі, альбо рыба і рукала? што заўгодна! Начынні можна збіраць і камбінаваць, як у дзяцінстве кубікі лега.

Калі першы блін спёкся, памяшчаем на патэльню другі. Да першага дадаём начынне.

Гатуй хутка, еш павольна. Аўсянаблін з начыннем на выбар да нядзельнага сняданку
Аўсянаблін з курыным філе і шампіньёнамі

Другі блін таксама гатовы — з ім паўтараем тыя ж дзеянні.

Каб сыр усярэдзіне аўсянабліноў трохі падплавіўся, можна паставіць іх на паўмінуты ў мікрахвалёўку. Падаваць з салаткаю.

Гатуй хутка, еш павольна. Аўсянаблін з начыннем на выбар да нядзельнага сняданку
Аўсянаблін з гараднінна-сырным начыннем

Замест «смачна есці»

Кушай, рыбка, кушай, коцік.

Вось катлетка, вось кампоцік.

Не круціся, як ваўчок!

І не чвякай, парсючок!

Чытай больш: Гатуй хутка, еш павольна. Хачапуры на тварожным цесце і грэйпфрутавы фрэш для нядзельнага сняданку

Гатуй хутка, еш павольна. Панкейкі з гарбуза і ягадны смузі для нядзельнага сняданку

Готовь быстро, ешь медленно. Омлет, салат и брауни для воскресного завтрака

Готовь быстро, ешь медленно. Воскресный завтрак с кокосовыми сырниками и детективом

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life

Рэдактарка спецпраектаў, рэпарцёрка, фатографка і відэографка. У журналістыцы з 2015 года. Удзельнічала ў распрацоўцы канцэпцыі рэбрэндынгу выдання «Твой стыль» і стварэнні «Hrodna.life». Паводле адукацыі Ірына інжынер-механік, таму не цураецца тэхнічна-складаных фарматаў.

Найчасцей піша сацыяльныя рэпартажы. Любімая справа — вынаходзіць ровар і ставіць амбітныя мэты для ўсіх, хто не паспеў схавацца.

Матэрыялы Ірыны Новік былі адзначаны дыпломамі многіх конкурсаў.