Чаму эмігранты, якія імкнуцца трапіць у ЕС, не могуць застацца ў Беларусі, нават калі хочуць? Як Польшча адмаўляе большасці бежанцаў у абароне? Што адбываецца з людзьмі, якія захрасаюць на мяжы без магчымасці атрымаць хоць нейкі статус? Актывістка і сузаснавальніца праекта Hope & Humanity Poland Малгажата Рыхарска ў падкасце Outriders распавяла, з якімі праблемамі сутыкаюцца мігранты ў Польшчы і Беларусі. Рэдакцыя Hrodna.life праслухала падкаст і публікуе асноўныя тэзісы Малгажаты.
Малгажата Рыхарска — сузаснавальніца Hope & Humanity Polska, ініцыятывы, што дапамагае людзям, якіх выпіхваюць з Польшчы, і мігрантам, якія захраслі ў Беларусі. У 2023 годзе яна далучылася да Падляшскай Добраахвотнай Гуманітарнай Дапамогі і рэдакцыі канала аб памежных праблемах «Czaban robi raban».
- Як змянілася сітуацыя пасля смерці польскага памежніка і ўвядзення буфернай зоны
- Атрымаць сапраўдную інфармацыю аб падзеях на мяжы — усё складаней
- Большасці мігрантаў адказваюць у абароне
- Чаму да мігрантаў ставяцца так негатыўна
- З якіх краін едуць мігранты і як у іх атрымліваецца дабрацца да польскай мяжы
- Не хочуць ці не могуць? Чаму мігранты не застаюцца ў Беларусі
- Што адбываецца ў пункце пропуску «Цярэспаль»
- Нават пры пападанні ў Польшчу не ва ўсіх мігрантаў атрымліваецца легалізавацца
- «Я ніколі не з'еду з Польшчы». Гісторыі са шчаслівым фіналам таксама здараюцца
Як змянілася сітуацыя пасля смерці польскага памежніка і ўвядзення буфернай зоны
У канцы траўня 2024 года польскі памежнік атрымаў нажавое раненне — удар нанёс мігрант, які знаходзіўся за плотам на беларускім баку мяжы. У выніку памежнік загінуў.
Яшчэ да няшчаснага выпадку польскія ўлады паведамлялі аб намеры стварыць буферную зону ў памежжы. Смерць супрацоўніка стала канчатковым штуршком для яе ўвядзення — з 13 чэрвеня зона пачала дзейнічаць.
Малгажата Рыхарска лічыць, што пасля гэтых падзей сітуацыя з мігрантамі на мяжы рэзка абвастрылася. Валанцёрам складаней трапіць на мяжу і аказаць людзям дапамогу. Самі памежнікі не гатовыя нават ехаць да ўчастку мяжы, дзе, па інфармацыі валанцёраў, можа знаходзіцца мігрант, якому патрэбна медыцынская дапамога.
— Памежнікі як бы нам прама казалі, што ніхто там не з’явіцца без згоды кіраўніцтва і што пасля той атакі ніхто не падыдзе да плоту. На сённяшні дзень сітуацыя выглядае такім чынам, што мы проста не да канца ведаем, што там адбываецца. Ведаем, што ёсць шмат фактараў пераходу мяжы, як бы незалежна ад існавання гэтай зоны.
Малгажата прызнае, што валанцёрам усё складаней уплываць на працэсы: «Мы адкрыта кажам, што больш не маем ніякага ўплыву на сітуацыю». Пры гэтым актывістка дадае, што ўвядзенне буфернай зоны рэальна на вырашэнне праблемы не паўплывала.
Атрымаць сапраўдную інфармацыю аб падзеях на мяжы — усё складаней
У пачатку верасня прэс-сакратар Падляшскага аддзялення памежнай службы Катажына Здановіч заявіла, што за 30 дзён дзеяння буфернай зоны журналістам выдалі 97 дазволаў для доступу на ахоўную памежную зону. Яшчэ 23 дазволы атрымалі няўрадавыя арганізацыі.
Па словах Малгажаты, на практыцы сітуацыя выглядае інакш.
— Я ведаю, што актывісты з групы «Granica» спрабавалі атрымаць гэтыя пропускі, але сутыкнуліся з адмовай. Я таксама ведаю журналістаў, якім пропускі не выдалі.
Актывістка дадае, што нават калі знойдуцца журналісты, якім удасца атрымаць дазвол, рэальнай карціны ім усё роўна не пакажуць.
— Гэта будзе сафары з гідам. Тыя, хто туды трапляюць, апынаюцца ў загадзя падрыхтаваных дэкарацыях. У выпадках са СМІ гэта не мае нічога агульнага з аб’ектыўнай ацэнкай сітуацыі і доступам да інфармацыі.
Большасці мігрантаў адказваюць у абароне
Складанасць і драматычнасць сітуацыі яшчэ і ў тым, што мігранты не могуць атрымаць міжнародную абарону, кажа Малгажата. Палякі нават не прымаюць у іх заявы на абарону.
— Людзі, якія апынуліся на польскім баку і якія прасілі аб прытулку, пасля размаўлялі з намі зноў будучы па той бок плоту. Ім могуць аказаць медыцынскую дапамогу, але пасля зноў перакідваюць на беларускі бок. Тут лідарам аказаўся пункт памежнай службы ў Белавежы — нягледзячы на вельмі дакладныя просьбы аб прадастаўленні абароны, яны накіроўвалі людзей назад. Так што нават пры ўсмешлівым, дэмакратычным новым урадзе [маецца на ўвазе ўрад «Грамадзянскай кааліцыі», які сфармаваўся пасля выбараў у кастрычніку 2023 года — Hrodna.life], парушэнні правоў і невыкананні законаў могуць дасягаць сапраўды жахлівых маштабаў, — лічыць актывістка.
Чытайце таксама: На мяжы Беларусі з ЕС зноў неспакойна. Хто і за колькі дапамагае мігрантам і як у нашай краіне наказваюць такіх праваднікоў (гады ў калоніі і штрафы)
Чаму да мігрантаў ставяцца так негатыўна
Малгажата бачыць некалькі прычын кепскага стаўлення да мігрантаў. Першая з іх — нібыта пагроза «ісламізацыі Польшчы». Другая — стэрэатып аб тым, што мігранты, як правіла, з’яўляюцца парушальнікамі закону. Актывістка дадае, што польскае грамадства стамілася ад абмеркавання мігранцкага крызісу.
— Ёсць шмат страхаў, але ў асобных слаях грамадства прысутнічае і банальны расізм: вось калі б яны былі католікамі, ці калі б яны былі белымі і так далей.
Малгажата ўпэўнена, што радыкалізацыя правага крыла назіраецца не толькі ў Польшчы, але і на ўсей тэрыторыі Еўрасаюза.
— У шмат якіх еўрапейскіх краінах да ўлады прыходзяць вельмі правыя партыі і антыміграцыйныя настроі становяцца ўсё мацнейшымі.
З якіх краін едуць мігранты і як у іх атрымліваецца дабрацца да польскай мяжы
Нацыянальны склад людзей, якія прыбываюць да беларуска-польскай мяжы, перыядычна змяняецца, лічыць Малгажата. Зараз гэта пераважна выхадцы з краін Афрыкі: Эфіопіі, Эрытрэі, Самалі і Судана. Па-ранейшаму на мяжы застаюцца людзі з краін Бліжняга Усходу: Сірыі, Ірака і Емена.
Па словах актывісткі, мадэль, па якой мігранты трапляюць на мяжу, застаецца нязменнай апошнія два гады.
— Мігранты спрабуюць трапіць у Расію па кароткатэрміновых візах. Затым яны едуць у Беларусь і ўжо адтуль імкнуцца трапіць у больш бяспечныя краіны.
Не хочуць ці не могуць? Чаму мігранты не застаюцца ў Беларусі
Малгажата падкрэслівае, што працэс легалізацыі ў Беларусі для мігрантаў вельмі складаны. Зараз яна ведае некалькі дзясяткаў чалавек, у якіх усе ж атрымалася запусціць працэс атрымання абароны — часта гэта сем'і з дзецьмі, людзі з інваліднасцю, людзі ў драматычнай сітуацыі. Але Малгажата лічыць, што гэта не сістэмныя вынікі, а проста ўдалы збег абставін.
— Калі ў Беларусі наўпрост прыйсці з вуліцы ў міграцыйны офіс і папрасіць абарону, усё можа скончыцца затрыманнем або арыштам. У лепшым выпадку вас выганяць на вуліцу.
У выпадку, калі заяву чалавека ўсё ж прымаюць, ён можа разлічваць на восем месяцаў легальнага знаходжання ў краіне.
— Беларусь не прадастаўляе абароны нікому. Вы праходзіце гэтую працэдуру, а праз шэсць месяцаў паступае адмоўны адказ. Яго можна абскардзіць і тым самым выйграць яшчэ два-тры месяцы. Па іх заканчэнні вы атрымліваеце другую адмову і загад пакінуць Беларусь.
Актывістка дадае, што атрымаўшы загад аб выездзе з Беларусі, чалавек можа звярнуцца па выязную візу. Яна выдаецца тэрмінам да пяці дзён і ў гэты перыяд трэба легальна выехаць з Беларусі і звярнуцца да польскіх або літоўскіх памежнікаў і папрасіць абароны.
— Таму што калі ў чалавека не будзе выязной візы, беларускія памежнікі яго проста затрымаюць і яму давядзецца чакаць дэпартацыі з Беларусі ўжо ў зняволенні, — дадае Малгажата.
Што адбываецца ў пункце пропуску «Цярэспаль»
Сітуацыю ў пункце «Цярэспаль», дзе польскія памежнікі адмаўляюцца прапускаць мігрантаў, якія хочуць атрымаць у Польшчы абарону, Малгажата называе «сімптаматычнай». Яшчэ да пачатку гібрыднай вайны праз «Цярэспаль» часта не прапускалі на тэрыторыю Польшчы чачэнскіх мігрантаў.
— У студзені гэтага году мы рызыкнулі дзеля першай сям'і - людзі знаходзіліся ў поўнай паніцы, а на руках у іх ужо быў загад пакінуць Беларусь пасля адмовы ў прадастаўленні абароны. Гэта была сям’я з Ірану з двума дзецьмі, — распавядае актывістка. Гэта была хрысціянская сям’я — і дэпартацыя на радзіму ў Іран была бы для іх сапраўды небяспечнай.
— Таму яны былі гатовы пайсці на ўсё, каб выратавацца. Разумеючы, што іншых варыянтаў у нас няма, мы разам з валанцёрамі вырашылі разгледзець магчымасць падачы заявы на прытулак пры перасячэнні мяжы.
З таго часу ў Малгажаты і яе каманды атрымалася дапамагчы ўжо 55 людзям. Актывістка называе гэта цудам.
— Шанцуе не ўсім, у асноўным людзей выштурхваюць [назад у Беларусь]. Але нават тыя, хто знаходзяцца ў прымежным лесе, могуць пісаць заявы на прытулак — іх прымаюць і апрацоўваюць. Але пакуль 55 чалавек за восем месяцаў.
Нават пры пападанні ў Польшчу не ва ўсіх мігрантаў атрымліваецца легалізавацца
Актывістка прыводзіць некалькі прыкладаў, калі праз некалькі месяцаў побыту ў Польшчы мігранты ўсё ж вырашаліся з’ехаць у іншую краіну. У гэтым ёсць некалькі прычын: жорсткія ўмовы ўтрымання ў міграцыйных цэнтрах, забарона на працу і непразрыстая сістэма легалізацыі.
— Давайце не будзем сябе падманваць у тым, што пачаць самастойнае жыццё ў Польшчы лёгка. З працэдурнага пункту гледжання гэта вельмі складана. Напрыклад, людзям неабходна з’явіцца на размову па статусе бежанца — калі яны гэтага не зробяць, то страцяць шанец на станоўчае рашэнне. Але не заўсёды ў іх ёсць грошы на тое, каб з аддаленага гораду дабрацца да Варшавы на такую размову. Акрамя таго, ім патрабуецца мабільны тэлефон і аплачаны інтэрнэт. А ў міграцыйным цэнтры яны атрымліваюць на жыццё толькі 70 злотых у месяц.
Некаторым людзям даводзіцца па некалькі месяцаў чакаць медыцынскай дапамогі, іншыя не могуць уладкавацца на працу. На думку Малгажаты, гэтыя фактары становяцца ключавымі, з-за якіх мігранты імкнуцца пакінуць Польшчу як мага хутчэй.
«Я ніколі не з’еду з Польшчы». Гісторыі са шчаслівым фіналам таксама здараюцца
Малгажата адзначае, што часам бываюць і гісторыі са шчаслівым зыходам. Перыядычна людзі, якім актывістка дапамагала ў перасячэнні мяжы і наступнай легалізацыі, дасылаюць ёй фота і відэа ўжо з новага жыцця. Мігрантам удаецца знайсці працу і арандаваць жыллё. Яны задаволеныя жыццём у Польшчы.
— Нядаўна я размаўляла з такімі хлопцамі з Афрыкі, якія могуць сказаць: «Я ніколі не з’еду з Польшчы». Адзін з іх даслаў мне відэа, знятыя ў памяшканні для рабочых, бачна нейкую машыну. І для яго гэта проста неверагодна. Ён кажа: «Гэты працадаўца такі мілы». А ты слухаеш і думаеш: гэта ён пра Польшчу кажа?