17-гадовы Юзэф сам намаляваў паштоўку з відам Старога замка для Сяргея Ціханоўскага. Кажа, гэта адзінае, што ён зараз можа зрабіць для блогера. Юзэф і некалькі іншых гродзенцаў 18 чэрвеня адправілі паштоўкі і лісты зняволеным у Мінск.

«Чакаем на свабодзе. Запрашаем у госці», — піша Юзэф. Гэта першая паштоўка, якую ён высылае ў сваім жыцці.

«Вядома, нязвыкла. Цяпер усе прывыклі да электронных паведамленняў. Але сітуацыя прымусіла не толькі ўпершыню падпісаць паштоўку, але і намаляваць яе. Сяргея Ціханоўскага затрымалі несправядліва. Мая паштоўка — гэта падтрымка, гэта салідарнасць».

Самаробная паштоўка для Сяргея Ціханоўскага

Гродзенцы Вольга і Сяргей Верамеенкі выслалі ў Мінск адразу некалькі паштовак. Яны заўсёды падтрымліваюць палітвязняў.

Так падпісана адна з іх паштовак, адрасаваная Паўлу Севярынцу:

«Павал, вітаем! Спадзяемся што хоць гэта паштоўка да цябе дойдзе. Мы ўсё ведаем! Молімся за цябе і ўсіх астатніх. Жыве Беларусь! Слава Героям!»

«Мы заўсёды падтрымліваем палітвязняў і тых, каго не прызналі такімі. Сёння гэта самае малое і самае бяспечнае, што можа зрабіць любы чалавек. Такія паштоўкі - гэта вельмі вялікая каштоўнасць для людзей за кратамі. Гэта падтрымка, гэта салідарнасць. І цяпер такіх людзей шмат. Нават, калі да палітвязняў не дойдуць паштоўкі, іх убачаць супрацоўнікі міліцыі - ахоўнікі. Я ўпэўнена, яны бачаць гэтую падтрымку і чытаюць паштоўкі. Ёсць надзея, што да іх таксама дойдзе, што трэба нешта мяняць у гэтай краіне і што годныя людзі цяпер за кратамі», — сказала Вольга Верамеенка.

Паштоўка ад сям'і Верамеенкаў для Паўла Севярынца

Паштоўкі падпісвалі гродзенцы і на пікеце за вылучэнне Святланы Ціханоўскай у кандыдаты ў прэзідэнты Беларусі. Вось так падпісана адна з іх:

«Ребята Тихановцы!!! Я, Олег из Гродно, волонтер, прибился и иду с Вами в ногу, несу свои тапки!!! Держитесь!!!»

а пікеце сябры ініцыятыўнай групы і валанцёры расказалі, што адпраўляюць паштоўкі як ад сябе, так і ад людзей, які выказваюць салідарнасць. «Мы хочам, каб хлопцы ведалі, што мы пра іх не забыліся», — сказала валанцёр Юлія.

Рэпарцёр, фатограф, краязнаўца. Самы хуткі журналіст Гродна на ровары. Руслана і яго ровар ведаюць многія гараджане: ад чыноўнікаў да бамжоў. Падчас службы ў войску быў разведчыкам, а цяпер даказвае, што выведнік былым не бывае. Працуе ў Hrodna.life з 2013 года, калі сайт яшчэ працаваў пад брэндам «Твой стыль». У канцы 2018 выдаў кнігу «Горад адзін, успаміны розныя», дзе сабраў успаміны гродзенцаў пра 1930−40-я гады.