Павел не хацеў ісці ў войска, бо там не плацяць грошай і праз канфліктнасць — гэта магло б скончыцца трагедыяй. Дзмітрый не хацеў «касіць па псіхушцы», але ўсё менавіта так і выйшла. Аляксандр атрымаў дыплом у 26,5 гадоў і ледзь было не пайшоў у войска, але лекар сказаў, што з яго хваробамі «даўно пара на могілкі». Hrodna.life сабраў гісторыі пра тое, як гродзенцы (ўдала) адкасілі ад арміі.
Гэты матэрыял падрыхтаваны дзякуючы вашай падтрымцы на Patreon
Hrodna.life працуе для вас. Калі вам падабаецца наша выданне, калі ласка, падтрымайце нас, стаўшы падпісчыкамі на Patreon. Гэта дазволіць нам рыхтаваць яшчэ больш цікавых аўтарскіх матэрыялаў.
Павел: «У войску не хацеў служыць, бо там не плацяць грошай»
«Позву я атрымаў, як сыну споўнілася тры гады. Ва ўніверы я аднавіўся, але гэта ўжо не „адмазвала“, так што я і яго кінуў. Хадзіў я туды [у ваенкамат — Hrodna.life] доўга. Адзін ці два прызывы пракаціла абвастрэнне ўсякіх гастрытаў і іншае», — успамінае Павел.
Восеньскі прызыў 2022 года пачаўся ў жніўні і працягнецца да канца лістапада. 1 снежня прызваных накіруюць па месцы службы.
У Гродзенскай вобласці гэтай восенню папоўняць шэрагі Узброеных Сіл каля 1300 юнакоў. Падчас вясновага прызыву 2022 года па ўсёй Беларусі прызвалі каля 10 000 чалавек.
«Мяне моцна стамляла сядзенне ў майтках і шкарпэтках без майкі ў калідоры падчас камісіі, так што я прыйшоў туды ў джынсах, але без бялізны, справядліва мяркуючы, што голым сядзець не прымусяць», — распавядае Павел.
У выніку на яго накрычаў хірург, сказаў выйсці і зайсці ў трусах. Павел спытаў, у каго ўзяць іх у арэнду.
«Я ніколі і не хаваў, што круціў іх на х*ю, у прынцыпе. У тыя блаславёныя гады — каля 2010-х — можна было шчыра казаць, што адчуванні пагрозы ад агрэсіўнага блока НАТА ў мяне аслабленыя, як і імунітэт».
Адзін з самых папулярных спосабаў не ісці ў войска — быць непрыдатным па стане фізічнага або псіхічнага здароўя. Патрабаванні да стану здароўя ваеннаабавязаных апісаны ў дадатку 1 да адпаведнай інструкцыі і паказчыках фізічнага развіцця — у дадатках 2−5. За наўмыснае нанясенне сабе калецтваў прадугледжана крымінальная адказнасць па арт. 435 КК — да пяці гадоў пазбаўлення волі.
Растройства эмоцый і паводзін: улік у псіхіятрычнай клініцы ёсць, але правы кіроўцы атрымаць можна
«Я хацеў паперу, па якой прыдатны выключна ў рэзерв, а для тэрміновай службы не падыходжу. У выніку мяне з карткай прывялі да псіхіятра. Тая спытала, ці хачу я служыць, я ёй сказаў, што здаровы фізіялагічна, а таму маю жаданне круціць на х*ю гэты цырк, але па псіхіятрычнай лініі скаргаў няма, таму як патрэбныя правы кіроўцы. Яна супакоіла, сказала што гэта не звязана наўпрост, адправіла ў дурдом абследавацца, тыдзень-паўтары ляжаў у „мужчынскім“, нагледзеўся прыколаў. Звычайна прызыўнікі ляжаць у пагранцы [аддзяленне пагранічных станаў - Hrodna.life], але я ж шкодны, патэнцыйны ўхіліст».
У выніку Паўлу паставілі дыягназ «растройства эмоцый і паводзін». Гэта значыць, ён не прыдатны служыць у мірны час, яго не возьмуць працаваць у сілавыя органы, яму нельга валодаць зброяй. Ёсць пэўны від уліку ў псіхіятрычнай клініцы, але пасля платнай кансультацыі псіхатэрапеўта даюць даведку для кіравання аўтамабілем.
«Такім як я ў арміі не месца»
«Шчыра лічу, што такім як я ў арміі не месца. З субардынацыяй у мяне дрэнна, канфліктнасць падвышаная. Любая дзедаўшчына б скончылася трагедыяй, так што гатовы пахваліць нашу сістэму, адсейваюць патэнцыйных Шамсутдзінавых [салдат тэрміновай службы Раміль Шамсутдзінаў 25 кастрычніка 2019 года ў вайсковай часці ў Забайкальскім краі Расіі расстраляў восем і параніў дваіх таварышаў па службе — Hrodna.life], якія ледзь што згвалцяць іх там ці яшчэ чаго — адразу хапаюцца за аўтамат. Пакідаюць Сычовых, такія карысней і тады трагедыі не здарыцца [салдат тэрміновай службы Андрэй Сычоў у навагоднюю ноч 2006 стаў ахвярай здзекаў старэйшага па званні, у выніку чаго яму давялося ампутаваць абедзве нагі і палавыя органы — Hrodna.life].
У беларускай арміі сапраўды адбываліся канфлікты і здарэнні. Напрыклад, салдат тэрміновай службы Аляксандр Арлоў загінуў у слонімскай частцы ў верасні 2018 года. Генпракуратура ўзбудзіла справу па ч. 1 арт. 145 Крымінальнага кодэкса «Давядзенне да самагубства» — на здымках цела бачныя множныя пашкоджанні. У 2019 годзе радавы разведвальнага батальёна Андрэй Шчарбакоў нанёс сабе цялесныя пашкоджанні. Кроў заўважылі калегі. Хлопца выратавалі. Кіраўніцтва паведаміла пра «членашкодніцтва». 26-гадовы Міхаіл Рыштоўскі памёр дома ад рака страўніка 20 ліпеня 2019 года, перад тым ён да траўня служыў у арміі. Яго камісавалі, толькі калі хвароба была ўжо на апошняй стадыі. Хутчэй за ўсё, хлопца ўзялі ў войска ўжо з ракам. І з анкалогіяй ён служыў - ніхто не звяртаў увагі на болі і ваніты, хлопца шпігавалі звычайнымі таблеткамі.
«Я таксама гэтай сістэме б не спатрэбіўся»
«Лічу, што цалкам удала ўсё склалася, мне гэта было не трэба і я таксама гэтай сістэме б не спатрэбіўся. У арміі не хацеў служыць, таму што там не плацяць грошай, калі б плацілі хаця б маю заробак на будоўлі або больш, то я б, магчыма, пагадзіўся».
«У мяне гісторый, як я ваяваў з ваенкаматам, шмат. Мяне хацелі пакараць за тое, што доўга не ішоў за „ваеннікам“. Сістэма проста заахвочвае валяць дурня, там за цябе і распісацца могуць, быў выпадак. Галоўнае, напіраць на тое, што яны тут падрываюць асновы бяспекі дзяржавы, даверу да прэзідэнта асабіста і наогул падобныя на агентуру», — распавядае Павел.
Па законе адмовіцца ад ваеннай службы можна толькі ў сувязі з рэлігійнымі перакананнямі - тады яе замяняюць на альтэрнатыўную.
Іван (імя зменена): «Я ўсё рабіў паводле закону — гэта мая пазіцыя»
Позвы пачалі прыходзіць Івану пасля ўніверсітэта ў 2017 годзе. Ён трапіў пад тры прызывы: восеньскі, вясновы і яшчэ адзін восеньскі. Першую позву атрымала мама.
«Усё гэта х*рня. Хочаш-не хочаш — зловяць. Трэба з’язджаць [калі не хочаш ісці ў ваенкамат па позве — Hrodna.life]. Ці знойдуць, ці сам недзе пракалешся. Служыць я не хацеў - лічыў гэта марнатраўствам. У тым ліку з-за палітычных перакананняў. Гэта не для мяне. Год аддаць у сучаснай умовах жыцця — гэта вельмі шмат».
Каб не ісці ў войска, ён абраў законны спосаб-праходзіць медкамісію. У Івана сапраўды былі праблемы са здароўем, па іх ён і «не прайшоў». Для службы прыдатны толькі ў выпадку ваеннага становішча-пісар справаводства.
У ліпені 2022 года сайты арганізацый, якія дапамагалі прызыўнікам атрымаць ваенны білет без службы ў войску, перасталі працаваць і недаступныя да гэтага часу. Гэта былі фірмы, якія дапамагалі знайсці легальныя спосабы не служыць, напрыклад, па стане здароўя. Тады Праўладныя Telegram-каналы пісалі, што «канторкі для ўхілістаў прыхлопнуць», а іх уладальнікі «добраахвотна» і «ўласнаручна» напісалі заявы аб ліквідацыі кампаній. Пазней сілавікі выклалі пакаянныя відэа з кіраўнікамі некаторых з іх.
Цяпер кансультацыі па тэме прызыву ў армію можна атрымаць на онлайн-платформе Legal Hub, паведамляе «Медыязона. Беларусь».
Паставіць «7Б» лёгка, а зняць складана
«Першы восеньскі прызыў я ляжаў у „дурцы“. Пасля „дуркі“ мяне маглі адправіць [у войска]. Я сказаў, што спазніўся на аўтобус — прыехаў, як скончыўся прызыў. Браць мяне не мелі права. Кожны год вельмі шмат прызыўнікоў ляжыць у псіхушцы. Прыйдзе з дрыготкімі рукамі, скажа пра кепскі сон, маўляў, размаўляю ў сне. Некаторыя пальцы ламалі. Вены не рэзалі - гэта суперкрайніе выпадкі. Разумелі рызыку — паставяць „7Б“ [медыцынскі код, які азначае растройства асобы — Hrodna.life]. Паставіць яе проста, а здымаць цяжка. На гэта ішлі альбо самыя адчайныя, альбо хворыя».
У другі прызыў — вясновы — Іван праходзіў усе камісіі. Яму прызначылі столькі абследаванняў, што яны зацягнуліся. Па выніках раённы лекар яго камісаваў.
«Справа Коржыча» напалохала лекараў
Трэці прызыў супаў з «справай Коржыча». Тады даходзіла да крымінальных спраў, калі лекары адправілі ў войска чалавека, які не прыдатны. Таму з раёнаў часта адпраўлялі «на вобласць» — каб перастрахавацца.
Аляксандр Коржыч загінуў падчас праходжання тэрміновай службы. 21-гадовага хлопца прызвалі ў траўні 2017 года. Ён служыў у ваенным гарадку «печы» ў Барысаве.
Маці Аляксандра і яго сябры заяўлялі, што ён неаднаразова распавядаў ім пра дзедаўшчыну. Аляксандр прасіў пералічваць грошы на ягоную банкаўскую картку, якой завалодаў прапаршчык, — спачатку 50 рублёў ($ 25) кожны тыдзень, затым — кожны дзень. Карткай карысталіся не толькі ў Барысаве, але і ў Мінску.
3 кастрычніка 2017 года хлопца знайшлі павешаным у падвале будынка медыцынскай часткі на задняй рамяні. На яго галаве была майка, яго ногі былі звязаныя. Суд прыйшоў да высновы аб давядзенні да самагубства сяржантамі часткі, у якой служыў Коржыч.
5 лістапада 2018 года трох сяржантаў прызналі вінаватымі па арт. 455 КК «Злоўжыванне ўладай, што пацягнула цяжкія наступствы», арт. 430 «Атрыманне хабару» і арт. 205 «Крадзеж». Іх прысудзілі да шасці, сямі і дзевяці гадоў пазбаўлення волі.
«У свой час сайт „Призывник.инфо“ шмат каму дапамог. Гэта каштавала 1500−2000 рублёў. Усё па здароўі - чапляліся, раскручвалі, аказвалі юрыдычную дапамогу, — распавядае Іван. — Я ўсё рабіў паводле закону — гэта мая пазіцыя. Што не быў у войску, не шкадую. Усе ўсё разумеюць».
Чытайце таксама: З якімі хваробамі ў Беларусі цяпер бяруць у войска: прыдатнымі сталі амаль усе
«Кажаш, што я дэбіл — і ўсё»
Позва Уладзіміру прыйшла пасля адлічэння з універсітэта. «Рэакцыя на яе была пах*істычная!" — кажа ён. Некалькі прызываў ва Уладзіміра былі адтэрміноўкі, але яму надакучыла пастаянна хадзіць у ваенкамат.
«Варыянт быў відавочны, бо тры з паловай гады тусавацца ў ваенкамаце не хацелася. Быў магічны лекар псіхіятр: заходзіш і кажаш, што я дэбіл — і ўсё, а потым восем дзён курорта ў дурку!" — распавёў гродзенец.
Па словах Уладзіміра, ён «зразумела і даступна» ў кабінеце патлумачыў, як яго дастаў «гэты ваенкамат». Лекар стаў правяраць яго «на тупасць»: даваў тэсты, анкеты. «Мы з ім скарафаніліся і мне паставілі мала-мальскія абмежаванні. У першую чаргу, я не прыдатны ў мірны і ваенны час», — кажа Уладзімір.
У бальніцу гродзенец трапіў за пару дзён да Каляд і перажываў, каб яго адпусцілі на Новы год. Яго пратрымалі 8 дзён.
«Весела было, маладыя медсёстры ежу табе прыносяць, толькі лыжкамі карыстацца трэба было ў сталовай і ўсё без солі. Яшчэ прыносілі піцу і цукеркі», — узгадвае Уладзімір.
«Не шкадую і не буду шкадаваць, што не служыў»
Пасля таго як Улад забраў дакументы з універсітэта ў 26 гадоў, прыйшла позва і яму. «Пачаў хадзіць па ўсіх лекарах і абследаваннях з усёй лухтой, з чым толькі можна, — кажа хлопец. — Псіхіятра пакінуў напрыканцы. Казаў яму ўсякія штукі, што дэпрэсуха, баюся людзей».
Маладога чалавека паклалі ў стацыянар ў Гродна. «Ляжалі побач алкашы, нарыкі і з ваенкамата. Раней казалі, што з псіхічна хворымі людзьмі клалі, а цяпер зрабілі асобныя палаты для тых хто на рэабілітацыі і «пракапацца», — патлумачыў Улад.
У білеце маладому чалавеку паставілі дыягназ «растройства асобы» — ён не прыдатны ў мірны час. З абмежаванняў - не можа атрымаць дазвол на нашэнне зброі і працаваць на аўтамабільным транспарце, але самі правы кіроўцы мець дазволена.
«Калі б не пракаціла, то пайшоў бы служыць, а так не шкадую і не буду шкадаваць, што не служыў», — сказаў Улад.
«Па ўсіх гэтых запісах ты ўжо павінен на могілках ляжаць»
Аляксандр пасля каледжа хацеў працаваць у МНС і быў не супраць служыць у войску. Ён падаў дакументы ў «камандна-інжынерныя» ў Мінск і яму далі адтэрміноўку ў войску на паўгода.
«Я ўжо ведаў летам, што не паступіў, і пайшоў праходзіць медкамісію і прасіць, каб мяне забралі на наступны прызыў, таму што не хацеў ісці адпрацоўваць, — кажа Аляксандр. — Падумаў - адпрацую паўгода і пасля войска пайду зноў у выратавальны атрад і зноў паступаць у камандна-інжынерныя».
Дзяўчына Аляксандра параіла падаць дакументы на завочнае аддзяленне ў аграрны ўніверсітэт. Там прымалі дакументы да снежня і здаваць трэба было экзамены, а не ЦТ. Праз некаторы час хлопцу прыйшла позва з нумарам часткі і датай, калі з’явіцца. «Успомніў, што здаваў экзамены, і вырашыў даведацца, ці паступіў, — кажа Аляксандр. — У апошні момант ужо і не хочацца ісці ў войска: зіма, холадна».
Хлопец знайшоў сваё імя ў спісе паступілі і спытаў, як атрымаць даведку для ваенкамата. Яму далі нумар рахунку і сказалі аплаціць першы семестр.
«Пятнаццаць хвілін працы: з’ездзіў, аплаціў, прыехаў — і мне выпісалі даведку. На наступны дзень прыехаў у ваенкамат. Здзівіла тое, што мая справа ўжо ляжала ў баку. Маёр уляпіў даведку і сказаў: «Малайчына! Ідзі вучыся!».
Дыплом Аляксандр атрымаў, калі яму было 26,5 гадоў. І зноў прыйшла позва.
«Чаго ты такі стары тут робіш?»
«Калі б было 25, можа быць і пайшоў бы, а так: паўгода засталося і на год ісці ў гэты дурдом? Яшчэ праз пару месяцаў у мяне вяселле і нявеста жартам сказала, што чакаць не будзе», — сказаў Аляксандр.
Хлопцу раілі не з’явіцца па позве і потым проста заплаціць штраф. «У выніку пачаў праходзіць усіх лекараў і кожнаму скардзіцца на ўсё. А ім пофіг, як быццам не чуюць. Засталося два лекара: хірург і тэрапеўт. Кажу, што кіла, спіна баліць, а ён напісаў - „здаровы“. Прыйшоў да тэрапеўта, той глядзіць на мяне і пытаецца: „Чаго ты такі стары тут робіш?“ Адказаў, што сам не ведаю».
Абавязковы этап прызыву — праходжанне медкамісіі, па выніках якой усталёўваюць катэгорыю прыдатнасці будучых салдат. Па выніках агляду прысуджаюцца пяць асноўных катэгорый прыдатнасці: П — прыдатны да ваеннай службы, ПА — прыдатны да ваеннай службы з нязначнымі абмежаваннямі, ЧН — часова непрыдатны, НПМ — непрыдатны да службы ў мірны час, НПВ — нягодны да службы з выключэннем з воінскага ўліку.
Спіс захворванняў, пры якіх не бяруць у войска, даволі шырокі. Але часцей за ўсё прычынамі непрыдатнасці становяцца шызафрэнія і іншыя псіхічныя растройствы, сур’ёзныя парушэнні зроку, гіпертанія, плоскаступнёвасць, язва страўніка, ВІЧ, скаліёз, астма.
Лекар адправіў Аляксандра праходзіць дадатковыя даследаванні праз высокі ціск. Потым накіравалі на УГД сэрца, якога трэба чакаць месяц. Па выніках паклалі ў бальніцу для абследаванняў.
«Далі выпіску, прыязджаю ў ваенкамат 29 траўня. Сказалі, што прызыў зацягнуўся праз недабор. Еду на строме, баюся, што яшчэ паспеюць забраць. Прыехаў, паказаў усе выпіскі. Мне тэрапеўт сказаў, што па ўсіх гэтых запісах я ўжо павінен на могілках ляжаць, — распавёў Аляксандр. — Панёс гэтыя талмуды ў рэгістратуру і мне там кажуць — вольны. Пытаюся: „А калі ваенны [білет] забраць?“. Сказалі, на наступны дзень пасля таго, як споўніцца 27».
Пасля фільма «Бяспечная армія» трапіў у псіхушку
«Я прыйшоў у ваенкамат і быў упэўнены на 100 адсоткаў, што я не прыдатны», — кажа Дзмітрый. У хлопца дыягназ, пры якім падчас фізічнай нагрузкі нямее палова цела.
«Распавёў пра прыступы, мне далі тахометр, прайшоў абследавання і мне напісалі, што я прыдатны толькі з максімальнымі абмежаваннямі. Што гэта значыць, я так і не зразумеў, — сказаў Дзмітрый. — Па псіхіцы на той момант усё было добра, як мне тады здавалася».
На чацвёрты дзень у «вучэбцы» ўключылі фільм «Бяспечная армія». «Там без цэнзуры паказвалі, як люк ад танка адсякае пальцы, у руках разрываецца граната, трупы, вывернуты навыварат чэл з пераламаным хрыбетнікам, якога заціснула паміж машынамі, — успамінае Дзмітрый. — Я сам па сабе міралюбівы пацыфіст і мяне гэта вельмі закранула. Пачаў шарахацца зброі, не хацеў чапаць яе і глядзець у яе бок».
Пасля фільма раздалі псіхалагічныя тэсты і Дзмітрыя выклікала да сябе псіхалагіня.
«Добра пагаварылі з ёй. Я рады, што яна зразумела маю кропку гледжання з нагоды зброі. Не проста, што я вар’ят і сам сабе гэта прыдумаў».
Адтэрмінаваць прызыў на ваенную службу можна па стане здароўя, для працягу адукацыі, па сямейным абставінам, у сувязі з ажыццяўленнем дэпутацкіх паўнамоцтваў і іншым прычынах.
Адтэрміноўку па сямейных абставінах атрымаюць маладыя людзі, якія маюць непрацаздольных бацькоў або іншых членаў сям'і. Прызыў не закране і тых, у каго ёсць жонка і дзіця ва ўзросце да 3 гадоў, жонка-інвалід і або ІІ групы, дзіця-інвалід.
Не ідуць у войска тыя, чые бацькі не знаходзяцца ў зарэгістраваным шлюбе і не маюць іншых працаздольных дзяцей, але дзе расце адно дзіця ва ўзросце да 3 гадоў або двое і больш дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў, або дзіця-інвалід ва ўзросце да 18 гадоў, або дзіця-інвалід I або II групы старэйшыя за 18 гадоў.
Прызыўнік таксама не пойдзе ў войска, калі яго маці знаходзіцца на 28 тыдні цяжарнасці і больш, не знаходзіцца ў зарэгістраваным шлюбе і не мае іншых працаздольных дзяцей.
Маёр спытаў: «Ну што, дах паехаў?»
На той момант Дзмітрый ужо баяўся, што на прысязе можа выкінуць аўтамат з рук. Псіхалагіня сказала, што хлопец павінен прыняць рашэнне: альбо ён цяпер бярэ сябе ў рукі і прымае прысягу, альбо ў яго будзе «каля белы білет» і абмежаванні.
«Падумаў, што мне пляваць, што там будзе далей. На наступны дзень прыехала «буханочка «і забрала мяне. Маёр спытаў: «Ну што, дах паехала?». Сказаў, што па-ходу паехаў».
Па словах Дзмітрыя, фармальна ён не быў вайскоўцам і яго адправілі як «паехаўшага» ў аддзяленне з наглядам санітара. «Са мной ляжаў хлапец, які спяваў песні за ВДВ, другі перыядычна кідаўся на ўсіх, трэці ссаўся, — кажа Дзмітрый. — Але ўсё роўна, адносна таго, адкуль мяне забралі, для мяне гэта было як санаторый. Магчыма, на гэта яшчэ прэпараты неяк ўплывалі, але я рэальна кайфануў. Мне ўкалолі заспакаяльнае, я паспаў. Потым я пайшоў да лекара і мяне ўжо вызначылі да „звычайных“».
Хлопцу паставілі дыягназ «расстройства асобы».
«Усё зразумела, афармляем»
Праз два тыдні прыехалі вайскоўцы і сказалі, што павязуць у Мінск. «У мяне зноў пачало дах зносіць, з’явілася параноя, што мяне падманваюць і назад у частку вязуць». У Мінску прыйшлося ўсё паўтараць.
«Далі ліст А4 і лекар сказаў: „Выкладай“. Я напісаў усё і скончыў цытатай Бродскага. Лекар прачытаў і спытаў: „Вось ты хочаш быць пісьменнікам, а ўсе пісьменнікі праходзілі нягоды? А ты не можаш?“ Я адказаў, што значыць я херовы пісьменнік, — распавёў Дзмітрый. — Потым я эмацыйна адрэагаваў і лекар сказаў: „Усё зразумела, афармляем“».
У аддзяленні Дзмітрыя сустрэлі два амбалы з жанчынай. Хлопцу здалося, што гэта нейкія савецкія рэаліі і яго будуць лячыць «батарэямі з мокрымі ручнікамі».
Але высветлілася, што гэта таксама «паехаўшыя» армейцы, проста дапамагаюць на «працатэрапіі». Са слоў гродзенца, там былі гатовыя на ўсё, нават лом грузіць, абы не сядзець увесь час у чатырох сценах.
«Я паўгода не мог глядзець на колер хакі, мяне кідала ў дрыжыкі»
Выпісвалі доўга і скрупулёзна. «Пры выпісцы зайшоў чалавек у форме. Задавалі шмат навадных пытанняў, спрабавалі давесці да нейкага стану і глядзелі як я адрэагую. Я зноў сарваўся», — сказаў Дзмітрый.
Пасля выпіскі гродзенец да апошняга думаў, што яго вязуць назад на службу. «Прывезлі назад у частку, я здаў усе рэчы. Мне выдалі заробак 70 капеек і я паўгода не мог глядзець на колер хакі, мяне кідала ў дрыжыкі», — кажа Дзмітрый.
Агулам хлопец знаходзіўся ў бальніцы тры месяцы. Змянілі дыягназ «расстройства асобы» на «неўроз і неадаптацыю». Дзмітрый не прыдатны ў мірны час. Таксама ён не можа быць касманаўтам, займаць кіруючую пасаду пры ўладзе і працаваць у міліцыі.
«Я ішоў і не думаў, каб касіць па псіхушцы, але выйшла вось так».