«Амаль ніводнага фільма з „оскараўскай гонкі“ ў Гродне не пакажуць, — так пачынаецца ліст у рэдакцыю аднаго з нашых чытачоў. — Я пісаў запыт наконт „The Shape of Water“ (Форма вады) і „Darkest Hour“ (Цёмныя часы), на што атрымаў адказ — з праваўладальнікамі немагчыма дамовіцца з-за абмежаванасці пракату. Ці не маглі бы вы неяк асвяціць гэтую сітуацыю? Гэта ж нонсэнс — у абласным цэнтры пяць кінатэатраў і - немагчыма паглядзець намінаваныя на „Оскар“ фільмы».
Вось што ўдалося высветліць Hrodna.life.
«Не представляется возможным»? Насамрэч, 50 на 50
«Цёмныя часы»: пракат магчымы
Пракатам «Цёмных часоў» у Беларусі займаецца кампанія «Интерфильм Дистрибьюшн». Пра магчымасці пракату фільма ў Гродне распавяла Іна Козырава, намесніца дырэктара кампаніі па кінапракаце.
«Што тычыцца „Цёмных часоў“, то Гродна ёсць у спісе гарадоў, дзе фільм можа выходзіць у пракат. Да паказаў рэкамендаваны кінатэатры „Космас“ і „Кастрычнік“. Можам даць фільм хоць зараз, калі возьмуць».
Аднак тое, што «правінцыі» будзе цяжка атрымаць іншыя оскараўскія стужкі, Іна Козырава не аспрэчвае: «На жаль, праваўладальнікі з галаўнога офіса „не рэкамендуюць“ паказваць частку фільмаў у абласных цэнтрах. Прычына — слабая „напрацоўка на сеанс“ у папярэдніх фільмаў-аналагаў».
Сярод прэтэндэнтаў на Оскар, для каторых Гродна не патрапіў у спіс рэкамендаваных для пракату гарадоў, адносяцца «Прывідная ніць», «Сакрэтнае дасье» і «Ледзі Бёрд». Прычына адмовы тая ж — слабая напрацоўка на фільмах-аналагах.
«То бок, ці то ў Гродне публікі няма, ці то з маркетынгам праблемы. Безумоўна, каб паспяхова паказваць элітарныя фільмы, трэба больш укладацца ў інфармаванне. З масавым кіно працаваць лягчэй».
Незважаючы на рэкамендацыі з галаўнога офісу ў Маскве, кампанія «Интерфильм Дистрибьюшн» можа прадаставіць гэтыя стужкі для прагляду ў абласных гарадах. Галоўнае, каб мясцовы кінапракат іх узяў і меў жаданне данесці інфармацыю да гледача, кажа Іна Козырава.
«Са свайго боку мы гэтаму спрыяем — прадастаўляем рэкламныя матэрыялы для кінатэатраў, а таксама размяшчаем рэкламу ў сеціве, на радыё і тэлебачанні».
«Форма вады»: у адказ — цішыня
«Форма вады» ў Беларусі распаўсюджваецца кампаніяй «Двадцатый Век Фокс СНГ». Hrodna.life скіраваў у кампанію пісьмовы запыт, але на час публікацыі артыкула адказу не атрымаў. «Інфармацыя пра адмову ў паказе можа быць праўдзівай, — мяркуе Іна Козырава. — У гэтай кампаніі даволі жосткія умовы для рэгіянальных кінатэатраў». Сапраўды, паводле інфармацыі сервіса «Кинопоиск», стужка на рускай мове распаўсюджваецца ўсяго ў 544 копіях — гэта ў 2−2,5 разы менш за звычайныя касавыя фільмы.
Другі спецыяліст, знаёмы з практыкай распаўсюду замежнага кіно ў Беларусі, патлумачыў: «Наўрад ці недзе ў абласных гарадах магчымы паспяховы пракат той жа „Формы вады“. Нават, калі б праваўладальнікі далі дазвол, яе б не захацелі браць. Гэта „не той“ фільм. Рэгіяналы пры замове звяртаюць увагу не на патэнцыйную „оскараноснасць“ стужкі, а на яе камерцыйную запатрабаванасць.
„Форма вады“ падышла б для клубнага паказу на 20, 30 ці 100 чалавек. Але па ўмовах „Фокса“ паказваць фільм трэба не менш двух тыдняў. Нават у малой залі гэта атрымліваецца задорага — неэфектыўна выкарыстоўваецца экранны час, малая „напрацоўка на сеанс“. Калі б кампаніі давалі „оскараўскія“ фільмы на выходныя, то рэгіянальным пракатчыкам гэта было б цікава. Пакуль жа яны і не могуць атрымаць стужкі, і не зацікаўлены ў паказе такога кіно».
Юбілейны Оскар
Сёлета цырымонія ўзнагароджання прэміяй «Оскар» пройдзе ў 90-ы раз і адбудзецца 4 сакавіка. Прэтэндэнты на яе атрыманне выстройваюцца ў рэйтынгі па колькасці магчымых прэмій і намінацый. Узначальвае спіс і мае 13 шансаў на статуэткі ўсё тая ж «Форма вады», паглядзець каторую на вялікім экране гродзенцам не свеціць.Так што шукайце намінантаў у сеціве, збірайцеся з сябрамі на канапе і глядзіце добрае кіно. Ці едзьце ў Мінск або Беласток. Там усё будзе. А вось і спіс стужак, што сабралі найбольшую колькасць намінацый:
13: «Форма вады»
8: «Дюнкерк»
7: «Тры білборды на граніцы Эбінга, Місуры»
6: «Цёмныя часы» / «Прывідная ніць»
5: «Ледзі Бёрд» / «Той, што бяжыць па лязу 2049»
4: «Заві мяне сваім імем» / «Прэч» / «Ферма „Мадбаўнд“» / «Зорныя войны: Апошнія джэдаі»
3: «Малы на драйве» / «Тоня супраць усіх»
2: «Сакрэтнае дасье» / «Прыгажуня і пачвара» / «Таямніца Коко» / «Вікторыя і Абдул»