Спадчына

Прывіды Старога Замка: пра якія полтэргейсты 100 гадоў таму пісалі гродзенскія газеты

Стэфан Баторый. Малюнак І. Кебеца

Многія чулі пра Чорную Панну Нясвіжа ды Белую Даму з Гальшанаў, а вось пра прывідаў гродзенскіх замкаў не вядома нічога. Гэта дзіўна, бо як-ніяк у Старым замку памёр сам Стэфан Баторый. Няўжо ягоны прывід не ходзіць па замкавых калідорах ды не просіць, каб яму налілі келіх добрага такайскага віна? Тым больш, што і старая частка замка ў чаканні аднаўлення выглядае цяпер рамантычна, зусім для прывідаў… Аказваецца, не так даўно, усяго 100 гадоў таму, у замку дзіўных зданяў было яшчэ поўна. Пра іх напісаў канал «Hrodna 11:27».

У пачатку 1920-х гг. адна з гродзенскіх газет апублікавала артыкул «Таямніцы Гродзенскага Замку». Стары замак тады нават яшчэ не быў музеем, ім валодалі спачатку расійскія, а пасля польскія вайскоўцы, тут былі афіцэрскі клуб, гатэль для камандзіровачных афіцэраў, сталоўка і розныя іншыя інстытуцыі. Замак тады выглядаў не самым лепшым чынам, ды і ягоныя тагачасныя жыхары — камандзіровачныя ды халастыя польскія афіцэры — пасля вясёлай вячэры маглі пабачыць што заўгодна.

Артыкул можа быць цікавы і сучаснаму чытачу. Публікуем яго цалкам. А ўжо кожны няхай сам робіць высновы, што ў ім праўда, а што — спараджэнне салдацкай п’янай фантазіі.

«Таямніцы Гродзенскага Замку»

«Наш Гродзенскі Стары Замак, таксама як і іншыя помнікі даўняга мінулага, закрывае ад нас таямнічай мглой праявы патустаронняга жыцця, якія пульсіруюць у ягоных мурах. Свет прывідаў, духаў для нас недаступны. Яго могуць бачыць толькі адзінкі. Але ўсялякая звязаная з яго з’яўленнем праява з часам акружаецца легендамі, кожная з якіх больш неверагодная за папярэднія.

Некалькі дзён таму па горадзе разышлася гісторыя, што палкоўнік Н., які жыў у афіцэрскіх пакоях на Старым замку, прачнуўся пасярод ночы і пабачыў у дзвярах вялізную постаць у рыцарскіх даспехах, якая растварылася ў паветры пасля таго, як палкоўнік разбудзіў сваіх таварышаў.

Мы звярнуліся непасрэдна да самога пана палкоўніка, каб даведацца пра некаторыя падрабязнасці. Ён праясніў, што рыцара не бачыў, але і ён і яго калегі ўсе ўчатырох прачнуліся ноччу ад таго, што іх быццам бы нехта душыў. Уражаныя такім патустароннім эксперыментам, усе афіцэры проста пасярод ночы пакінулі гасцінныя пакоі Дома Афіцэра.

У сувязі з гэтым з замка тэрмінова выселіўся і ўладальнік буфета пры Доме Афіцэра, які паведаміў, што толькі цудам выратаваўся ад смерці шляхам задушэння. Ён бачыў нейкую надзвычайную істоту, якая падыйшла да яго і паклала яму руку на вусны, каб задушыць.

У сувязі з гэтым мы сабралі звесткі пра падобныя гісторыі ў далёкім і бліжнім мінулым. Замкавы стораж, які жыве ў браме, апавядае, што некалькі месяцаў таму перад ім з’явіўся нейкі рыцар і засведчыў, што ў Замку схаваны скарб, пасля чаго ўзяў яго за руку і завёў у замкавыя падвалы, паказваючы дакладнае месца, дзе быццам ляжыць скарб.

Стораж, прачнуўшыся, пачаў пошукі скарбу ва ўказаным месцы, аднак змушаны быў спыніць пошукі, паколькі грунт пад нагамі пачаў вагацца і асыпацца.

Афіцыянт у сталоўцы Дома Афіцэра расказаў такі факт, што ў расійскія часы тром афіцэрам нейкая постаць перайшла дарогу на замкавых прыступках і не ўпусціла іх унутр будынка. Афіцэры з аголенымі шаблямі хацелі прабіцца ўнутр, але нічога не ўдавалася, пакуль не збеглася замкавая служба і пасля паднятага гучнага крыку істота з патустаронняга свету знікла.

Прыхільнікі акультызму маюць план арганізаваць у Замку сеанс, каб здабыць у старых руінаў іх таямніцы".

Чытайце таксама: На Савецкай спалілі ведзьмака, у Пышках скача вершнік без галавы. Містычныя месцы Гродна, пра якія вы нават не ведалі

Падзяліцца
Меткі: гісторыя

Апошнія запісы

Тры Белавежскія пушчы. Як агароджы на мяжы змяняюць лес і жывёльны свет у Беларусі, Польшчы і паміж платамі

Белавежская пушча сёння раздзеленая не на дзве, а насамрэч на тры часткі: беларускую, польскую і…

31 сакавіка 2025

«Трэнд — мацоўня, здароўе». Задалі адны і тыя ж пытанні металістам з Беларусі і Польшчы

Ужо некалькі дзесяцігоддзяў метал-музыка аб'ядноўвае людзей не толькі адных музычных прыхільнасцяў, але і падобнага светапогляду.…

26 сакавіка 2025

У гродзенскім ГЦ развяліся прусакі. Куды звяртацца, калі заўважылі насякомых у кафэ ці ў сябе дома

У ГЗК Triniti гродзенцы заўважылі прусака — насякомае бегала па канапе ў зоне фуд-корту. Hrodna.life…

26 сакавіка 2025

«Магчыма, будзе і новы матэрыял». Вакаліст гурта Ulis Слава Корань расказаў, як эміграцыя не дае яму пісаць

Беларускі гурт Ulis праіснаваў больш за 20 гадоў. Яго спадчына жыве - музыканты робяць каверы,…

20 сакавіка 2025

«Мама выпісвала фальшывыя дакументы і дапамагала трапіць у Польшчу». Рэпатрыянтка — пра дзяцінства ў Гродне і эміграцыю ў 1946-м

Крысціна Мішчук (Пянткоўская) нарадзілася ў 1933 годзе ў Гродне ў сям'і мясцовай інтэлігенцыі. Каталічка. Тата…

18 сакавіка 2025

«Мая зямля — што хачу, тое і раблю». З’ездзілі ў польскую вёску ля мяжы з Беларуссю, куды стараста запрашае жыць усіх ахвотных

У 500 метрах ад плота, узведзенага на польскім баку мяжы з Беларуссю, стаіць вёска Азяраны…

17 сакавіка 2025