«Нёманская вясна» праводзіцца ў ваколіцах Аўгустоўскага канала ўжо 42 гады. Сёлета фестываль прайшоў 5−7 красавіка на рэчцы Асташанцы. Да беларускіх турыстаў-воднікаў далучыліся госці з Масквы і Калінінграда. Апроч спартыўных імпрэзаў гасцей фэсту чакалі аніматары ў стылі Шалёнага Макса, гульні і забавы. Навічкі ў водным спорце атрымалі майстар-клас па кіраванні байдаркай, а самыя галодныя турысты паўдзельнічалі ў конкурсе на хуткаснае паяданне тушонкі.
«Гэта не кубак і не чэмпіянат, тут не ўсталёўваюць рэкорды і не даюць разрады, — патлумачыў галоўны суддзя спаборніцтваў Сяргей Ціхановіч. — Але гэта пачатак воднага турыстычнага сезону, калі воднікі „прачынаюцца ад спячкі“. Гэта магчымасць сустрэцца, павучыцца адзін у аднаго, запланаваць сумесныя паходы».
Сяргей Ціхановіч кажа, што судзіць на гэтым фэсце «усё свядомае жыццё» і памятае гісторыю фестываля ад самага пачатку. У першыя гады гэта быў «Матч гарадоў», у якім бралі ўдзел спартсмены з Гродна, Коўна, Вільні і Калінінграда. Пазней першыя вясновыя спаборніцтвы праходзілі ў фармаце чэмпіяната вобласці і рэспубліканскіх спаборніцтваў па тэхніцы воднага турызму. Апошнія гады Нёманская вясна стала фестывалем і атрымала міжнародны статус. У розныя гады ў фестывалі ўдзельнічалі польскія і літоўскія спартсмены. Сёлета на Асташанку прыехала некалькі каманд з Расіі.
Аляксандр Ярмалюк з Калінінграда прыехаў на спаборніцтвы ўпершыню і разам з сям’ёй. Кажа, што пабачылі аб’яву і вырашылі паехаць у падарожжа і паўдзельнічаць у фестывалі. «Чаму было б не паехаць? Не толькі ж на сваёй рэчцы сядзець! Хочацца і на другія мясціны паглядзець і з новымі людзьмі пазнаеміцца».
«Мы жывём у Гродне ўжо некалькі гадоў, пераехалі сюды з Данецка, — расказаў Грыгорый Краўчанка. — Хадзілі ў паходы ад 2004 года. Як прыехалі ў Гродна, сталі шукаць мясцовых воднікаў праз інтэрнэт. Яны адразу адклікнуліся — турысты заўжды дружныя людзі». Нагода прыехаць на «Нёманскую вясну» ў сям'і вельмі простая: гэта першы выхад на ваду, магчымасць сустрэцца з сябрамі. «У паходы ідуць групамі, кожны ў свой зручны час. А тут можна ўсім разам сабрацца».
Адна з адметнасцяў сёлетняга фестывалю — вялікая колькасць дзяцей і забаваў не толькі для спартсменаў. «Сюды прыязджаюць цэлымі сем’ямі, з дзецьмі і любімымі цёшчамі, са шваграмі і са свёкрамі, — кажа Сяргей Каляда з аргкамітэту фестывалю. — То зараз кожнаму ёсць чым заняцца. Тут і музыка, і анімацыя. Можна і каву набыць і нейкі бургер, а не толькі стаяць і пазіраць на ваду».
«Турысты, гэта такія людзі, каторыя набіраюць поўны заплечнік смакоткаў і сыходзяць як мага далей ад горада, каб самім усё з’есці», — раскрыў таямніцу «капітан» шалёных аніматараў Васіль Калач.
На фестывалі для ахвотных пад’есці праводзілі «Турнір абжор» на хуткаснае паяданне тушонкі. Самы лепшы вынік - 1 мінута і 20 секунд на банку. Асабліва ўразіла, што спаборніцтвы праходзілі ў тры заходы і пераможцы з’елі па тры банкі тушонкі. Прызамі для іх стала таксама тушонка. Цікава, ці будуць яе есці таксама хутка?
Для тых, хто ні разу не трымаў вясло ў руках, на фестывалі была магчымасць паспрабаваць сябе ў якасці «матроса» ці «капітана» і прайсці першыя метры па рацэ. «Каб пачаць падарожжа на байдарцы ў яе трэба сесці», — жартуе з навічкамі інструктар Павел Сурмач.
Першым аматарам воднага турызму ў сям'і быў тата Яўген: «Цяга да вады ўсё жыццё была. Плаваннем займаўся, на байдарках хадзіў. Потым сын падрос і яго таксама браў на байдарку. Ходзім з сям’ёй па Нёмане, па Чорнай Ганьчы, па Юбілейным. Сёлета Міша ўжо прайшоў 350 кіламетраў на каноэ. Я — трохі менш. Яшчэ ж і на працу трэба хадзіць».
Многія з тых, што на фестывалі паспрабавалі прайсці на байдарцы ўпершыню, абавязкова да яе вернуцца, мяркуе Павал Сурмач:
«Нават калі ад пачатку падаецца што страшна, калі шок. Нехта праз месяц, нехта праз год успамінаў, як было крута і прыходзіў паўтарыць. Нехта пачынаў кожны тыдзень з намі хадзіць. Некаторых на наступны год ужо спрактыкаванымі турыстамі на фестывалі сустрэнем».