Пачатак легенды
У 1894 годзе Нахім Старавольскі, Лазар Старавольскі і Ісаак Піваварскі заклалі ў горадзе на Нёмане (на вуліцы Брыгіцкай, 20, сёння вул. К.Маркса) фабрыку па вытворчасці металічных вырабаў. Нягледзячы на выпрабаванні Першай сусветнай і польска-бальшавіцкай войнаў, прадпрыемства ўдалося захаваць, і ў сярэдзіне 1930-х гадоў акрамя швейных машын фабрыка вырабляла ровары, а таксама дэталі да іх.
У 1936 годзе ў Гродне было выпушчана каля 10 тысяч ровараў. На іх рамах была выява новага замка і надпіс Niemen.Хутка фабрыка атрымала назву «Крэсовая фабрыка ровараў і матацыклаў «Нёман». Тады на прадпрыемстве працавала каля 100 чалавек. Механікі з берагоў Нёмана запазычвалі ідэі і праекты ў іншых вытворцаў і дапрацоўвалі іх да патрэб польскага рынку. Як адзначаюць некаторыя даследчыкі, гродзенскія ровары былі якаснымі копіямі «двухколавых коняў», зробленых у Германіі.
Пры гэтым рама польскіх ровараў выпускалася пад колы памерам 26 на 2 дзюйма, спіцы былі дыяметрам 2 мм, скураныя сёдлы па замове вырабляліся ў Латвіі, а ступіцы колаў прадукавалі на германскім заводзе Fichtel und Sachs.
Матацыклы — наша ўсё
У 1934 годзе завод пачаў выпускаць мотаровары. Гэта былі звычайныя ровары, на якія мантаваліся рухавікі аб’ёмам 75 куб.см. Выпускалася мужчынская і жаночая версіі такой тэхнікі. Гэта дапамагло «Нёману» падрыхтавацца да вытворчасцi новага тавару.
Ужо ў другой палове 1930-х гадоў гродзенская фабрыка ўзялася за выраб матацыклаў. Пры гэтым рухавік у іх быў імпартны. У 1938 годзе ў Гродне было зроблена 166 стальных коняў маркі Niemen 98. З выгляду яны былі вельмі падобныя на брытанскія матацыклы Villiers ці Excelsior.Дарэчы, гродзенскія матацыклы мелі рухавікі «Вілерс» з Вулверхэмптона. Найбольш папулярным быў якраз рухавік аб’ёмам 98 куб.см, які быў спалучаны з трохступеністай каробкай перадач. Акрамя замежнага рухавіка выкарыстоўваліся брытанскія элементы падсвятлення (пярэдняя фара фірмы Villiers і задняя ад Joshep Lucas LTD). Максімальная хуткасць матацыкла складала 70 кіламетраў на гадзіну. Аб’ём бензабака такога матацыкла быў 10 літраў, расход паліва — 2,25 літра на 100 кіламетраў.
У другой палове 1930-х гадоў у Польшчы набіраюць папулярнасць малалітражныя матацыклы, якія ў народзе называліся «соткамі» (з-за аб’ёму рухавіка ў 100 куб.см). Зразумела, што такія матацыклы каштавалі танней за сваіх больш магутных «братоў». Так «прайс» «соткі» з берагоў Нёмана складаў 900 злотых.
Але была ў міжваеннай Польшчы яшчэ адна акалічнасць, якая гуляла на карысць гэтай тэхнікі. Для кіравання «двухколавымі конямі» не трэба было мець вадзіцельскага пасведчання. Таксама варта дадаць, што набываючы польскі матацыкл, яго ўласнік пазбаўляўся праблем з набыццём дарагіх запчастак, якія патрабавалі замежныя мадэлі (тыя ж амерыканскія «Харлеі», якія былі вельмі папулярным відам транспарту ў міжваеннай Польшчы). Увесну 1939 года на заводзе Старавольскіх у Гродне пачалі вытворчасць матацыклаў з аб’ёмам рухавіка 125 і 150 куб.см.
Найбольш хуткім з лінейкі прадукцыі гродзенскай фабрыкі быў матацыкл Niemen 150 DV, які мог разганяцца да 90 км/г і меў расход паліва 2,8 л/100 км. Каштавала такая «машына» 975 злотых. Уласнікі фабрыкі планавалі вытворчасць 250 такіх матацыклаў.
У матацыкле «Нёман» усталёўваліся шыны познаньскай фірмы Stomil. Лічылася, што матацыкл — гэта сродак транспарту для аднаго чалавека, аднак дапускалася, што на «сотках» ззаду можа ехаць і пасажыр.
Спажыўцы. Ад грамадзянскіх да вайскоўцаў
Зразумела, што галоўным карыстальнікам матацыклаў і ровараў фабрыкі «Нёман» павінны былі стаць звычайныя жыхары ўсходніх ваяводстваў Другой Рэчы Паспалітай. Тут не было пунктаў продажу мотатэхнікі іншых польскіх марак, таму гродзенцы працавалі амаль без канкурэнцыі. Дарэчы, галоўны гандлёвы цэнтр «Крэсовай фабрыкі ровараў і матацыклаў «Нёман» знаходзіўся ў Варшаве, на вуліцы Сенатарскай, 28. Там таксама размяшчаўся склад гатовай прадукцыі і дэталяў, неабходных для рамонта.
Ровары і матацыклы «Нёман"выкарыстоўваліся і ў Войску Польскім.Так, часткі польскіх сувязістаў ездзілі на мотароварах Niemen-Sachs 75 і Niemen-Sachs 98, якія былі абсталяваныя рухавікамі нямецкай фірмы Sachs. Ровары «Нёман» былі на снабжэнні падраздзяленняў польскага Корпуса аховы памежжа, якія ахоўвалі польска-савецкую мяжу ў Беларусі.
Напрыклад, такія ровары былі ў польскіх памежнікаў на стражніцы «Мінская», якая знаходзілася ля Заслаўя. У 1984 годзе ля польскага мястэчка Студзінек пад Радамам быў знойдзены закапаны ў зямлю гродзенскі мотаровар «Нёман». Ён выкарыстоўваўся польскімі жаўнерамі падчас Вераснёўскай кампаніі 1939 года і быў схаваны разам з іншымі вайсковымі прыладамі падчас адступлення польскіх войскаў. У сваю чаргу, матацыклы «Нёман» у невялікай колькасці выкарыстоўваліся ў штабах польскіх вайсковых частак, размешчаных на тэрыторыі заходнебеларускіх ваяводстваў Другой Рэчы Паспалітай.На другую палову 1939 года кіраўніцтва «Крэсовага завода па вытворчасці ровараў і матацыклаў «Нёман» планавала павялічыць вытворчасць сваёй прадукцыі ў разы, аднак рэалізацыі гэтых планаў перашкодзіў пачатак Другой сусветнай вайны.
Гатовая прадукцыя, якая знаходзілася на складах завода, была рэквізавана савецкай уладай, а лёс гаспадароў завода па сёння не вядомы. Пасля Другой сусветнай вайны на гэтым прадпрыемстве выраблялі агрэгаты для аўтамабіляў, а ў 1970-х завод перавялі на вуліцу Карбышава. Нарэшце, у 2005 годзе будынак былой фабрыкі Старавольскіх зруйнавалі. Сёння ў Гродне амаль нічога не нагадвае пра славутую вытворчасць ровараў і матацыклаў у міжваенны час.
Очень много полезной информации о Владивостоке, о местах которые нужно посетить, государственных структурах, кафе, ресторанах и др предлагает вам электронный справочник www.vladivostokgid.ru. Адреса, телефоны, даже схемы проезда.