Спадчына

«Ніколі не ведаеш, што будзе ў канцы». Разьбяры ў Каробчыцах ствараюць з дрэва новыя казкі

Вобразам птушкі Фенікс стала дзяўчына з Гродна, анёлы могуць здымаць крылы, паганскія багі падобныя да беларусаў, а вучоны кот адмовіўся ад смартфона. Пра цікавосткі працы і асаблівасці новых герояў распавялі майстры, што працуюць на сёлетнім пленэры разьбяроў у Каробчыцах. Вынікі працы прадставяць гасцям маёнтка ўжо 10 жніўня.

Анёлы для закаханых

Анёлкі, падобныя да дзяўчынкі і хлопчыка, нахіляюцца насустрач адзін аднаму ў прадчуванні пацалунку. Ствараюць іх майстры з Польшчы Анджэй Мірончук і Януш Волінскі. Зараз анёлаў раздзяляе адлегласць, а калі разьбяры скончаць працу, анёлкі стануць адзін пры адным.

«Гэта пара анёлаў будзе ўзорам для закаханых, што прыязджаюць сюды святкаваць шлюб. Калі яны возьмуць за прыклад добрую казку, то і жыццё будзе складацца добра», — мяркуе Януш Воліньскі, разьбяр, што працуе над фігурай анёла-хлопчыка. Ствараць анёлаў не вельмі проста, мяркуе майстар, бо ніхто напэўна не ведае, як яны маюць выглядаць. «Напэўна, найбольш падобныя да анёлаў дзеці», — мяркуе аўтар.

Хаця дзеці-анёлы і казачныя персанажы, дарослым таксама ёсць што ад іх пераняць. «Казкі кепскаму не вучаць. У кожнай — свая мараль і мудрасць, і кожная мае добры канец», — на думку Януша, калі помніць пра гэты казачны прынцып, то і ў рэальным жыцці лягчэй шукаць выйсці са складаных сітуацый.

«Калі пачаў працаваць над анёлкам, то хутка высветлілася, што дрэва мае глыбокія расколіны, і выразаць цэльную фігуру з крыламі не атрымаецца. Каб казка для анёла скончылася добра, давялося зрабіць крылы з асобнага кавалка дрэва і прымацаваць да фігуры».

У дзяўчынкі-анёла Анджэя Мірончука сапраўды анёльская ўсмешка на вуснах.

— Што гэты анёл мог бы сказаць гарадзенцам?

— Што хацеў бы застацца ў вас, на гэтай зямлі.

«Па-мойму, гродзенцы выглядаюць шчаслівымі людзьмі. Яны добразычлівыя і прыязныя, а гэта найважнейшае. Прыязджаю сюды не першы раз і заўжды адчуваю сяброўскае стаўленне», — кажа скульптар. Дзяўчынка-анёл ад Анджэя таксама ўсміхаецца. На думку аўтара, яна будзе нагадваць, што ўсмешка — самы просты спосаб зрабіць свет лепшым.

Птушка Фенікс, натхнёная гродзенскай дзяўчынай

Гэта казачная гераіня, напалову жанчына, напалову птушка, выяўляецца са ствала пад разцом Адольфа Тэрэсюса з Літвы.

«Пачынаючы працу, ніколі напэўна не ведаеш, што атрымаецца ў выніку. Ёсць пэўныя эскізы, замалёўкі, але шмат умоваў дыктуе і канкрэтнае дрэва, і абстаноўка працы». Гэтым разам, па сакрэту распавёў майстар, крыніцай натхнення стала адна з наведвальніц маёнтка — маладая дзяўчына з доўгімі хвалістымі валасамі.

«Як пабачыў, папрасіў дазволу зрабіць здымак, каб выкарыстаць ў працы над скульптурай. Скульптура не мае яўнага партрэтнага падабенства і натуралістычнасці, але калі маеш у галаве вобраз, то лягчэй працаваць».

Што да працэсу працы з дрэвам, гэта заўсёды трохі авантура, прызнаецца майстар, — ніколі не ведаеш, што атрымаецца ў выніку. Праца з дрэвам падобная ў гэтым сэнсе на гульню дзяцей — ім падабаецца гуляць і сюжэт складаецца сам сабою.

«Мне спадабаўся гэты кавалак дрэва. Мабыць, адсюль раслі вялікія галіны — убачыў, што з іх якраз атрымаюцца валасы. Праца з дрэвам адметная, тут нельга дадаць аб’ём, як у кераміцы. Можна толькі адняць. Стараюся вельмі паважна ставіцца да матэрыялу, каб не прыбраць лішняе».

Птушка Фенікс сімвалізуе перамены — яна згарае да попелу і адраджаецца нанова. Для аўтара гэта яшчэ і знак кругазвароту жыцця, прыняцця пастаянных зменаў. «За летам прыходзіць восень, за маладосцю — сталасць. Я гэта прымаю, не кажу — „кепска, што старэю“, кажу, „як добра, што старэю сярод прыгажосці“. Так і дрэва — расло, сталела, потым было спілавана і зараз ператвараецца ў скульптуру. Некалі і яна разбурыцца, сыйдзе ў зямлю. З яе вырасце новы дуб. Усё вяртаецца на свае месцы, усё — частка вялікага кола жыцця. Пра гэта і распавядзе мая птушка гродзенцам».

Паганскія багі ўвесь час у працы

Пад час пленэру ў Каробчыцах паўстаюць з дрэва паганскія багі - вярхоўны бог Сварог, гаспадар маланак Пярун, бог ветру Стрыбог і бог сонца Ярыла.

«Ствараючыць» багоў, што самі паводле легендаў з’яўляюцца творцамі зямлі і людзей, скульптары ўвасабляюць у працы сваё бачанне вобразаў сілы і прыродных стыхій.

«Сварог — бацька ўсіх багоў, паўстане на троне, з ахоўніцамі-ваяркамі за спінай. Атрымаецца трохфігурная кампазіцыя, адметная ў сваім стылі, — распавядае народны майстар Анатоль Туркоў з Камянца. — Выразы стараюся рабіць беларускія, славянскія. Часам людзі кажуць, што яны і да мяне падобныя. Мабыць, кожны аўтар у скульптуры пакідае і свой адбітак».

Анатоль удзельнічаў ва ўсіх пленэрах, што праводзіліся ў Каробчыцах. Фігура Сварога — ужо дзявятая праца майстра, зробленая для гродзенцаў. «Няхай ён будзе абярэгам для гэтага месца, беражэ яго ад нягодаў. Астатнія багі - яго дзеці, будуць яму дапамагаць».

Пад час пленэру багі дакладна дапамаглі - надвор’е ўсе дзесяць дзён трымалася адметнае. Напэўна, не абышлося без дапамогі бога ветру, каторага стварае Мікалай Задрэйка. «Стрыбог — высокі, пануе над усім, разводзіць хмары моцнымі рукамі і дзьме на млын, каб не спынялася праца. У яго глыбокія вочы і валасы развяваюцца за спінаю».

Само дрэва падказвала майстру творчыя рашэнні. Пад час працы прыйшлося выдаліць сарцавіну ствала і гэта, мяркуе Мікалай, нават дадало паветранасці ўсёй фігуры, стала вобразам дарогі да бога, што таксама не матэрыяльная.

«Ствараць бога давялося ўпершыню, — распавёў Казіс Марцінайців, аўтар фігуры Ярылы. — Глядзеў, як іншыя мастакі яго ўяўлялі, як апісвалі ў паданнях, і зрабіў Ярылу з сонечным дыскам вакол галавы. Галоўнае, што ў яго светлая сіла, хай грэе Гродна», — зычыць скульптар.

Пяруна стварае гродзенскі разьбяр Мікалай Скляр. Фігура ўжо амаль гатовая, і пакуль схавалася ў цяньку, каб не наклікаць незнарок непагадзь.

Яшчэ аднаго апекуна Гродна, святога Губерта, зрабіў пад час пленэру Валянцін Багдзевіч.

Вучоны кот адклаў смартфон

Вучоны кот і русалка з’явіліся з дрэва дзякуючы працы Уладзіміра Кіндрачука з Украіны. «Адзін вучоны кот у Каробчыцах ужо ёсць, але мой да яго не падобны. Спачатку хацеў зрабіць ката са смартфонам у лапе, але пасля перадумаў. Хай ён разам з усімі спакойна адпачывае ў маёнтку».

Побач з катом ёсць яшчэ адна невядомая казачная фігура. Яе прадыктавала майстру само дрэва. Незнаёмец з’явіўся на месцы дупла. «Магчыма, гэта лесавік, а можа і не. У казцы хто заўгодна можа з’явіцца», — жартуе аўтар.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Не паскардзішся — не паедзеш. Як у Гродне можна вырашыць транспартныя праблемы

У Гродне 87 маршрутаў грамадскага транспарту, а людзям даводзіцца ездзіць на таксі. Транспартныя болі гродзенцаў,…

23 снежня 2024

Парасон, халат, check-up здароўя. 11 ідэй, што падарыць мужчыну на свята

Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…

20 снежня 2024

«Навявае сплін і абурэнне». Беларус наведаў Навагрудак і расчараваўся — горад запушчаны, а сэрвіс не развіты

Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…

18 снежня 2024

Віціна, дракар ці славянскае фэнтазі? Чаму праект рэстарана-ладдзі на Нёмане выклікае пытанні

Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…

18 снежня 2024

Дыякан, хакер і шматдзетны бацька. Як беларус выканаў амерыканскую мару

Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…

17 снежня 2024

Усяслаў Чарадзей — квадробер, а Францішка Уршуля Радзівіл — найк про. Тлумачым моладзевы слэнг на гістарычных постацях

Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …

9 снежня 2024