Вобразам птушкі  Фенікс стала дзяўчына з Гродна, анёлы могуць здымаць крылы, паганскія багі падобныя да беларусаў, а вучоны кот адмовіўся ад смартфона. Пра цікавосткі працы і асаблівасці новых герояў распавялі майстры, што працуюць на сёлетнім пленэры разьбяроў у Каробчыцах. Вынікі працы прадставяць гасцям маёнтка ўжо 10 жніўня.

“Ніколі не ведаеш, што будзе ў канцы”. Разьбяры ў Каробчыцах ствараюць з дрэва новыя казкі

Анёлы для закаханых

Анёлкі, падобныя да дзяўчынкі і хлопчыка, нахіляюцца насустрач адзін аднаму ў прадчуванні пацалунку.  Ствараюць іх майстры з Польшчы Анджэй Мірончук і Януш Волінскі. Зараз анёлаў раздзяляе адлегласць, а калі разьбяры скончаць працу, анёлкі стануць адзін пры адным.

“Гэта пара анёлаў будзе ўзорам для закаханых, што прыязджаюць сюды святкаваць шлюб. Калі яны возьмуць за прыклад добрую казку, то і жыццё будзе складацца добра”, – мяркуе Януш Воліньскі, разьбяр, што працуе над фігурай анёла-хлопчыка. Ствараць анёлаў не вельмі проста, мяркуе майстар, бо ніхто напэўна не ведае, як яны маюць выглядаць. “Напэўна, найбольш падобныя да анёлаў дзеці”, – мяркуе аўтар.

“Ніколі не ведаеш, што будзе ў канцы”. Разьбяры ў Каробчыцах ствараюць з дрэва новыя казкі

Хаця дзеці-анёлы і казачныя персанажы, дарослым таксама ёсць што ад іх пераняць. “Казкі кепскаму не вучаць. У кожнай – свая мараль і мудрасць, і кожная мае добры канец”, – на думку Януша, калі помніць пра гэты казачны прынцып, то і ў рэальным жыцці лягчэй шукаць выйсці са складаных сітуацый.

“Калі пачаў працаваць над анёлкам, то хутка высветлілася, што дрэва мае глыбокія расколіны, і выразаць цэльную фігуру з крыламі не атрымаецца. Каб казка для анёла скончылася добра, давялося зрабіць крылы з асобнага кавалка дрэва і прымацаваць да фігуры”.

“Ніколі не ведаеш, што будзе ў канцы”. Разьбяры ў Каробчыцах ствараюць з дрэва новыя казкі

У дзяўчынкі-анёла Анджэя Мірончука  сапраўды анёльская ўсмешка на вуснах.

– Што гэты анёл мог бы сказаць гарадзенцам?

– Што хацеў бы застацца ў вас, на гэтай зямлі.

“Па-мойму, гродзенцы выглядаюць шчаслівымі людзьмі. Яны добразычлівыя і прыязныя, а гэта найважнейшае. Прыязджаю сюды не першы раз і заўжды адчуваю сяброўскае стаўленне”, – кажа скульптар. Дзяўчынка-анёл ад Анджэя таксама ўсміхаецца. На думку аўтара, яна будзе нагадваць, што ўсмешка – самы просты спосаб зрабіць свет лепшым.

“Ніколі не ведаеш, што будзе ў канцы”. Разьбяры ў Каробчыцах ствараюць з дрэва новыя казкі

Птушка Фенікс, натхнёная гродзенскай дзяўчынай

Гэта казачная гераіня, напалову жанчына, напалову птушка, выяўляецца са ствала пад разцом Адольфа Тэрэсюса з Літвы.

“Пачынаючы працу, ніколі напэўна не ведаеш, што атрымаецца ў выніку. Ёсць пэўныя эскізы, замалёўкі, але шмат умоваў дыктуе і канкрэтнае дрэва, і абстаноўка працы”. Гэтым разам, па сакрэту распавёў майстар, крыніцай натхнення стала адна з наведвальніц маёнтка – маладая дзяўчына з доўгімі хвалістымі валасамі.

“Як пабачыў, папрасіў дазволу зрабіць здымак, каб выкарыстаць ў працы над скульптурай. Скульптура не мае яўнага партрэтнага падабенства і натуралістычнасці, але калі маеш у галаве вобраз, то лягчэй працаваць”.

“Ніколі не ведаеш, што будзе ў канцы”. Разьбяры ў Каробчыцах ствараюць з дрэва новыя казкі

Што да працэсу працы з дрэвам, гэта заўсёды трохі авантура, прызнаецца майстар, – ніколі не ведаеш, што атрымаецца ў выніку. Праца з дрэвам падобная ў гэтым сэнсе на гульню дзяцей – ім падабаецца гуляць і сюжэт складаецца сам сабою.

“Мне спадабаўся гэты кавалак дрэва. Мабыць, адсюль раслі вялікія галіны – убачыў, што з іх якраз атрымаюцца валасы. Праца з дрэвам адметная, тут нельга дадаць аб’ём, як у кераміцы. Можна толькі адняць. Стараюся вельмі паважна ставіцца да матэрыялу, каб не прыбраць лішняе”.

“Ніколі не ведаеш, што будзе ў канцы”. Разьбяры ў Каробчыцах ствараюць з дрэва новыя казкі

Птушка Фенікс сімвалізуе перамены – яна згарае да попелу і адраджаецца нанова. Для аўтара гэта яшчэ і знак кругазвароту жыцця, прыняцця пастаянных зменаў. “За летам прыходзіць восень, за маладосцю – сталасць. Я гэта прымаю, не кажу – “кепска, што старэю”, кажу, “як добра, што старэю сярод прыгажосці”. Так і дрэва – расло, сталела, потым было спілавана  і зараз ператвараецца ў скульптуру. Некалі і яна разбурыцца, сыйдзе ў зямлю. З яе вырасце новы дуб. Усё вяртаецца на свае месцы, усё – частка вялікага кола жыцця. Пра гэта і распавядзе мая птушка гродзенцам”.

“Ніколі не ведаеш, што будзе ў канцы”. Разьбяры ў Каробчыцах ствараюць з дрэва новыя казкі

Паганскія багі ўвесь час у працы

Пад час пленэру ў Каробчыцах паўстаюць з дрэва паганскія багі – вярхоўны бог Сварог, гаспадар маланак Пярун, бог ветру Стрыбог і бог сонца Ярыла.

“Ствараючыць” багоў, што самі паводле легендаў з’яўляюцца творцамі зямлі і людзей, скульптары ўвасабляюць у працы сваё бачанне вобразаў сілы і прыродных стыхій.

“Сварог – бацька ўсіх багоў, паўстане на троне, з ахоўніцамі-ваяркамі за спінай. Атрымаецца трохфігурная кампазіцыя, адметная ў сваім стылі, – распавядае народны майстар Анатоль Туркоў з Камянца. – Выразы стараюся рабіць беларускія, славянскія. Часам людзі кажуць, што яны і да мяне падобныя. Мабыць, кожны аўтар у скульптуры пакідае і свой адбітак”.

“Ніколі не ведаеш, што будзе ў канцы”. Разьбяры ў Каробчыцах ствараюць з дрэва новыя казкі

Анатоль удзельнічаў ва ўсіх пленэрах, што праводзіліся ў Каробчыцах. Фігура Сварога – ужо дзявятая праца майстра, зробленая для гродзенцаў. “Няхай ён будзе абярэгам для гэтага месца, беражэ яго ад нягодаў. Астатнія багі – яго дзеці, будуць яму дапамагаць”.

“Ніколі не ведаеш, што будзе ў канцы”. Разьбяры ў Каробчыцах ствараюць з дрэва новыя казкі

Пад час пленэру багі дакладна дапамаглі – надвор’е ўсе дзесяць дзён трымалася адметнае. Напэўна, не абышлося без дапамогі бога ветру, каторага стварае Мікалай Задрэйка. “Стрыбог – высокі, пануе над усім, разводзіць хмары моцнымі рукамі і дзьме на млын, каб не спынялася праца. У яго глыбокія вочы і валасы развяваюцца за спінаю”.

“Ніколі не ведаеш, што будзе ў канцы”. Разьбяры ў Каробчыцах ствараюць з дрэва новыя казкі

Само дрэва падказвала майстру творчыя рашэнні. Пад час працы прыйшлося выдаліць сарцавіну ствала і гэта, мяркуе Мікалай, нават дадало паветранасці ўсёй фігуры, стала вобразам дарогі да бога, што таксама не матэрыяльная.

“Ніколі не ведаеш, што будзе ў канцы”. Разьбяры ў Каробчыцах ствараюць з дрэва новыя казкі

“Ствараць бога давялося ўпершыню, – распавёў Казіс Марцінайців, аўтар фігуры Ярылы. – Глядзеў, як іншыя мастакі яго ўяўлялі, як апісвалі ў паданнях, і зрабіў Ярылу з сонечным дыскам вакол галавы. Галоўнае, што ў яго светлая сіла, хай грэе Гродна”, – зычыць скульптар.

“Ніколі не ведаеш, што будзе ў канцы”. Разьбяры ў Каробчыцах ствараюць з дрэва новыя казкі

“Ніколі не ведаеш, што будзе ў канцы”. Разьбяры ў Каробчыцах ствараюць з дрэва новыя казкі

Пяруна стварае гродзенскі разьбяр Мікалай Скляр. Фігура ўжо амаль гатовая, і пакуль схавалася ў цяньку, каб не наклікаць незнарок непагадзь.

“Ніколі не ведаеш, што будзе ў канцы”. Разьбяры ў Каробчыцах ствараюць з дрэва новыя казкі

Яшчэ аднаго апекуна Гродна, святога Губерта, зрабіў пад час пленэру Валянцін Багдзевіч.

“Ніколі не ведаеш, што будзе ў канцы”. Разьбяры ў Каробчыцах ствараюць з дрэва новыя казкі

Вучоны кот адклаў смартфон

Вучоны кот і русалка з’явіліся з дрэва дзякуючы працы Уладзіміра Кіндрачука з Украіны. “Адзін вучоны кот у Каробчыцах ужо ёсць, але мой да яго не падобны. Спачатку хацеў зрабіць ката са смартфонам у лапе, але пасля перадумаў. Хай ён разам з усімі спакойна адпачывае ў маёнтку”.

“Ніколі не ведаеш, што будзе ў канцы”. Разьбяры ў Каробчыцах ствараюць з дрэва новыя казкі

Побач з катом ёсць яшчэ адна невядомая казачная фігура. Яе прадыктавала майстру само дрэва. Незнаёмец з’явіўся на месцы дупла. “Магчыма, гэта лесавік, а можа і не. У казцы хто заўгодна можа з’явіцца”, – жартуе аўтар.

“Ніколі не ведаеш, што будзе ў канцы”. Разьбяры ў Каробчыцах ствараюць з дрэва новыя казкі

“Ніколі не ведаеш, што будзе ў канцы”. Разьбяры ў Каробчыцах ствараюць з дрэва новыя казкі