15 кастрычніка МУС апублікавала відэа: на ім мужчына распавядае, як у канцы жніўня адбіваў чалавека ў людзей у цывільным каля будынку Кастрычніцкага РАУС Гродна. Чытачы Hrodna.life пазналі гэтага мужчыну і распавялі рэдакцыі яго гісторыю.

Рэканструктар і член аўтарэтраклуба

Героя відэа клічуць Мікіта, яму 29 гадоў. Шмат гадоў ён займаецца рамонтам аўтамабіляў, быў у клубе рэканструктараў рэтрааўтамабіляў «Вінтаж». Не аднойчы ўдзельнічаў у фотасесіях і гарадскіх фестывалях.

Мікіту затрымалі ўвечары 6 кастрычніка ў раёне вуліцы Рэпіна, калі ён прыехаў у гараж па інструменты.

«За ім сачылі ад дома. Калі ён апынуўся ў гаражах, яго ўзялі, — распавядаюць сваякі Мікіты. — У міліцыі ён даў зразумець адвакату, што пры затрыманні яго моцна збілі. Супрацоўнікі абрэзалі нажом яго доўгія валасы і спецыяльна распылілі газавы балончык у твар».

Ноччу гродзенца даставілі ў аддзел Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй (ГУБАЗіК) на вул. Ажэшкі. Там ён даваў паказанні. Пасля яго перавезлі ў АУС Кастрычніцкага раёна і змясцілі ў ІЧУ.

«З РАУС Мікіту забірала хуткая. У бальніцы яго абследавалі. У яго былі моцныя апёкі вачэй і шматлікія траўмы».

У апублікаваным МУС відэа Мікіта на камеру кажа, што ён затрыманы па падазрэнні ў нападзе на супрацоўніка праваахоўных органаў.

«У прамежку паміж РАУС і скрыжаваннем вуліцы Гая з праспектам Янкі Купалы пачаліся затрыманні. Перада мной павалілі мужчыну і пацягнулі супрацоўнікі ў цывільнай форме адзення. Я палічыў сваім абавязкам абараніць яго і распыліў пярцовы балон, дастаўшы яго з заплечніка, у бок супрацоўнікаў у верхнюю частку тулава. Далей падбеглі астатнія людзі, якія ішлі з месца падзей, і я палічыў патрэбным сысці, таму што мяне за падобныя дзеянні сталі б шукаць. Хаваўся ў сяброў, дома і сваёй машыне», — сказаў Мікіта ў відэа.

Чытайце таксама: В Гродно акцию солидарности под РОВД разогнали силовики. Милиция: задержаны трое участников

Подруга Никиты Елена говорит, что он не собирался куда-то убегать из города. Ночевал дома или у знакомых. Спокойно ходил в магазин.Сяброўка Мікіты Алена кажа, што ён не збіраўся куды-небудзь уцякаць з горада. Начаваў дома або ў знаёмых. Спакойна хадзіў у краму.

«Ён казаў, што яго можа шукаць міліцыя. Магчыма, гэта за 25 жніўня, але вінаватым у чымсьці ён сябе не лічыў. У той дзень затрымалі азотаўцаў [тады затрымалі больш за 20 супрацоўнікаў прадпрыемства, — Hrodna.life] і ён пайшоў пад АУС Кастрычніцкага раёна, каб падтрымаць іх. Каля РАУС было шмат людзей і яны патрабавалі вызвалення супрацоўнікаў „Азоту“. У нейкі момант супрацоўнікі міліцыі ў цывільным сталі затрымліваць людзей. Былі чутныя крыкі „Дапамажыце“. Мікіта апынуўся ў эпіцэнтры, дзе людзі адбівалі чалавека. Хтосьці распыліў газ і ўсе разбегліся».

«Абрэзалі валасы і распылілі балончык у твар». Як затрымлівалі гродзенца, які заступіўся за азотаўцаў
Пры затрыманні Мікіту абрэзалі яго доўгія валасы. Фота з архіву Мікіты

Хто распыліў газ?

Алена мяркуе, што ў міліцыі ў Мікіты з ужываннем сілы выбівалі паказанні, таму ён і ўзяў усю віну на сябе.

У зводках МУС або прэс-службы УУС Гродзенскага аблвыканкама за 25 жніўня не было ніякай інфармацыі аб пацярпелым ад рук пратэстоўцаў супрацоўніку міліцыі.

«Мікіта моцны чалавек, але яго зламалі. Ён жыве з бабуляй, якая не ходзіць, даглядаў яе. Усе, хто яго ведаюць, могуць сказаць, што ён патрыёт свайго горада і заўсёды дапамагаў людзям: рамантаваў аўтамабілі, дзяліўся для здымак калекцыяй постапакаліптычных касцюмаў. Таму нядзіўна, што ў яго дома можна знайсці ўсе што заўгодна. Гэта паказалі аператыўнікі на відэа».

«Абрэзалі валасы і распылілі балончык у твар». Як затрымлівалі гродзенца, які заступіўся за азотаўцаў
Адзін з вобразаў Мікіты. Так ён выйшаў у цэнтр Гродна, калі ў Беларусі з’явіліся першыя выпадкі каранавіруса. Фота: Руслан Кулевіч

Вядома, што супраць Мікіты распачалі крымінальную справу па артыкуле 364 КК (Гвалт у дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў). Санкцыі артыкула прадугледжваюць арышт на тэрмін ад трох да шасці месяцаў, або абмежаванне волі на тэрмін да шасці гадоў. Зараз Мікіта знаходзіцца ў гродзенскай турме на Кірава.

Людзі прыйшлі пад РАУС з мірнымі намерамі

Гродзенскага грамадскага актывіста Яўгена Дудкіна затрымалі ўвечары 25 жніўня. Ён выступаў перад азотаўцамі каля будынка РАУС. Дудкін адзначае, што людзі ў той вечар прыйшлі з мірнымі намерамі і ніхто не збіраўся ўступаць у сутыкненне з сілавікамі.

«Людзей было шмат каля РАУС, але ніхто не быў агрэсіўна настроены. Ім важна было дамагчыся вызвалення азотаўцаў, чаго, уласна, і дамагліся. Як пачаліся затрыманні, я ўжо не бачыў, як і гэтага хлопца. Людзі потым пісалі, што на Гая ўжылі газ».

Пасля выступу каля РАУС Яўген з’ехаў і каля 21:30 яго выкралі людзі ў цывільным на выхадзе з тралейбуса.

Яўгена асудзілі за ўдзел у масавым мерапрыемстве каля будынка міліцыі. Ён атрымаў штраф 5 базавых велічынь (127 рублёў).

Чытайце таксама: «Меня похитили неизвестные». Активист Евгений Дудкин, которого задержали в троллейбусе, обжаловал в областном суде решение районного