У Гродне, напэўна, няма нікога, хто б разбіраўся ў грамадскім транспарце лепш за Аляксандра Стаскевiча. Студэнт аграрнага ўніверсітэта ведае пра беларускія аўтобусы і тралейбусы практычна ўсё. Тры гады ён вывучае грамадскі транспарт і пашырае створаную базу дадзеных.
Аляксандр ведае дакладную колькасць гарадскога транспарту ў Гродне, а таксама якi тралейбус ці аўтобус па якім маршруце ездзіць. Сваім незвычайным хобі гродзенец пачаў займацца тры гады таму, калі яму было 17.
«Творчасць своеасаблівая, можа ў пэўнай ступені дзіўная. Трэба сачыць за навінамі ў транспартным асяроддзі і за паступленнем новай тэхнікі. Фатаграфаваць ужо існуючы транспарт, бо кожны аўтобус і тралейбус мае сваю гісторыю. Пачалося ўсё з фотаздымкаў, але шчыра, ужо і сам не памятаю, як усё было. Здаецца, пачыналася з пару кадраў на мой тагачасны лічбавы фотаапарат. Паступова стала з’яўляцца ўсё больш добрых фатаграфій. Мяне заўважылі і запрасілі займацца навінамі на адмысловым сайце пра транспарт», — распавядае Аляксандр.
Пачынаючы з 2013 году Аляксандр зрабіў каля тысячы фота гродзенскіх аўтобусаў і тралейбусаў. Такіх людзей у свеце называюць «транспартнікамі».
«Большасць маіх фота захоўваюцца на сайце, на якім я размяшчаю свае артыкулы, а таксама ў спецыяльнай групе Вконтакте. Пішу пераважна аб розных мерапрыемствах, якія адбываюцца ў сферы транспарту Гродна, паступленнi новай тэхнікі, а таксама раблю агляды.
Мне цікавая гэтая сфера. Шмат незвычайнага можна даведацца, пра што раней нават і падумаць не мог. Напрыклад, пра тое, што тралейбус сілкуецца ад сеткі 550 В, або як адбываецца працэс праграмавання інфарматара, які абвяшчае прыпынкі, або адрозненні адной мадэлі ад іншай ды многае іншае".
Аляксандр афіцыйна не працуе ў сферы гарадскога транспарту, але па сваіх каналах яму ўдаецца даведвацца пра навінкі і паломкі аўтобусаў і тралейбусаў, а таксама пра змены маршрутаў. Хлопец лічыць, што гродзенскім упраўленням транспарту, як аўтобуснаму, так і тралейбуснаму, не варта раўняцца на іншых — ім трэба будаваць сваю сістэму і далей развіваць сетку ў іншыя кропкі горада, дзе яшчэ няма транспарту.
Аляксандр адзначае, што неўзабаве ў Гродне з’явяцца новыя бескантактавыя тралейбусы. Магчыма, для іх распрацуюць новы маршрут.
«Як і ў іншых гарадоў, у нас ёсць і плюсы, і мінусы. З плюсаў: захаванне графікаў, ахайны выгляд транспарту. У параўнанні з іншымі гарадамі, дзе ездзяць абшарпаныя аўтобусы і тралейбусы, у нас сочаць за іх знешнім выглядам і тэхнічным станам. Своечасова інфармуюць аб зменах. Мінусаў таксама хапае: першы і галоўны — „зайцы“. А таксама рэдкія інтэрвалы, часам аўтобуса няма 30−40 хвілін і ён прыязджае поўны, у які амаль не ўлезці».
Ёсць у Аляксандра і любімыя аўтобусы і тралейбусы ў Гродне. Ён іх пазнае з тысячы.
«Напрыклад, МАЗ-107, падабаецца тым, што вельмі мяккі і дагледжаны. Кіроўцы сочаць за яго станам. Яшчэ падабаецца адносна новы МАЗ-206 — ён вельмі зручны і жвавы. Што тычыцца тралейбусаў, то таксама маю два любімыя. № 16 незвычайны тым, што ў ім усталяваны кандыцыянер у салоне, у яго шырокая геаграфія (Чарнігаў - Севастопаль — Гродна) і даволі ціхі рух. А № 02 гэта адзіны ў Беларусі тралейбус МАЗ. Выглядае, быццам аўтобусу прымайстравалі рогі».
Вучыцца Аляксандр на агранома. Пра будучую працу пакуль яшчэ не думаў, гэтым ён плануе заняцца пасля заканчэння навучання. Але ў тралейбусным упраўленні і аўтобусным парку «транспартніка» многія ўжо ведаюць, у тым ліку і кіраўніцтва.
Дарэчы, дзяўчына Аляксандра, хоць і павярхоўна, але таксама звязаная са сферай транспарту.
Па Гродне ездзяць пераважна аўтобусы маркі МАЗ і тралейбусы маркі БКМ (Белкамунмаш). Гэтую аднатыпнасць разбаўляюць аўтобусы маркі Нёман і тралейбусы ЗІУ (завод імя Урыцкага), таксама адзін тралейбус маркі МАЗ.
У Гродне каля 270 аўтобусаў і 137 тралейбусаў. Самы стары аўтобус гэта МАЗ-104 1999 года, а самы стары тралейбус гэта рэтра-тралейбус № 187 1989 года выпуску.
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…