У Гродне знішчана сістэма навуковай рэстаўрацыі ды не вядзецца навуковае вывучэнне гарадской архітэктуры, але сітуацыю можна паволі развярнуць у лепшы бок. Hrodna.life прапануе гарадскім уладам задумацца пра перспектыву — у кожным значэнні гэтага слова.
Яшчэ некалькі гадоў таму гаварыць пра такія «спецыфічныя» архітэктурныя і горадабудаўнічыя справы не мела сэнсу. Сёння гарадскія ўлады, здаецца, пачалі прыслухоўвацца да грамадскіх ініцыятываў у справе захавання гісторыка-культурнай спадчыны і гістарызацыі гарадской прасторы. Можна сказаць, хоць трохі перайшлі ад словаў да справаў. У горадзе з’яўляюцца шыльды з гістарычнымі назвамі вуліц, зрушылася справа перабудовы Старога Замка, менш зносяць старых дамоў…
Знішчана сістэма рэстаўрацыі, з раскопкамі - катастрофа
Але тое толькі першыя прызнакі. Збольшага ўсё застаецца па-старому. У горадзе цалкам знішчана сістэма навуковай рэстаўрацыі, за выключэннем аднаго манапаліста амаль не засталося праектна-архітэктурных арганізацый, навуковае вывучэнне гарадской архітэктуры не вядзецца, існуе проста катастрафічная сітуацыя з археалагічнымі раскопкамі.
[irp posts="3891″ name="Андрэй Чарнякевіч пра архітэктурную спадчыну Гародні: «Мы страцілі роўна столькі, колькі паспелі сабе прысвоіць""]
Будзем спадзявацца, што сітуацыя будзе па-троху выпраўляцца, аднак варта зрабіць некалькі прапановаў, якія, магчыма, будуць пачутыя гродзенскімі ўладамі і па-троху пачнуць праводзіцца ў жыццё.
Думаць пра перспектыву
Першая прапанова — задумацца пра перспектыву ў горадабудаўнічым, архітэктурным сэнсе. Хоць гістарычная забудова Гродна паўставала досыць стыхійна, аднак характэрна, што ў канцы любой вуліцы знаходзіўся цікавы архітэктурны аб’ект, які было бачна здалёк. Гэта магла быць брама, званніца, цікавы будынак, проста прыгожая клумба.
Адбудаваць званіцу брыгітак
Што можна зрабіць сёння? Першым і вельмі важным крокам для аднаўлення цікавых перспектываў Гродна павінна стаць адбудова званніцы кляштара брыгітак. Яе будзе цудоўна бачна і з боку Савецкай плошчы і з боку праспекта Касманаўтаў. Больш таго, улады ўпершыню змогуць заявіць, што бяруцца за аднаўленне аб’екта ЦАЛКАМ знішчанага ў пасляваенныя гады.
Дзе яшчэ можна знайсці перспектыву
Маглі бы выратаваць сітуацыю цікавыя «перспектыўныя» знаходкі ў працэсе новага будаўніцтва ў скверы за палацам тэкстыльшчыкаў. Справа ў тым, што брама паміж дамамі № 3 і № 5 па вуліцы Замкавай некалі акурат глядзела на старую вуліцу Кляшторную. З другога боку вуліца перакрыта Домам Быта, але ягоны фасад можна было б рэканструяваць так, каб у ім згадвалася, напрыклад, брама-званніца былога кляштара бернардзінак.
[irp posts="15 115″ name="Замкавая вуліца павінна быць пешаходнай! Як гэта зрабіць, захаваўшы парковачныя месцы"]

Перспектыва — на помнікі
Канешне, сёння цікава было б бачыць у перспектыве вуліц помнікі. Даўно абмяркоўваецца выява помніка-стэлы з выявай аленя Святога Губерта на плошчы каля чыгуначнага вакзала або (што найлепш) на кальцы на скрыжаванні вуліц Гарнавых і Савецкіх Пагранічнікаў. Помнік Стэфану Баторыю на Савецкай плошчы быў бы бачны і з боку Савецкай і з боку Маркса і з боку Замкавай. Але на тое таксама патрэбныя новыя прынцыповыя ініцыятывы гарадскіх і абласных кіраўнікоў.

