Навіны

«Магчымы пенсійны ўзрост». 700 медыкаў шукаюць у Гродзенскай вобласці — недахоп можа быць большым

754 медыцынскіх работніка шукаюць у Гродзенскай вобласці. Сярод іх — 427 лекараў, 205 медсясцёр і 77 санітараў. Шукаюць нават галоўдоктараў і іх намаў. У некаторых аб’явах пазначана, што возьмуць на працу лекара нават пенсійнага ўзросту. Рэдакцыя Hrodna.life прапаналізавала сайт Дзяржаўнай службы занятасці, а эксперт патлумачыў, што недахоп можа быць насамрэч яшчэ большым.

«Рэкардсменамі» па недахопе ўрачоў сталі Ашмяны, Дзятлава і Іўе. 62 медыкі не хапае ў Ашмянскай ЦРБ. У тым ліку шукаюць загадчыка паліклінікі і загадчыка амбулаторыі ў Граўжышках (аграгарадок недалёка ад літоўскай мяжы). 44 вакансіі адкрыта ў Дзятлаўскай ЦРБ, па 42 — у Іўеўскай і Слонімскай. У Карэліцкую ЦРБ шукаюць 35 медыкаў, 34 — у Бераставіцкую, 33 — у Шчучынскую.

У Лідскай ЦРБ не хапае 18 урачоў, 15 — у Воранаўскай, 11 — у Смаргонскай.

Што ў Гродне?

У Гродне шукаюць 126 урачоў:

  • 28 — у Цэнтральную гарадскую стаматалагічную паліклініку Гродна,
  • 24 — у Гродзенскі абласны клінічны скурна-венералагічны дыспансер,
  • 18 — у Гродзенскую цэнтральную гарадскую паліклініку,
  • 15 — у Гарадскую клінічную бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі Гродна,
  • 15 — у Гарадскую паліклініку № 3 Гродна,
  • 15 — у Гарадскую клінічную бальніцу № 4 Гродна,
  • 15 — у Гродзенскі абласны клінічны перынатальны цэнтр.

Бракуе начальнікаў

У Іўеўскую ЦРБ шукаюць намесніка галоўнага ўрача. Яму заплацяць 2500−2700 рублёў.

Намесніку галоўнага лекара ў Лідскай ЦРБ заплацяць менш — 1200−1500 рублёў.

У Гродне шукаюць намесніка галоўнага ўрача па медыцынскай частцы ў Гродзенскі абласны клінічны скурна-венералагічны дыспансер. У яго павінен быць стаж працы на кіруючай пасадзе не менш за тры гады і перападрыхтоўка па спецыяльнасці «Арганізацыя аховы здароўя». Яму гатовы плаціць 3561,14 рублёў.

Лекар. Ілюстратыўнае фота pixabay.com

Загадчыка здраўпункта — ўрача-тэрапеўта шукаюць на прадпрыемствы «Навагрудскія Дары» філіяла «Лідскага малочна-кансервавага камбіната».

Аб недахопе ўрачоў у рэгіёнах гавораць і чыноўнікі. Асабліва не хапае анестэзіёлагаў, рэаніматолагаў і дыягностаў. Іх патрэбнасць хочуць закрыць з дапамогай выпускнікоў.

Шукаюць і персанал

Таксама ў Гродне шукаюць 89 медсясцёр і 40 санітараў. Санітарам плацяць па 400−600 рублёў за стаўку. Іх возьмуць з агульнай сярэдняй і базавай адукацыяй. Гродзенская цэнтральная гарадская паліклініка гатова кампенсаваць санітару праезд на працу ў Індурскі ўчастковы шпіталь. Медсястры гатовы плаціць ад 400 да 1200 у залежнасці ад іх кваліфікацыі.

У вобласці маюць патрэбу ў 77 санітарах і 205 медсястрах.

У спецыяльнай школе-інтэрнаце Ваўкавыска медыцынскай сястры-дыетолагу прапануюць для поўнай стаўкі ўзяць яшчэ 0,5 стаўкі прыбіральніка памяшканняў.

Таксама медсястру шукаюць у гродзенскае аддзяленне АСВОД. Яна павінна ўмець плаваць і кіраваць вяслярнай лодкай.

Зарплаты

Акрамя начальнікаў, адзін з найбольшых заробкаў можа быць у лекара-анестэзіёлага-рэаніматолага і загадчыка аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі ў Зэльвенскай ЦРБ — 2474,49−2576,52 рублёў.

1800−2300 рублёў гатовы плаціць урачу ў 1134 ваенным клінічным медыцынскім цэнтры Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.

Стаўка лекара пачынаецца ад 600 рублёў. Ёсць вакансіі на 0,5 і 0,25 стаўкі - тады ім будуць плаціць яшчэ менш. Найбольш часта сустракаюцца прапановы ад 1000 да 1700 рублёў.

У тым ліку шукаюць 173 ветэрынарныя ўрачы.

Лекар. Ілюстратыўнае фота pixabay.com

Недахоп лекараў можа быць яшчэ большым

Ацаніць недахоп урачоў па тым, колькі вакансій выкладзена, складана, лічыць урач Валерый, былы начальнік аддзялення рэанімацыі ў бальніцы Гродна. Вакансій можа быць і ў два-тры разы больш. «Па досведзе, вакансіі падаюцца, калі рэальна ўсе іншыя механізмы вычарпаны і няма магчымасці знайсці сярод знаёмых і біржы працы. Тады аддзел кадраў падае, колькі санітараў [бракуе]. Каб лекараў падавалі на афіцыйныя пошукавікі - гэта выключная мера», — тлумачыць Валеры.

У Беларусі нарматыў - 40 лекараў на 10 000 насельніцтва. «Калі трэба 400 лекараў - недахоп як быццам бы 10%. Але гэта надводная частка айсберга. Урачы, медсёстры, санітарачкі працуюць на паўтары-дзве стаўкі. Калі ўсіх пасадзіць на стаўку, ужо будзе ў два разы больш вакансій», — лічыць лекар.

Што да працаўнікоў пенсійнага ўзросту, малодшы медперсанал складаецца з іх на 60%. Лекары-пенсіянеры таксама зручныя адміністрацыі, паколькі «залежныя» ад яе: ім падаўжаюць кантракт на год. Таму яны будуць апалітычныя і не будуць патрабаваць асаблівых умоў. Пры гэтым гэта каштоўныя кадры — яны вопытныя, працаздольныя, у той час як лекары 30−40 гадоў, аптымальныя па працаздольнасці і вопыту, з’язджаюць за мяжу.

Страшней за ўсё — недахоп у рэгіёнах

«Гэта вельмі дрэнна. Паколькі там у адной бальніцы Ашмянскай працуе ўсяго, напрыклад, 100 урачоў. Калі не хапае 30 ці 40 лекараў - гэта азначае, што не хапае большай іх часткі. Гэта катастрофа. У горадзе ўсё ж больш маладых людзей асядае, пасля размеркавання ўсе едуць у вялікія гарады. А раённыя цэнтры — гэта вялікая праблема. Не важна, якіх спецыялістаў - там усіх не хапае».

Апошнія 15 гадоў недахоп медыкаў у раёнах папаўняюць за кошт маладых спецыялістаў, якія прыязджаюць на размеркаванне — і адразу пасля яго з’язджаюць.

Уплывае на пацыента і недахоп медсясцёр і санітараў.

Фота ілюстрацыйнае. Martin Brosy, unsplash.com

«Натуральна, калі бракуе персанала, які падтрымлівае непасрэдны кантакт з пацыентаў, ён не атрымае медпрацэдур. Маладыя медсёстры не змогуць катэтары перыферычныя (катэтэры для працяглага ўвядзення ў перыферычныя вены — Hrodna.life) паставіць, інфузійную тэрапію (увядзенне ў крывацёк раствораў - Hrodna.life) наладзіць. Будзе больш ускладненняў - інфекцыйных і іншых. З-за таго, што медсястра альбо стомленая пасля перагрузкі, альбо неспрактыкаваная, якая не зможа зрабіць нешта ці нашкодзіць. Функцыі медсястры ці санітара ў тым ліку — вербальны кантакт з пацыентам, гэта эмпатыя, усмешка, добрае слова. Гэтага менш і менш», — тлумачыць Валеры.

Чаму лекары не ідуць у начальнікі

«Замгалоўдоктара па медыцынскай частцы — самая складаная пасада. Ты за ўсё адказваеш, шмат грошай не атрымліваеш, і на табе вісіць усё. Галоўдоктар перадае ўсе паўнамоцтвы па максімуме наму — і ён займаецца і лячэбнай, і кадравай, і палітычнай, і ідэалагічнай працай. Да таго ж, трэба мець здольнасці і талент — адзінкавыя людзі могуць быць „начмедамі“. Цяпер ніхто не хоча ісці на кіруючыя пасады. У нашай краіне гэта акрамя адказнасці нічога не дае — ні фінансавай, ні сацыяльнай падтрымкі», — лічыць Валерый.

Тое ж тычыцца і кіраўнікоў паліклінік — гадоў 20−30 гадоў таму да гэтага ўсе імкнуліся. Апошнія 10 гадоў імі ўжо баяліся быць з-за сталага прэсінгу. Загадчык павінен быў хадзіць на ўсе кансіліумы, удзельнічаць у дэманстрацыях падчас дзяржсвят, збіраць грошы на газеты. «Усё менш было ў загадчыка функцый медыцынскіх — і ўсё больш адміністрацыйна-ідэалагічных».

Урачы стараюцца з’ехаць з Беларусі

Што да нізкіх зарплат, справа ў прыярытэтах дзяржавы, якая аддае перавагу сілавікам, лічыць Валерый. «Раней была тэза: лекару не трэба плаціць, яго пацыенты пракормяць. А потым пра гэта забыліся, бо ідзе барацьба з карупцыяй. А плаціць грошы не падумалі. У свеце нідзе такога няма. Можна па пальцах рукі пералічыць краіны, дзе так брыдка плацяць медработнікам».

Пасля 2020 года медыцына пайшла ў яшчэ большы крызіс, мяркуе лекар па інфармацыі, якая да яго даходзіць з Беларусі. У прыклад Валеры прыводзіць справу траўматолагаў, з-за якой у свой час у краіне была паралізаваная замена суставаў. Пры гэтым чэргаў больш не стала, даступнасць дапамогі не пагоршылася і ўсё яшчэ застаецца лепшай, чым, напрыклад, у Польшчы. Але яна фармальная: пацыента паглядзіць малады лекар, які не паставіць дыягназ і не прызначыць лячэнне.

«У 2020 годзе медыкі, як людзі разумныя і якім уласціва прыроднае пачуццё абвостранай справядлівасці, бачылі, наколькі дзяржава хлусіць — пачынаючы ад выбараў і заканчваючы рэпрэсіямі. Яны былі ў першых шэрагах, якія былі супраць гвалту. Большая частка, хто можа, імкнуцца з’ехаць з краіны — яны ў крайняй ступені расчараваліся ў сістэме. Мала таго, што не плацяць грошы, дык яшчэ і пераследуюць людзей за праўду», — распавёў Валеры, які сам быў вымушаны з’ехаць з Беларусі.

Медыкі Гродна запісалі відэазварот. Скрыншот Hrodna.life

Конкурсу ў медвузах не будзе

Сітуацыя палепшыцца, калі статус урача ў краіне падымецца — у тым ліку фінансава, перакананы Валерый. Рэпрэсіўныя метады не дапамогуць. Ужо зараз у Беларусі не выдаюць дакументаў, каб настрыфікаваць дакумент за мяжой. Жадаюць унесці максімальнае размеркаванне на пяць гадоў.

Людзі проста перастануць ісці ў медвузы, лічыць урач. Калі раней конкурс у медвузе быў 1:7, то зараз конкурсу практычна няма. «Калі ў медыцыну ішлі лепшыя, яны і павінны атрымліваць грошы лепш за ўсіх. А па выніку ты атрымліваеш менш за сяржанта міліцыі, якія скончыў сярэднюю школу і пасля войска пайшоў у міліцыю. Ён атрымлівае 1500 рублёў і лекар з вышэйшай катэгорыяй атрымлівае 1500 рублёў».

Пацерпяць ад гэтага пацыенты, лічыць Валерый. «Заўсёды ў закладніках пацыент — яны будуць жыць менш, іх якасць жыцця будзе горшая».

Падзяліцца

Апошнія запісы

Парасон, халат, check-up здароўя. 11 ідэй, што падарыць мужчыну на свята

Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…

20 снежня 2024

«Навявае сплін і абурэнне». Беларус наведаў Навагрудак і расчараваўся — горад запушчаны, а сэрвіс не развіты

Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…

18 снежня 2024

Віціна, дракар ці славянскае фэнтазі? Чаму праект рэстарана-ладдзі на Нёмане выклікае пытанні

Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…

18 снежня 2024

Дыякан, хакер і шматдзетны бацька. Як беларус выканаў амерыканскую мару

Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…

17 снежня 2024

Усяслаў Чарадзей — квадробер, а Францішка Уршуля Радзівіл — найк про. Тлумачым моладзевы слэнг на гістарычных постацях

Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …

9 снежня 2024

Можна пакаштаваць на большасці заправак. Як у Гродне пражаць каву для ўсёй Беларусі

Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…

9 снежня 2024