Шэры і яе гаспадыня Святлана Кастэнка сустрэлі адна адну не інакш, як пад шчаслівай зоркай. Абедзьвюм была патрэбна сяброўская падтрымка. Святлана аднаўлялася пасля складанай аперацыі, а безымяннае шчаня чакала  рашэння свайго лёсу. Сустрэча выратавала абедзьвюх, а зараз яны працягваюць ратаваць іншых. Пра тое, што насамрэч патрэбна сабаку, як яго не расчараваць і самому не расчаравацца ў гадаванцы, Святлана распавяла Hrodna.life.

“Не забаўка і не дзіця”. Як выхаваць сабаку-кампаньёна на карысць сабе і людзям

Радавод ні пры чым. Галоўнае – выхаванне

“Сабаку я брала свядома. Перад тым прачытала шмат літаратуры па выхаванні. І да гэтай пары таксама шмат чытаю і вучуся разам з Шэры”, – расказвае Святлана Кастэнка. Знайшлі шчаня па аб’яве. Гаспадары прасілі забраць непатрэбнае малое хаця б бясплатна. Гаспадарская сабака, маці Шэры, была аўчаркай. Пра бацьку казалі, што “служыць на мяжы”. “Але я думаю, звычайны падзаборны падлец быў яе бацька”, – жартуе Святлана з меркаванага радаводу Шэры.

“Не забаўка і не дзіця”. Як выхаваць сабаку-кампаньёна на карысць сабе і людзям

Шчаня было худое, бруднае, недагледжанае і вельмі запалоханае. На вуліцы імкнулася ўцячы, як толькі бачыла хоць якога сабаку, а пачуўшы гучны голас, проста сікалася ад страху. Святлана зацікавілася псіхалогіяй сабак, спосабамі іх адаптацыі і сацыялізацыі.

“Сабака не даваў да сябе дакрануцца. Каб сышоў страх, больш месяца штодня рабіла масаж – ад  пазногцяў да хваста, каб яна прызвычаілася да дотыкаў, расслабілася і не баялася людзей. На вуліцы прасіла ўладальнікаў сабак, каб дазволілі нам з Шэры ісці за імі следам, каб прывыкала патрохі”.

Сяброўка дзецям і мама кацянятам

Паступова са знерваванага шчаняці Шэры стала ўпэўненай у сабе і вельмі сяброўскай. “Дома зараз жывуць яшчэ два каты. У госці часта прыходзяць трое ўнукаў, таксама мы ходзім на заняткі да дзяцей з інваліднасцю. Гуляць з Шэры ўсе любяць. Яна нікога не крыўдзіць”.

“Не забаўка і не дзіця”. Як выхаваць сабаку-кампаньёна на карысць сабе і людзям

Больш за тое, аднаго з хатніх катоў Шэры літаральна выкарміла ўласным малаком. Падабранае на вуліцы кацяня важыла 150 грамаў і хварэла больш месяца. Шэры даглядала малога разам са Святланай. “Шэры так за кацянём завіхалася, што урэшце ў яе з’явілася малако і яна малое выкарміла. Потым яшчэ аднаго такога ж падкідыша суседзі прынеслі. Так Шэры стала мамай для дваіх кацянят, хаця сама ні разу не нараджала”.

“Адной любові будзе мала”

Сакрэт паспяховага выхавання сабакі, паводле Святланы Кастэнка, у тым, каб увесь час заставацца цікавай асобай для сабакі  і даваць шанец гадаванцу праяўляць сябе.

“Не забаўка і не дзіця”. Як выхаваць сабаку-кампаньёна на карысць сабе і людзям

“Канечне, сабаку трэба любіць. Але гэтага недастаткова. Апроч любові, трэба даць гадаванцу працу. Для Шэры праца – пошук. Больш за год, як мы сталі валанцёрамі ратавальнага кіналагічнага атрада Чырвонага Крыжа”.

Чытайце яшчэ:  Сабакі, якія ратуюць людзей. Як працуе ў Гродне валанцёрскі кіналагічны атрад

А калі працы няма, то трэба забяспечыць гадаванцу добрую нагрузку, лічыць Святлана. “Трэба больш гуляць. Не так, што 10 хвілін – і дахаты. Мы з Шэры каля пяці кіламетраў за раз праходзім, мяняем маршруты, гульні, заданні. Трэба, каб сабаку было цікава з гаспадаром, каб не хацелася ўцякаць. І канечне, трэба заўважаць усе поспехі і хваліць за іх”.

Падчас шпацыру  мы мелі шанец у тым пераканацца. Шэры ніколі не кінецца за катом ці вавёркай, пакуль не “ўзгодніць” дзеянні з гаспадыняй.

“Не забаўка і не дзіця”. Як выхаваць сабаку-кампаньёна на карысць сабе і людзям

“Бачыш – там дзве коткі сядзяць? Шэры іх знайшла і чакае маёй рэакцыі. Трэба пахваліць, даць смакотку і скіраваць далей. Знайшла – маладзец. А вось ганяць – не наша справа”, – тлумачыць Святлана тонкасці “размоваў” з сабакам.

Падчас шпацыру можна хавацца за дрэвы, каб сабака мог пашукаць гаспадара. Дома – пагуляць. “Хаця б у “напарсткі”. Пад адзін з трох непразрыстых кубачкаў пакласці кавалак корму і папрасіць сабаку знайсці”, – гульні заўжды цікавыя і развіваюць інтэлект.

Што да паводзінаў, то іх таксама трэба вывучаць. “Часта праблемай робіцца, што сабака скавыча ў кватэры, калі гаспадары сыходзяць на работу. Гэта ад суму і адзіноты ён кліча стаю”.

На такія выпадкі можна зрабіць для сабакі простыя забаўкі. Напрыклад, у пустую пластыкавую бутэльку з адтулінамі пакласць трохі сухога корму. Сабаку будзе чым заняцца – паганяць і пакруціць “пагрымушку”, каб дастаць корм.  Гульняў і развівальных забаваў можна знайсці шмат, мяркуе Святлана. І кожны ўдумлівы гаспадар можа стаць і сябрам свайму сабаку, і яго персанальным псіхолагам.

“Не забаўка і не дзіця”. Як выхаваць сабаку-кампаньёна на карысць сабе і людзям

“Некаторыя бяруць сабаку, як забаўку, некаторыя ставяцца да яго, як да дзіцяці. Але сабака – не  цацка і не гульня. Гэта  памочнік і кампаньён, з якім разам жывеш і працуеш”.