Блогер Яўген Аснарэўскі распрацаваў карту прысвечаную яўрэйскай спадчыне Гродна. На маршрут ён нанёс 16 славутасцяў, якія, на яго думку, могуць прыцягнуць чалавека, які цікавіцца гісторыяй яўрэяў на Гродзенскай зямлі.

У Гродне гэта не першая падобная карта, але першая якая даступная для сцягвання. Канцэпцыя, маршрут, дызайн карты — усё аўтарскае. У Яўгена няма нейкіх вялікіх дадатковых планаў папулярызацыі сваёй распрацоўкі.

«Гродна валодае надзвычай багатай яўрэйскай спадчынай, а прапанаваны маршрут дазваляе пазнаёміцца ​​з некаторымі важнымі яе часткамі, — распавядае Яўген. — Працягласць шляху ад ЦСК «Нёман» да вуліцы Антонава з наведваннем тых 15 аб’ектаў, якія адзначаны на карце, можа скласці каля 5 кіламетраў, а гэта значыць, што магчыма прайсці маршрут пешшу.

Апошні аддалены 16-ы аб’ект — могілкі ў Ласосна, можна, для тых каму складана прайсці вялікі маршрут за дзень, выключыць ці пакінуць на потым. Можна і скарыстацца транспартам. Усе аб’екты маршруту даступныя, іх можна назіраць звонку, а некаторыя нават без праблем наведаць, бо яны з’яўляюцца агульнымі".

Яўген адзначае, што на карце магло б быць значна больш славутасцяў яўрэйскай спадчыны. Але блогер вырашыў выбраць 16 самых важных. Напрыклад, яўрэйская аптэка, бальніца, фабрыка, духоўныя ўстановы і два гета. На карце ёсць адрас кожнага аб’екта, геаграфічныя каардынаты і рэкамендацыі, якiя тычацца паслядоўнасці наведвання.

Не толькі сінагога. Блогер распрацаваў карту і маршрут па яўрэйскай спадчыне Гродна

Ёсць карта і на 200 знакавых месцаў яўрэйскага жыцця ў Гродне

Кожны год у Гродна прыязджае вялікая, па беларускіх мерках, колькасць турыстаў. Сярод іх ёсць і тыя, хто цікавіцца менавіта яўрэйскай спадчынай горада. Старшыня іўдзейскай рэлігійнай абшчыны Гродна Барыс Квяткоўскі адзначае, што ў асноўным такія турысты едуць шукаць сваякоў або памятныя мясціны.

«З Ізраіля пастаянных груп у нас няма, ёсць толькі адзінкавыя турысты, якія часцей за ўсё цікавяцца пытаннямі, якія звязаныя з жыццём сваякоў у даваенным і пасляваенным Гродне, — распавядае Барыс Квяткоўскі. — Не даведаўшыся нічога, шмат хто проста з’язджае.

Што тычыцца карты са значнымі яўрэйскімі месцамі ў Гродне, то, думаю, яна б карысталася цікавасцю ў турыстаў. Напрыклад, летам 2017 года прыезджыя актыўна наведвалі яўрэйскія могілкі. Яшчэ да новай карты мы неяк займаліся распрацоўкай уласнай. Яе на маю замову рабіў Віктар Саяпін і тады на карце было каля 200 месцаў яўрэйскага жыцця ў Гродне. Карта была распрацавана, але не рэалізавана. Там адзначаны і месцы, дзе гродзенцы хавалі яўрэяў падчас вайны, дзе знаходзіліся розныя заводы і многае іншае. Карту нашу я разглядаю як эксклюзіў - чакаем спонсараў, каб яе выпусціць".

Такія карты развіваюць турызм

У 2017 годзе ў горадзе і ваколіцах пабывала больш за 43 тысяч бязвізавых гасцей, едуць і турысты з візамі. Гродзенскі экскурсавод са стажам Аляксандр Хацько лічыць, што чым больш у Гродне будзе розных карт з маршрутамі, тым для турыстаў лепш.

«Карту Яўгена падрабязна яшчэ не глядзеў, але ўжо сама сутнасць нейкага раздатачнага мэтавага турыстычнага матэрыялу — патрэбная і карысная справа. Гэта развівае турызм у горадзе, таму што ёсць розныя катэгорыі турыстаў, якіх цікавіць пэўная тэма.

[irp posts="49 900″ name="У Гродне выдалі карту-трансформер для турыстаў з гідам аленем Лявонам"]

Калі браць менавіта яўрэйскую тэму, то Гродна багаты на гісторыю гэтага народа. Яўрэі адыгралі вялікую ролю ў культуры і эканоміцы нашага горада. Так што з’яўленне такіх карт — безумоўна плюс. У будучыні карты можна дапрацоўваць і падладжваць пад турыстаў. Але такі матэрыял павінен быць цікавы не толькі прыезджым, але і мясцовым. Напрыклад, нашы школьнікі практычна нічога не ведаюць пра яўрэйскую спадчыну Гродна".

Аляксандр адзначае, што Гродна зараз адкрыты для турыстаў, сюды прыязджаюць прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў. На яго думку, турыстам былі б цікавыя карты і спецыялізаваныя маршруты не толькі звязаныя з гісторыяй яўрэйскага народа, але і літоўскага і іншых.