Людзі і справы

«Не нашкодзіць прыродзе сваёй прысутнасцю». Хто і навошта ладзіць прыборку смецця на Гродзеншчыне

У бліжэйшую суботу, 1 кастрычніка, па ўсёй Беларусі пройдуць валанцёрскія прыборкі смецця ў межах сусветнай кампаніі «Зробім». Напярэдадні акцыі каардынатары мерапрыемства па Гарадзенскай вобласці расказалі «Твайму стылю», калі і чаму вырашылі стаць валанцёрамі, з якімі цяжкасцямі даводзіцца сутыкацца і, галоўнае, — ці маюць такія акцыі вынік.

Вольга Шынкевіч, пазаштатны карэспандэнт «Газеты Слонімскай»

Прыкладна год таму выпадкова мне на вочы трапіла абвестка пра рэспубліканскую акцыю «Зробім!», якую валанцёры па ўсёй краіне праводзяць з 2012 года. Вельмі захацелася далучыцца да тых, хто не толькі словам, але і справамі робіць свае родныя мясціны больш прыгожымі.

У 2015 годзе, калі вырашыла сабраць людзей на ўборку Слоніма, я працавала карэспандэнтам мясцовага тэлебачання. Тады здавалася, што хопіць і адной абвесткі на ТБ, каб людзі далучыліся да добрай справы. Але гэта было вельмі саманадзейна. На першую акцыю прыйшло чатыры чалавекі, прычым трое былі калегамі-журналістамі. І толькі адзін слонімец трапіў да нас мэтанакіравана, без усякіх там сяброўскіх адносін.

Тады мы ўчатырох добра папрацавалі, бо смецця было дастаткова. На другую прыборку прыйшло трохі больш чалавек — пяць. На трэцюю — амаль 40, да нас далучыліся дзеці з мясцовага Цэнтру дзіцяча-юнацкага турызму. У гэтым годзе, спадзяюся, буду не адна прыбіраць.

Людзі станоўча рэагуюць на такія акцыі, але ж, на жаль, на гэтым адабрэнні часта ўсё і заканчваецца. І ўсё ж, я лічу, што кожная акцыя не праходзіць бясследна.

Людзі бачаць, што застаецца пасля прыборкі - горы пакетаў са смеццем. Магчыма, хто-небудзь задумаецца і не будзе забруджваць сваю зямлю, пашануе чужую працу. Прынамсі, тыя, хто працаваў на прыборцы, ужо дакладна не кінуць паперку проста так.

Да таго ж, калі людзі бачаць, што такія акцыі неаднаразовыя, што праводзяцца не дзеля птушачкі, а даюць сапраўдны вынік, то пачынаюць давяраць больш.

Аляксандр Дарашэвіч, гаспадар аграэкасядзібы «Хутар Камарышкі», блогер

Я турыст з 30-гадовым стажам. Асновы закладваліся ў савецкія часы, і адным з патрабаванняў было не нашкодзіць прыродзе сваёй прысутнасцю. Тады паходы праходзілі ў цяжкадаступных, маланаселеных месцах СССР і забруджванні прыроды не трапляліся.

Тут жа ўбачыў жахлівую карціну. Напэўна, гэта звязана яшчэ і з масавым ужываннем пластыку. З тэрыторыі хутара мы вывезлі на палігон незлічоную колькасць смецця. Але і бліжэйшыя лясы выкарыстоўваліся ў якасці звалак.

Спачатку, у залежнасці ад настрою, як правіла вясной, пасля сыходу снегу, праходзіліся па найбліжэйшых лясах і збіралі смецце. Аб’ёмы яго былі такія, што разумелі: у адзіночку праблему не вырашыць. Тым больш, што працэс вывазу смецця ў лес не спыняўся.

Некалькі гадоў таму трапіла на вочы інфармацыя пра вялікую валанцёрскую ўборку. У прызначаную дату выйшлі на ўборку і мы. Паколькі мы вядзём блог пра жыццё на хутары, то ўсе дзеянні і фатаграфіі размяшчалі там.

Неяк само прыйшло разуменне неабходнасці выступіць каардынатарам у нашай мясцовасці. Па сваім досведзе ведаю, наколькі прасцей удзельнічаць, калі нехта іншы арганізоўвае.

Вясновая прыборка 2016 года стала маім першым вопытам. Нічога складанага, але рэакцыя некаторых здзівіла. Большасць палічыла, што гэта ў мяне такі бізнес і мне на гэта даюць немалыя грошы. Лясніцтва было незадаволена тым, што я хачу прыбіраць тэрыторыю, якая замацаваная за імі і павінна быць па азначэнні чыстая.

На заклік адгукнуліся школы, бліжэйшыя аграсядзібы, прыехаў брат з сям’ёй. Увогуле сабралася шмат удзельнікаў і мы прыбралі вялікую тэрыторыю. Пасля ўборкі пастараўся арганізаваць для ўдзельнікаў забаўляльную праграму і чаяванне.

Не абышлося і без накладак. Падчас уборкі планавалася сартаваць смецце, а аддзеленае шкло і пластык здаць на перапрацоўку, атрыманыя сродкі пералічыць у школьнае лясніцтва.

Аднак, колькі я не засяроджваў увагу школ, што неабходна прыцягнуць дзяцей, якія добраахвотна будуць удзельнічаць, відаць, была частка і тых, хто проста адбываў. Як вынік пры спробе здаць другсыравіну аказалася, што яна перамяшаная з іншым смеццем. Фізічна самому перасартаваць вялікі аб’ём (каля тоны) не было магчымасці, таму прыняў рашэнне ўсё ўтылізаваць.

Аб выніках уборак магу судзіць і па меркаванні жыхароў. У прыватнасці, калі недзе праходзіць інфармацыя пра мяне, то мясцовыя кажуць: «А гэта той, хто не дае нам смецце ў лес вазіць».

Вельмі нізкая экалагічная пісьменнасць насельніцтва і нізкія даходы фармуюць пазіцыю «пасля нас хоць патоп». Таму асноўны вынік такіх акцый — гэта ўздзеянне на дзяцей і моладзь. Лічу, што не толькі ўборкі, але і правядзенне мерапрыемстваў (спартыўных, адукацыйных) павінны суправаджацца растлумачэннем правілаў паводзін на прыродзе.

Раман Ваўчок, трэнер у дзіцячай спартыўнай школе, каардынатар акцыі «Зробім!» у Росі і Краснасельскім

Мая дзейнасць звязана з развіццём турызму і агратурызму ў Ваўкавыскім раёне, і перш за ўсё ў гарадскіх пасёлках Рось і Краснасельскі. Наведваючы мясцовыя славутасці, мы сутыкаемся з вялікай колькасцю смецця, які пакідаюць пасля сябе турысты і мясцовыя жыхары.

Упершыню мы прынялі ўдзел у акцыі «Зробім» у 2015 годзе. У асноўным удзельнікамі былі школьнікі (каля 100 чалавек). Уборку сумясцілі з экскурсіямі, якія правялі мясцовыя краязнаўцы, і пікнікамі.

На першую ўборку 2016 года да нас далучылася і актыўнае дарослае насельніцтва. Месцаў прыборкі стала больш. Смецце сартавалі, а затым, дзякуючы мясцоваму ЖКГ, здалі на перапрацоўку.

У 2016 годзе я быў удзельнікам «Школы экалагічнага актывіста», пасля гэтага стаў «Зялёным дазорным». Размяшчаючы інфармацыю ў СМІ і сацыяльных сетках, мы атрымлівалі станоўчыя водгукі і пажаданні людзей удзельнічаць у такіх акцыях.

Мы ўдзельнічаем не толькі ў сусветных прыборках, але і арганізоўваем свае, сумесна са школамі, прымаем удзел у конкурсах і акцыях, праз якія інфармуем і паказваем важнасць экалагічных праблем. А дзеці ў сваю чаргу будуць далучаць і бацькоў да сумеснага вырашэння гэтых праблем. І мы бачым, што станоўчыя вынікі ёсць: стала менш звалак, людзі пачалі сартаваць смецце.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Не паскардзішся — не паедзеш. Як у Гродне можна вырашыць транспартныя праблемы

У Гродне 87 маршрутаў грамадскага транспарту, а людзям даводзіцца ездзіць на таксі. Транспартныя болі гродзенцаў,…

23 снежня 2024

Парасон, халат, check-up здароўя. 11 ідэй, што падарыць мужчыну на свята

Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…

20 снежня 2024

«Навявае сплін і абурэнне». Беларус наведаў Навагрудак і расчараваўся — горад запушчаны, а сэрвіс не развіты

Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…

18 снежня 2024

Віціна, дракар ці славянскае фэнтазі? Чаму праект рэстарана-ладдзі на Нёмане выклікае пытанні

Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…

18 снежня 2024

Дыякан, хакер і шматдзетны бацька. Як беларус выканаў амерыканскую мару

Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…

17 снежня 2024

Усяслаў Чарадзей — квадробер, а Францішка Уршуля Радзівіл — найк про. Тлумачым моладзевы слэнг на гістарычных постацях

Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …

9 снежня 2024