Ці не памерзнуць гараджане і турысты халоднай восенню і зімой? Алень Лявон абскакаў цэнтр горада ў пошуках саграваючых навінак у меню кавярняў. У выніку мы ведаем пяць новых спосабаў пераадолець холад. Яны маюць смакі журавінаў, імбіру, абляпіхі, маліны, лімона ды цынамона.

1. Зімовы чай з малінавым сочывам
чакае тых, хто змерз, у кавярні “Просто кофе”. Да вялікага кубка чорнага чаю падаюць палачку цынамону, кветачку бадзьяну, па скрылёчку лімона і апельсіна ды малінавае сочыва. Напой, такім чынам, нагадвае канструктар “зрабі сам” – дадавай, колькі чаго хочаш. І яшчэ – аб вялікі кубак вельмі зручна грэць далоні.

2. Гарачы напой з імбірам, мятай і лімонам
прапануе веган-бар “Несцерка”. Такая шклянка саграваючага напою сагрэе любога. Асоба замерзлым раім пажаваць скрылёчкі свежага імбіру. Смакуе добра, порцыі хопіць на доўгую і цёплую сяброўскую размову.
3. Журавіны і мята
складаюць аснову новага саграваючага напою ў кавярні “Наша кава”. Падаюць напой у фрэнч-прэсе, таму зручна замаўляць яго нават на дваіх. Да таго ж, у закрытай ёмістасці напой доўга захоўвае цяпло.

4. Размарын і абляпіху
выбралі для стварэння зімовага напою ў гастрабары “Вердэн”. Напой вельмі смачны, а падаюць яго ў адмысловым “залатым” кубку. Незвычайна, прыемна, прыгожа.

5. Апельсінавы глінтвейн
прапануе для сугрэву бар-клуб “Хамелеон”. Прыгатавалі яго з яблычнага соку з дадаткам імбіру, спецыяў і кавалачкаў свежага апельсіна. Сагравае напой добра, смак прыемны.

Кошты ўсіх напояў – у дыяпазоне ад 3 да 5 рублёў. Усе кавярні прапануюць таксама дэсерты.
Леташнія прапановы саграваючых напояў таксама не страцілі актуальнасці. Узгадаць іх можна, праглядзеўшы мінулагодні перадзімовы агляд.



