Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў Гродне апублікаваў на сваёй старонцы «ВКонтакте» сканы спісу вуліц, завулкаў, плошчаў і мастоў Гродна 1864 года. Самае цікавае ў ім — супастаўленне старых і новых назваў. Менавіта ў той год прайшла хваля перайменаванняў як ідэалагічны адказ царскіх уладаў на паўстанне 1863−1864 гадоў. Гістарычныя назвы вуліц Гродна змяняліся, каб адпавядаць палітычнай сітуацыі ў краіне.

Пра акалічнасці перайменавання піша «Наша Ніва».

Перайменавалі 45 з 65 вуліц

Вулічнымі назвамі займаўся гродзенскі паліцмайстар Васіль Змееў. З рапартам па гэтым пытанні ён выступіў 24 лютага 1864 года ў Гродзенскім губернскім праўленні. Змееў быў прыезджым з Расіі. Яшчэ перад паўстаннем, у 1861 годзе, ён забараніў выконваць у Гродне патрыятычныя гімны і праводзіць маніфестацыі, а пасля наогул абвясціў у Гродне і губерні ваеннае становішча.

Змееў высветліў, што ў Гродне ў той час усё яшчэ былі вуліцы зусім без назвы. Іншыя назвы, на яго думку, «не адпавядалі мясцовасцям». Таму ён склаў спіс новых назваў.

Агулам у спісе 65 розных вуліц, завулкаў, плошчаў і мастоў. Перайменаваць вырашылі 45 з іх.

Актыўна пераймяноўвалі «каталіцкія» назвы

Губернскае праўленне цалкам задаволіла прапанову паліцмайстра. Яе адразу накіравалі ў гродзенскі магістрат. Апошні меў неадкладна заняцца падрыхтоўкай бляшаных табліц з новымі назвамі вуліц. Уласнікі дамоў на рагах вуліц мелі іх пазней павесіць за свой кошт. Тады ж расійскія ўлады ўвялі цотную і няцотную нумарацыю дамоў.

Асабліва актыўна пераймяноўвалі вуліцы, назвы якіх былі звязаныя з каталіцкімі кляштарамі, якія былі скасаваныя расійскімі ўладамі яшчэ пасля паўстання 1830−1831 гадоў. Таксама змянілі многія традыцыйныя назвы, якія склаліся ў горадзе гістарычна. Магчыма, яны былі проста незразумелыя расійскім чыноўнікам.

Чытайце таксама: З якіх вуліц трэба пачаць перайменаванне ў Гродне сёння

Як змяніліся назвы вуліц

Першая назва — гістарычная, другая — уведзеная царскімі ўладамі:

  • Баніфратэрская — Татарская,
  • Басняцкая — Бальнічная,
  • Бернардзінская — Мяшчанская,
  • Бернардзінскі завулак — Малярны,
  • Брыгідская — Купецкая,
  • Брыгідскі завулак — Майстроўская вуліца,
  • Брыгіцкі мост — Чыгунным,
  • Вялікі Дамініканскі завулак (каля дамініканскай гімназіі) — Звонавы,
  • Гарадніцкая — Палацавая,
  • Дамініканская — Саборная,
  • Златарская — Палатная,
  • Златарскі завулак — Сумежны,
  • Калужанская — Калажанская,
  • Лазавіцкі завулак — Гарохавы,
  • Малы Дамініканскі завулак — Хлебны,
  • Могілкавая — Крывая,
  • Падзамачны завулак — Шпітальны,
  • Падмогілкавы — Каменны,
  • Раскоша — Садовая,
  • Падвальная — Кавальскай,
  • Падгурная — Падгорная,
  • Падсадная — Агародная,
  • Польная — Палявая,
  • Францішканская юрыздыка — Казацкая,
  • Юрыздыка — Хлебная прыстань.

Гэтая тапаніміка захоўвалася ў Гродне да 1915 года, пакуль горад не занялі нямецкія войскі.