Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў Гродне апублікаваў на сваёй старонцы «ВКонтакте» сканы спісу вуліц, завулкаў, плошчаў і мастоў Гродна 1864 года. Самае цікавае ў ім — супастаўленне старых і новых назваў. Менавіта ў той год прайшла хваля перайменаванняў як ідэалагічны адказ царскіх уладаў на паўстанне 1863−1864 гадоў. Гістарычныя назвы вуліц Гродна змяняліся, каб адпавядаць палітычнай сітуацыі ў краіне.
Пра акалічнасці перайменавання піша «Наша Ніва».
Перайменавалі 45 з 65 вуліц
Вулічнымі назвамі займаўся гродзенскі паліцмайстар Васіль Змееў. З рапартам па гэтым пытанні ён выступіў 24 лютага 1864 года ў Гродзенскім губернскім праўленні. Змееў быў прыезджым з Расіі. Яшчэ перад паўстаннем, у 1861 годзе, ён забараніў выконваць у Гродне патрыятычныя гімны і праводзіць маніфестацыі, а пасля наогул абвясціў у Гродне і губерні ваеннае становішча.
Змееў высветліў, што ў Гродне ў той час усё яшчэ былі вуліцы зусім без назвы. Іншыя назвы, на яго думку, «не адпавядалі мясцовасцям». Таму ён склаў спіс новых назваў.
Агулам у спісе 65 розных вуліц, завулкаў, плошчаў і мастоў. Перайменаваць вырашылі 45 з іх.
Актыўна пераймяноўвалі «каталіцкія» назвы
Губернскае праўленне цалкам задаволіла прапанову паліцмайстра. Яе адразу накіравалі ў гродзенскі магістрат. Апошні меў неадкладна заняцца падрыхтоўкай бляшаных табліц з новымі назвамі вуліц. Уласнікі дамоў на рагах вуліц мелі іх пазней павесіць за свой кошт. Тады ж расійскія ўлады ўвялі цотную і няцотную нумарацыю дамоў.
Асабліва актыўна пераймяноўвалі вуліцы, назвы якіх былі звязаныя з каталіцкімі кляштарамі, якія былі скасаваныя расійскімі ўладамі яшчэ пасля паўстання 1830−1831 гадоў. Таксама змянілі многія традыцыйныя назвы, якія склаліся ў горадзе гістарычна. Магчыма, яны былі проста незразумелыя расійскім чыноўнікам.
Чытайце таксама: З якіх вуліц трэба пачаць перайменаванне ў Гродне сёння
Як змяніліся назвы вуліц
Першая назва — гістарычная, другая — уведзеная царскімі ўладамі:
- Баніфратэрская — Татарская,
- Басняцкая — Бальнічная,
- Бернардзінская — Мяшчанская,
- Бернардзінскі завулак — Малярны,
- Брыгідская — Купецкая,
- Брыгідскі завулак — Майстроўская вуліца,
- Брыгіцкі мост — Чыгунным,
- Вялікі Дамініканскі завулак (каля дамініканскай гімназіі) — Звонавы,
- Гарадніцкая — Палацавая,
- Дамініканская — Саборная,
- Златарская — Палатная,
- Златарскі завулак — Сумежны,
- Калужанская — Калажанская,
- Лазавіцкі завулак — Гарохавы,
- Малы Дамініканскі завулак — Хлебны,
- Могілкавая — Крывая,
- Падзамачны завулак — Шпітальны,
- Падмогілкавы — Каменны,
- Раскоша — Садовая,
- Падвальная — Кавальскай,
- Падгурная — Падгорная,
- Падсадная — Агародная,
- Польная — Палявая,
- Францішканская юрыздыка — Казацкая,
- Юрыздыка — Хлебная прыстань.
Гэтая тапаніміка захоўвалася ў Гродне да 1915 года, пакуль горад не занялі нямецкія войскі.