Луўр - адзін з самых вядомых мастацкіх музеяў
Калі кажуць пра музей Парыжа — адразу ўзгадваецца Луўр, Санкт-Пецярбургу — Эрмітаж, Лондана — Нацыянальная галерэя. Адсюль выснова: галоўны музей горада, які фармуе яго брэнд — гэта менавіта мастацкі музей. Так лічыць гродзенскі мастак Сяргей Грыневіч. Ён расказаў Hrodna.life, чаму Гродна таксама варта займець мастацкі музей. Тым больш, што ва ўсіх іншых абласных цэнтрах Беларусі такія музеі.
«Мастацкі музей — гэта візітоўка любой краіны і любога горада», — кажа Сяргей Грыневіч. У Беларусі мастацкія музеі ёсць ва ўсіх абласных гарадах, але не ў Гродне. У Магілёве і Гомелі функцыі такіх музеў выконваюць галерэі Вашчанкі і Масленкава. Больш за тое, мастацкія музеі ёсць у такіх гарадах, як Бабруйск, Полацк, Светлагорск. Гэта райцэнтры, а Гродна — не райцэнтр.
У іх ёсць пастаянныя калекцыі сучасных мастакоў і мастакоў, якія адыйшлі. Ёсць адпаведныя аддзелы, якія ладзяць выставы.
У некаторых музеях побач з жывапісам месціцца «народная мастацкая творчасць»: ткацтва, салома- і лазапляценне, размалёўка па дрэве і шкле. Але напаўненне музея — іншае пытанне. Ён павінен існаваць як навукова-адміністрацыйная адзінка.
У нашым горадзе ёсць Гродзенская выставачная зала, галерэі «У майстра», «Тызенгаўз», культурны цэнтр «Фестывальны». Год назад закрылася арт-галерэя «Крыга». Выставы часам праходзяць у іншых прасторах, напрыклад, «Цэнтры гарадскога жыцця», антыкафэ «Партал». Але гэтага недастаткова, кажа Грыневіч.
Па-першае, немагчыма прыняць вялікую выставу з-за мяжы з-за недахопу плошчаў. Напрыклад, калі ў Гродна прыязджала World Press Photo, яе размясцілі ў ГЦ OldCity. Сам жа Сяргей Грыневіч не можа ў Гродне зрабіць паўнавартасную выставу са сваіх манументальных карцін — яны надта вялікія. Аднойчы ён нават адкрываў выставу адразу ў дзвюх галерэях!
Сяргей Грыневіч кажа, што ў Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея ёсць добрая калекцыя: карціна Малевіча, калекцыя абразоў - у тым ліку беларускіх уніяцкіх традыцый. Музей рэгулярна набывае карціны і захоўвае іх у запасніках, раз-пораз выстаўляючы. А ў мастацкім музеі гэта магла б быць пастаянная экспазіцыя, даступная ўсім. У Гродне ёсць мастацтвазнаўцы, якія маглі б гэта прафесійна аформіць.
Сяргей Грыневіч лічыць, што музей можа змясціць экспазіцыю выяўленчага мастацтва ад дагістарычнага перыяду да сучаснасці. Па-першае, гістарычная частка: сакральнае мастацтва, абразы, пачатак свецкага жывапісу — ўсё, што знаходзіцца ў запасніках гісторыка-археалагічнага музея і вельмі дазавана экспануецца.
Па-другое, некалькі залаў, прысвечаных мастакам, звязаным з Гродна, якія нарадзіліся тут і сталі сусветна вядомымі. У першую чаргу, гэта Бакст. Асобная зала для нашых сучаснікаў, якія ўжо адыйшлі. Па-трэцяе, некалькі залаў, дзе б адбываліся музейныя выставы сучасных мастакоў.
— Мы прапіхваем гэтую ідэю на ўсіх паседжаннях шмат гадоў запар. Ніхто не супраць. Гэта ганьба для нашага горада, што музея няма, і ўсе пагаджаюцца з гэтым. Нехта павінен выступіць перад нашым кіраўніцтвам з нейкай ініцыятывай, каб далі фінансаванне, — кажа Сяргей.
Афіцыйны каментарый па гэтай справе ва ўпраўленні культуры Гродзенскага аблвыканкама атрымаць не ўдалося. У прыватнай размове спецыялістка сказала, што летам 2018 года пытанне мастацкага музея абмяркоўвалася актыўна. А на 2019 год плануецца шмат мерапрыемстваў, звязаных з мастацтвам і непасрэдна жывапісам.
— У рэчышчы таго, што Гродна адкрываецца ўсяму свету, мастацкі музей яшчэ больш патрэбны. Калі ўлічыць бязвіз, то пры ўсіх кульгавых намаганнях турыстаў стала ездзіць больш, і гэта навідавоку. І канешне, нехта захоча паглядзець «карцінкі», якія мастакі тут жылі. А вось рэстаран «Бакст». А дзе музей Бакста? — пытае Сяргей.
Мастацтва займае адно з ключавых месцаў у вывучэнні горада, краіны, паколькі менавіта праз мастацтва ствараецца дух горада, лічыць Святлана Якімава з турфірмы «Дон Кіхот».
Святлана Якімава лічыць, што музей быў бы запатрабаваны не толькі ў турыстаў, але і жыхароў Гродна. «Мы ўвесь час гаворым пра турыстаў і забываемся, што горад для тых, хто ў ім жыве. Мне здаецца, гэта было б важна ў першую чаргу для гродзенцаў: ведаць сваіх герояў - мастакоў, якія складаюць гонар горада».
— Музеі цяпер не такая закасцянелая ўстанова, як калісьці. Там рыхтуюць майстар-класы, спецыяльныя праграмы для дзяцей. І калі прыймаюць выставы папулярныя, ёсць і білеты з добрым коштам, і чэргі стаяць. Калі ёсць што паглядзець, то можна і зарабіць, — разважае Сяргей Грыневіч.
Ён лічыць, што акрамя асветніцкай функцыі, мастацкі музей павінен выконваць і прапагандысцкую функцыю. І з маленства прывучаць да мастацтва.
— На захадзе ў музеях ёсць спецыяльныя праграмы для дзяцей. Ходзіш па музеі і бачыш: заўсёды ёсць купкі дзяцей, якія сядзяць на падлозе, нешта малююць, ім цікава. Там глядач прывучаецца з маленства, са школьнаай лавы. І гэтыя людзі будуць хадзіць у музеі.
А калі з’явіцца мастацкі музей, можна будзе падумаць і пра асобны музей сучаснага мастацтва, лічыць мастак.
Генрык Усціла нарадзіўся ў 1929 годзе ў Гродне на вуліцы Брыгіцкай. У 1935 годзе яго…
Агароджа на мяжы Польшчы і Беларусі дзеліць Белавежскую пушчу на дзве часткі. Па абодва бакі…
Ягор з партнёркай перажылі тры пераезды і вайну, і калі вонкавага лайна стала менш -…
Сто гадоў таму ў Гродне адбылося самае гучнае забойства 1925-га: у цэнтры гораду забілі вядомага…
Напярэдадні Дня святога Валянціна ўсё больш жанчын у свеце адзначаюць Дзень Галентайна - жаночага сяброўства.…
Масленіца ў гэтым годзе прыпадае на 2 сакавіка, а масленічны тыдзень пачынаецца з 24 лютага.…