Вечарам 25 сакавіка гродзенскія экаактывісты далучыліся да “Гадзіны Зямлі” – міжнароднай акцыі, арганізаванай Сусветным фондам дзікай прыроды. Сэнс акцыі ў тым, каб на гадзіну адключыць святло і іншыя энергаспажываючыя прыборы. Сёлета ўдзельнікам акцыі ў Гродне прапанавалі адзначыць Гадзіну Зямлі “Ёгай пры свечках”. Праводзіла занятак трэнерка Юлія Асіповіч, студэнтка факультэта біялогіі і экалогіі.

Юля, вядучая
“У такой атмасферы кожны з удзельнікаў меў магчымасць асэнсаваць сябе часцінкай гэтай Зямлі, яшчэ раз усвядоміць, што ад асабістага ўнёску кожнага залежыць лёс нашай планеты”.
Падтрымка экалагічнага руху і экалагічнага ладу жыцця для Юлі натуральныя. Спрыяе таму і выбраная спецыяльнасць, і грамадская дейнасць ў “Зялёнай сетцы” і “Зялёным дазоры”. Асабліва радуе дзяўчыну, што бацькі і нават бабуля падтрымліваюць яе ў памкненнях да экалагічнага ладу жыцця. “Дома мы стараемся выкарыстоўваць арганічную бытавую хімію і паступова замяняем лямпачкі на энергазбегальныя”.
Маргарыта, студэнтка
Адзначае “Гадзіну Зямлі” ўжо некалькі гадоў. Апроч уласнага ўдзелу ў акцыях лічыць неабходным падзяліцца інфармацыяй пра “Гадзіну Зямлі” з сябрамі.

“Штогод я далучаюся да гэтай акцыі, бо мне не ўсё роўна, што адбываецца з нашай Зямлёй. І канечне, мае дзеянні ў гэтым накірунку не абмяжоўваюцца толькі гадзінай на год. У штодзённым жыцці я таксама трымаюся экалагічнага ладу. Ужо амаль год, як я стала вегетарыянкай, доўгі час трымаюся ідэі разумнага спажывання. Перад тым, як купіць нейкую рэч, я задумваюся, што з ёй стане пасля майго карыстання, ці не прынясе яна больш шкоды, чым карысці. У сваім адзенні я стала выкарыстоўваць раней ужываныя рэчы, перарабляю іх у цікавыя сучасныя строі”.
Сваіх бацькоў і сяброў, хто не змог прыйсці на акцыю, дзяўчына таксама папрасіла выключыць святло на гэты час. А сумяшчэнне экалагічнай акцыі з ёгай, меркаваннем Маргарыты, атрымалася вельмі арганічным: “Гадзіна ў цемры – добрая нагода задумацца над праблемамі экалогіі і навакольнага асяроддзя”.
Артур і Лена
“Напэўна мы, як і многія, што далучыліся да акцыі, стараемся рабіць нешта дзеля Зямлі не толькі гадзіну ў год. Мы сартуем смецце, асобна збіраем шкло, паперу і палімеры. Адмовіліся ад пластыкавых пакетаў і ходзім у краму з палатнянымі экаторбамі. Да слова, тара і ўпакоўка ў прадуктовых крамах заўсёды наводзяць на сумныя роздумы. Ёсць шэраг прадуктаў, набываючы каторыя непазбежна забіраеш з сабой пластык. Хацелася б, каб была магчымасць карыстацца ў крамах папяровымі пакецікамі, ці быў выбар паміж шкляной і пластыкавай тарай”.

Сярод сваіх экалагічных звычак яны ўзгадалі, што замянілі лямпачкі на энергазберагальныя, рэгулярна размарожваюць халадзільнік, для перамяшчэння па горадзе ў асноўным карыстаюцца роварамі ці ходзяць пеша. “Калі так сур’ёзна задумацца, то ў нас нічога няма, апроч нашай планеты. І мы хочам яе захаваць”.
Уладзіслава, пенсіянерка
Уладзіслава расказала, што ўпершыню даведалася пра “Гадзіну Зямлі” гадоў пяць назад. Ад таго часу заўсёды адзначае гэту падзею сама і прапануе далучацца ўсім знаёмым. Дзеянні на карысць захавання планеты Уладзіслава прадпрымае кожны дзень:
“Што я раблю? Тое самае, што ўсё жыццё рабіла. Толькі зараз гэта называецца “экалагічнасць”. Смецце сартую, як заўсёды, харчовыя адходы аддаю суседскаму сабаку, пластыку стараюся набываць як мага меней. У суседнім супермаркеце ў мяне ўжо не пытаюццца – ці патрэбен пакецік. Ужо запомнілі мяне, і ведаюць, што заўсёды маю торбу з сабой. Адносна новым экалагічным захапленнем, што зараз з’явілася ў жыцці, стаў пэчворк. Са старых джынсаў, стос якіх сабрала па шафах, раблю сумкі, торбы, прыхваткі, сурвэткі і іншыя неабходныя ў гаспадарцы рэчы”.

Таксама Уладзіслава распавяла, што як пайшла на пенсію, пачала ездзіць на ровары. “Трохі пападала напачатку, але ўжо чатыры гады езджу. Гэта і эканомна, і экалагічна, і для здароўя карысна”.
Анатоль, інжынер
Да гродзенскіх мерапрыемстваў у падтрымку “Гадзіны Зямлі” далучыўся ўпершыню. Яго меркаваннем, такія мерапрыемствы карысныя ў інфармацыйным плане, бо праз іх людзі могуць даведацца пра дзейнасць экалагічных арганізацый і актывістаў. Што да эканамічнай ці экалагічнай мэтазгоднасці “Ёгі пры свечках” у Гродне, то яна, паводле Анатоля, блізкая да нулявой.

“Падчас акцыі ў залі пагасілі свяцільнікі на столі. Гэта 9 лямпаў па 44 Ваты. Зато пасля ёгі прапанавалі папіць чай пры свечках і ўключылі два чайнікі магутнасцю 2000 Ват. Дзесяць хвілін іх працы патрабуюць прыкладна столькі ж электраэнергіі, што і гадзіна працы ўсіх лямп у залі”.
Паводле Анатоля, такія “экалагічныя нестыкоўкі” і “лагічныя пасткі” падсцерагаюць нас і ў штодзённым жыцці. “Дома пачаў замяняць лямпы на энергазберагальныя некалькі гадоў таму. І вельмі хутка сутыкнуўся з праблемай утылізацыі гэтым лямпаў. Яна, уласна, не вырашана ў Гродне і да гэтай пары – ад бытавых карыстальнікаў перагарэлыя лямпы ніхто не прыймае. А між тым, кожная люмінісцэнтная лямпа ўтрымлівае каля 5 мг пароў ртуці. Так што побач з карысцю ад іх выкарыстання ёсць і шкода навакольнаму асяродддзю праз адсутнасць адпаведнай утылізацыі”.
Арганізатарамі імпрэзы, прысвечанай “Гадзіне Зямлі”, у Гродне сталі “Студыя карысных кампетэнцый” і “Зялёная сетка”.


