Ілюстратарка з Гродна Рыма Ушкевіч распрацавала ілюстрацыі да «Настольнай не гульні для каманд». Гэта гульня для выбудоўвання каманднай працы і адносін.
Згодна з умовамі гульні, існуе пяць тыпаў карт: матывацыя, дзеянне, падтрымка, сітуацыя і расказванне гісторыі. Кожная з картак мяркуе, што таварыш па камандзе выконвае нейкае пэўнае дзеянне ў адносінах да іншых удзельнікаў. Галоўная мэта гульні - умацаваць камандны дух, знізіць эмацыйнае напружанне і пабудаваць даверныя адносіны.

«Кожная картка стваралася з нашых асацыяцый і вобразаў. Што адразу прыходзіць нам на розум, калі мы думаем пра падтрымку?», — дзеліцца Рыма ў апісанні праекта на Behance.
Распрацоўніца гульні - Зіна Берыдзэ, псіхолаг, цялесны практык, украінка з беларускім пашпартам, як яна сама сябе прэзентуе. Цяпер Зіна Берыдзэ жыве ў Грузіі.
Як нараджаліся ілюстрацыі
«Я выбрала стыль малявання, які перанёс бы нас у свет казак, дзе немагчымае становіцца рэальным, і заўсёды ёсць шчаслівае вырашэнне канфліктаў. Калі вы працуеце з іншымі людзьмі, непазбежна ўзнікаюць цяжкія сітуацыі», — піша Рыма Ушкевіч.
Дзеянне

«У мяне была выява, на якой адзін чалавек перадае насенне іншаму. Гэта насенне можна пасадзіць у зямлю. Гэта дзеянне ўзбагачае як таго, хто аддае, так і таго, хто атрымлівае. Бо калі насенне прарасце, яно дасць добры ўраджай. І дзеянні аднаго з таварышаў па камандзе дапамагаюць прынесці карысць усім».
Матывацыя

«Гэтая карцінка прысвечана натхненню, якое я выявіла ў выглядзе велізарнай птушкі, якая нясе чалавека насустрач сонцу. Гэта пастава, калі немагчымае здаецца магчымым і ёсць шмат энергіі і радасці! Гэта вобраз з майго дзяцінства: у адной з казак я бачыла чалавека, які ляціць на вялікай птушцы да новага жыцця. Наперадзе шмат цяжкасцяў, але ўсё сканчаецца добра».
Падтрымка

«Перада мной паўстаў вобраз вялікіх цёплых надзейных рук. Там, дзе нам спакойна і добра, мы можам расслабіцца і правільна папоўніць свае сілы».
Раскажы

«Гэта асабістыя гісторыі, жаданні, мары і ўспаміны кожнага члена каманды, якімі ён/яна дзеліцца з іншымі. Калі мы бачым розныя гісторыі, мы атрымліваем дзіўную і выдатную агульную карціну. У той жа час мы становімся яшчэ бліжэй адзін да аднаго і лепш разумеем адзін аднаго».
Сітуацыя

«У кожнай камандзе час ад часу ўзнікаюць складаныя сітуацыі і праблемы. Калі мы аб’яднаемся для іх вырашэння, усё атрымаецца. Світанак сімвалізуе надзею і веру ў тое, што любая цемра сыдзе і прыйдзе светлы час».
Ілюстратарка разам з аўтаркай гульні ўсё прыдумалі з нуля. «Кідалі дроўцы ў наша вогнішча — і яно ўзгарэла! Абмяркоўвалі, выпісвалі асацыяцыі, стараліся капнуць глыбей (люблю асацыяцыі другога парадку), перараблялі, дзесьці буксавалі ў абмеркаванні, але — працягвалі».
Памер кожнай з гульнявых картак — 7×10 см. Акрамя звычайнай, ёсць таксама калядная версія ілюстрацый. Пакуль надрукаваныя толькі пробныя асобнікі гульні.
Нават без мастацкай школы
У Гродне Рыму Ушкевіч ведаюць як адну з арганізатараў дзіцячай эка-студыі «Ветка». Маляванне стала часткай яе жыцця больш за два гады таму. Малявала ў асноўным для сябе ў Instagram або для сяброў. Вучылася на дыстанцыйных курсах, малюнкі выкладвала ў сацсеткі. «Вось так, без спецыяльнай адукацыі і нават без мастацкай школы», — распавядала яна пра сябе раней.
Зараз ілюстрацыя — яе асноўны занятак. Сярод яе работ — стыкерпак для тых, хто любіць беларускую мову, ілюстрацыі і вокладка для дзіцячай кнігі «Госць» Алены Сарасек, праекты аб пераасэнсаванні жаноцкасці і сям'і.
Чытайце таксама: В Гродно разработали новую настольную игру по-белорусски — «Тутэйшыя»