26 кастрычніка гродзенцы двойчы сустрэліся з Андрэем Жвалеўскім і Яўгеніяй Пастэрнак. Пісьменнікі з парога пераўтварылі творчую сустрэчу на душэўную бяседу не толькі пра літаратуру, але і пра асабістае. Ранкам пісьменнікі сустрэліся з дзецьмі і падлеткамі, а пасля абеду — з бібліятэкарамі і дарослымі чытачамі.
Пачалі з казак, скончылі cуіцыдам
Жвалеўскі і Пастэрнак пазіцыянуюць сябе як падлеткавыя пісьменнікі. Яны — уладальнікі шматлікіх прэмій у Беларусі і за яе межамі. Кнігі Яўгеніі і Андрэя разлічаны на розных падлеткаў. Напрыклад, «Правдивая история Деда Мороза» — для дзяцей з 10 гадоў. А апошнюю кнігу «Пока я на краю», якая пакуль не выйшла, лепш чытаць ад 16 гадоў.
— Мы пачалі творчую дзейнасць з казкі пра Дзеда Мароза («Правдивая история Деда Мороза») і прозы, дзе хлопчык і дзяўчынка мяняюцца часам («Время всегда хорошее»), — кажуць аўтары.
Увогуле, пісьменнікі працуюць у розных жанрах і на розныя тэмы. «Гимназия № 13» — фэнтазі, «Москвест» — «москвоведческая сказка» пра падлеткаў, якія правальваюцца ў часе, «Типа смотри короче», «52 февраля», «Я хочу в школу!» — сучасная проза. «Охота на Василиска» — кніга пра наркатычную залежнасць. Апошняя кніга пад назвай «Пока я на краю», якай выйдзе з тыпаграфіі праз месяц, прысвечана тэме падлеткавага суіцыду.
— Мы пішам не пра наркотыкі, мы пішам пра людзей, — кажа Яўгенія.
— Мы былі б шчаслівыя, калі б такой тэмы не існавала. Але яна існуе, і мы абавязаны выказацца — зрабіць усё ад нас залежнае, каб гэтую праблемы зменшыць, — дадае Андрэй.
Часам тэмы пісьменнікам падкідваюць уласныя дзеці. А часам яны «круцяцца ў паветры».
— На тэму суіцыду я выйшла, калі прааналізавала спіс кніг, якія падлеткі рэальна чытаюць. Сайты вывешваюць спісы на статыстыцы спампоўванняў. Я прачытала першыя 20 кніг. І ў 18 з іх галоўны герой быў на мяжы суіцыду. Я зразумела, што гэта актуальная тэма.
Кніга як навукова-даследчая праца
Творчы саюз Андрэя і Яўгеніі з’явіўся, калі «па адукацыі - фізікі, у душэ — лірыкі» пазнаёміліся на фізічным факультэце БДУ. Падыход да кніг у аўтараў застаўся амаль навуковы.
— Кожная кніга — гэта навукова-даследчая праца, — расказваюць пісьменнікі наперабой. — Вывучаем тэму праз працы, манаграфіі, інтэрнэт, кансультацыі са спецыялістамі. Калі мы пісалі пра славянскую міфалогію («Гимназия № 13»), паўгода пра яе чыталі. Калі пісалі «Охоту на Василиска», бесперапынна камунікавалі з нарколагамі і псіхолагамі. Каб напісаць «Москвест», дзе шмат гістарычных фактаў, узялі персанальную экскурсію па Крамлі.
Адзіны раз, калі пісьменнікі не кансультаваліся — кніга пра бальныя танцы «Открытый финал». Яўгенія сама займаецца бальнымі танцамі і выступілі ў ролі эксперта.
Спрэчак па развіццю сюжэта ў аўтараў не ўзнікае. Пішуць кнігі партнеры па-рознаму: раней кожны пісаў лінію свайго героя, а потым гэта злучалі ў адзін тэкст, або перасылалі кавалкі кнігі адзін аднаму па электроннай пошце. Цяпер — адзін піша, другі «вакол яго ходзіць». Ролі ў пісьменнікаў - вядучы і вядзёны, логік і эмацыянал — таксама ўвесь час змяняюцца. Праз нейкі час яны нават не могуць пазнаць, хто з іх які кавалак тэксту пісаў.
Андрэй і Яўгенія кансультуюцца не толькі ў спецыялістаў, але і ў тэст-чытачоў Укантакце. Па іх словах, гэта вельмі дапамагае. Часам падлеткаў цікавяць нязначныя дэталі, пра якія варта сказаць.
У Расіі кнігі прадаюцца ў 40 разоў лепш, чым у Беларусі
Андрэй і Яўгенія працуюць у Мінску, але выдаюцца ў расійскіх выдавецтвах. На расійскі рынак яны трапілі выпадкова: звярнуліся ў першае выдавецтва, а яно аказалася расійскім. Зараз пісьменнікі думаюць, што ў беларускім выдавецтве іх бы не выдалі. А калі б выдалі, то кнігі б не прадаліся.
— «Гимназия № 13» выйшла ў «ЛіМе» на рускай мове тыражом 1 700 экзэмпляраў і была прададзена. «Время всегда хорошее» выйшла у выдавецтве «Четыре четверти» тыражом 500 экзэмпляраў і яны не прадаліся за тры гады. У той жа час «Время всегда хорошее» прадаецца ў Расіі у 40 разоў лепш, — кажуць пісьменнікі.
Тым не менш, пісьменнікі адкрытыя да супрацоўніцтва з беларускімі выдавецтвамі:
— Раіса Баравікова пераклала «Гимназию № 13» на беларускую мову. І мы ўжо гадоў пяць ці сем прапаноўваем яе ўсім беларускім выдавецтвам. Мы не просім ганарар, просім толькі заплаціць Раісе Баравіковай за пераклад. І мы даведаліся, што бібліятэкары катэгарычна не хочуць кнігі на беларускай мове. Кажуць: навошта, калі тое ж ёсць па-руску?
Дарэчы, бібліятэкары, што сабраліся, не згадзіліся і сказалі, што беларускамоўныя кнігі карыстаюцца вялікім попытам.
Са слоў Андрэя і Яўгеніі, у Беларусі не так шмат падлеткавых пісьменнікаў. Яны называюць імёны Валеры Гапеева, Людмілы Урублеўскай, Аляксея Шэйна. Пісьменнікі ўпэўненыя, што падлеткі могуць чытаць усё і на любыя тэмы, нават гісторыі пра феячак Winx.
— Любая кніга будзе карыснай, а нашкодзіць можа толькі мысленне асобных людзей, — кажуць аўтары.