Н — Напалеон Орда. 5 фактаў пра мастака, што быў гродзенцам не заўжды па сваёй волі

Напалеон Орда не быў гродзенцам і ніколі стала не жыў ў Гродне. Ён бываў тут толькі наездамі і не заўсёды па сваёй волі - пэўны час ён быў вязнем гродзенскай турмы. Не зважаючы на гэта, імя мастака зараз носіць адна з вуліц горада. Больш цікавостак пра мастака чытайце ў новым выпуску «Гарадзенскай азбукі».

«Гарадзенская азбука» ад Hrodna.life — гэта 32 артыкулы пра цікавосткі Гродна. Кожнаму з іх адпавядае адна з літар алфавіту. А — Ажэшка, Б — Баторый, В — Вітаўт і так далей. У кожным артыкуле азбукі вы знойдзеце па пяць цікавых фактаў аб адметных гродзенскіх асобах, месцах ці з’явах.

Напалеон Орда — мастак і гродзенскі мешчанін

Быў вязнем гродзенскай турмы і мяшчанінам Гродна

Пра жыццё Орды ў Гродне і месцы, дзе ён прыпыняўся, зараз амаль нічога невядома. Некаторыя даследчыкі лічаць, што ён жыў тут у 1863−64 гадах. Дакладна вядома, што з 15 мая 1866 па красавік 1867 Орда знаходзіўся ў гродзенскай турме. Ён апынуўся за кратамі па падазрэнні ва ўдзеле ў паўстанні 1863 года. Адзін з малюнкаў Орды зроблены з двара гродзенскай вязніцы.

На іншых малюнках адлюстравана забудова, якую наўрад ці можна назваць шэдэўрам архітэктуры. Магчыма, гэтыя дамы мелі дачыненне да асабістага жыцця Напалеона Орды. Праўда зараз нават даследчыкі не могуць дакладна вызначыць, дзе тыя дамы знаходзіліся.

Яшчэ адна нагода лічыць Напалеона Орду гродзенцам — рапарт пінскага спраўніка мінскаму губернатару ад 7 красавіка 1880 года. У дакуменце напісана, што «па вяртанні ў Расію па недаказаннасці праў дваранства Напалеон Орда залічаны да мяшчан г. Гродна».

Вёў гаспадарку па апошнім слове технікі

Зараз Напалеон Орда найбольш вядомы як мастак, але ён быў таксама кампазітарам, піяністам, пісьменнікам, педагогам і вучоным. І нават гэта яшчэ не ўсё. У сваім маёнтку Варацэвічы на Кобрыншчыне ён стварыў узорную гаспадарку. Там праявіўся яшчэ адзін талент Орды — талент сельскагаспадарчага капіталіста. Мастак купляў і сам удасканальваў сучасныя малацільныя машыны, набыў 1000 галоў іспанскіх авец і больш за 600 галоў буйной рагатай жывёлы. «Гэтыя новаўвядзенні дазволілі ўзняць даходнасць варацэвіцкага маёнтка на 30%», — адзначае гісторык Алесь Радзюк.

Адлюстраваў драўляны Гродна, які потым згарэў

У часы Орды яшчэ не шмат фатаграфавалі. Вядомыя здымкі Гродна той эпохі можна пералічыць літаральна па пальцах. Малюнкаў Напалеона Орды таго ж перыяду нашмат больш. Вялікая каштоўнасць гродзенскіх малюнкаў Напалеона Орды не толькі ў іх фатаграфічных падрабязнасцях. І нават не ў адлюстраванні страчаных архітэктурных пярлінаў. Яго выявы захавалі для нас выгляд шэраговай забудова драўлянага Гродна. Тыя будынкі мала цікавілі сучаснікаў Орды, а пазней практычна цалкам згарэлі ў пажары 1885 года. Калі б не малюнкі Орды, мы б іх ніколі не пабачылі.

Праз малюнкі ледзь не палічылі шпіёнам

За сваё жыццё Напалеон Орда не раз бываў пад наглядам паліцыі, на яго заводзілі следчыя справы і праводзілі ператрусы ў маёнтку. Мастак і праўда меў дачыненне да паўстанняў супраць царызму. Але найбольшыя падазрэнні выклікаў яго… талент. Калі Орду было 73 гады, яго прынялі за шпіёна і нават распачалі следчую справу. Пільны чыноўнік дакладваў мінскаму губернатару, што мастак займаецца чарчэннем планаў гарадоў і фартэцый, адпраўляе малюнкі за мяжу і атрымлівае за гэта грошы. Праўда, сабраць дастаткова доказаў шпіянажу не атрымалася і справа развалілася.

Намаляваў беларускія грошы

Яшчэ зусім нядаўна кожны беларус не адмовіўся б мець у кішэні малюнак ад Орды. Бо Нясвіжскі замак у выкананні гродзенскага мяшчаніна ўпрыгожваў банкноту ў 100 тысяч рублеў. Нават калі зараз вы знайшлі такі «малюнак» у кішэні старога паліто — не ўсё страчана. Да 1 студзеня 2022 года банк абмяняе іх на сучасныя грошы. Пасля грошы, якіх так не хапала на працягу жыцця Напалеону Ордзе, зноў стануць звычайнымі паперкамі, цікавымі толькі калекцыянерам і даследчыкам мінулага.

Выява Нясвіжскага замку ў выкананні Напалеона Орды
Падзяліцца
Меткі: гісторыя

Апошнія запісы

«Каб цябе пярун забіў!» Як неверагодны пярун 90 гадоў таму трымаў у страху Гродзеншчыну

“Каб цябе пярун забіў!” - адзін з найбольш вядомых беларускіх праклёнаў. У 1934 і 1935…

22 красавіка 2025

Гродзенцы адкрылі грыбны сезон. Дзе ў вобласці шукаць смаржкі і іншыя грыбы?

З надыходам цяпла ў заходніх рэгіёнах Беларусі - Гродзенскай і Брэсцкай абласцях - сталі з'яўляцца…

22 красавіка 2025

Аліўкавыя, залатыя і мармуровыя яйкі. Трэнды Tik Tok на Вялікдзень 2025

Змяшаць два знаёмыя спосабы афарбоўкі яек і атрымаць аліўкавы колер, знайсці спосаб з дапамогай хімічнай…

17 красавіка 2025

«Усё жыццё мару, што нехта са сваякоў знойдзецца». Гродзенка расказала, як пасля вайны не змагла з’ехаць у Польшчу і трапіла ў Казахстан

Яніна Міхайлаўна Земба нарадзілася ў Гродне ў 1934 годзе. Падчас нямецкай акупацыі яе маму вывезлі…

10 красавіка 2025

Мільярды еўра — Варшаве, мільёны — Мінску. Параўналі, як Польшча і Беларусь выкарыстоўвалі еўрапейскія гранты

«Еўрасаюз нам не патрэбен!» Гэты наратыў папулярны не толькі ў беларускай прапаганды, але і ў…

9 красавіка 2025

Як з беларускіх зямель даплывалі да Амерыкі 100 год таму: расказвае падкаст «Зямля свабоды»

У пошуках лепшага жыцця тысячы людзей выязджалі з беларускіх зямель больш за сто год таму.…

9 красавіка 2025