Адна з вуліц міжваеннага Гродна была названая ў гонар Нахума Каплана. Гэты яўрэйскі праведнік збіраў вялікія сродкі на дапамогу гродзенцам у патрэбе. Кажуць, аднойчы нехта багаты даў яму аплявуху за нахабства, а Каплан сказаў: «Гэта для мяне, а што для бедных і галодных?».
Прапраўнук Каплана Ехеам Шаром у маі 2018 у час візіту ў Гродна падарыў мясцовым яўрэям партрэты свайго продка. Ён распавёў Hrodna.life, чаму Каплана так паважалі ў Гродне і памятаюць дагэтуль ва ўсім свеце.
70-гадовы Ехеам у Гродне ўжо ў чацвёрты раз. Упершыню ён пабываў тут у 2008 годзе, калі прылятаў у Мінск. Тады ён узяў таксі да Гродна і спецыяльна прыехаў у горад, дзе жылі яго сваякі. Вось толькі месцаў, звязаных з сям’ёй, ён не знайшоў.
Дзе жыў Нахум Каплан невядома. Адзінае, што памяталі старажылы, дык гэта велічную магілу праведніка на яўрэйскіх могілках, дзе сёння знаходзіцца стадыён «Нёман». Магіла Каплана, як і іншых яўрэяў, была знішчана.
«Нахум Каплан вядомы яшчэ і як рабін, але ад сваёй пасады ён адмовіўся на карысць дабрачыннасці, — распавядае Ехеам. — Мая бабуля — унучка рэбэ Нохемке. А ён быў чалавекам міласэрнасці, дапамагаў людзям у якіх не было ежы і адзення. I яму было ўсё роўна каму дапамагаць: яўрэям або хрысціянам. Нахум уваходзіў у кожны дом і збіраў дапамогу для людзей у патрэбе».
«Не мае значэння, што ён быў вельмі бедны, але гэты чалавек рабіў усё для гродзенцаў, — кажа нашчадак. — Нахум Каплан родам з Шаўляйскага павету, пасля яго сям’я пераехала ў Нясвіж, а ўжо адтуль малады яўрэй пайшоў вучыцца ў вядомую Мірскую ешыву. Пасля заканчэння вучобы Нахума запрасілі ў Гродна быць рабінам. Ён прыехаў, але практычна адразу пачаў займацца дабрачыннасцю. Нахум быў вельмі разумным чалавекам і да яго прыходзілі многія па параду. А ён заўсёды заклікаў да міласэрнасці і чалавечых адносін да ўсіх».
Сёння Нахума Каплана адносяць да праведных людзей, якія да канца жыцця займаліся справамі на карысць чалавецтва. У Гродне ў міжваенны час была нават вуліца ў гонар гэтага чалавека — так называлася пэўны час сённяшняя Вялікая Траецкая.
«Памяць пра Нахума жыве праз столькі часу і гэта радуе, — кажа Ехеам. — Сёння я ведаю, што дом № 8 па вуліцы Дамініканскай [суч. Савецкая] калісьці меў дачыненне да нашай сям'і. Менавіта з гэтага месца прыйшла паштоўка ў Палестыну. Мае дзядуля і бабуля таксама з Гродна, яны працавалі на тытунёвай фабрыцы Шарашэўскага, там пазнаёміліся. у 1920-я гады яны эмігравалі ў Палестыну. Што стала з іншымі сваякамі ў Гродне, я не ведаю. Тыя, што пакінулі горад, вельмі рэдка расказвалі пра яго. Памятаю, што дзядуля распавядаў, як ён часта плаваў у Нёмане і спяваў там песні», — распавядае Ехеам.
«Я не адзіны нашчадак Нахума ў Ізраілі. Ёсць і іншая сям’я, якая вельмі рэлігійная і, можна сказаць, працягвае ў Ерусаліме яго справу. Але ў Гродна гэтыя нашчадкі прыехаць не могуць, хоць і хочуць. Тут няма магіл сваякоў, а для іх гэта важна. Такім людзям важна пакланіцца магіле продкаў. Але яны аддаюць даніну павагі вядомаму продку кожны год памятным днём у іерусалімскай сінагозе».
Некалькі гадоў таму Ехеам абяцаў прывезці ў Гродна партрэт Нахума Каплана. У гэтым годзе ён сваё абяцанне выканаў. Партрэты ён перадаў дабрачыннаму грамадству, якое з 1996 года носіць імя яго прапрадзеда. Такую назву арганізацыі даў вязень гродзенскага гета Рыгор Хасід, які і распавядаў гродзенцам пра справы Каплана. Ён адзін з нямногіх памятаў, што магіла гэтага чалавека знаходзілася на могілках, дзе сёння стадыён «Нёман».
«Я прымаю жыццё такім, якое яно ёсць. Няма магілы, але што зробіш. Калі б можна было б нешта змяніць, то я стараўся б гэта зрабіць. На шчасце, у нас захаваліся хоць нейкія ўспаміны пра Нахума Каплана. А яго імя шануюць ва ўсім свеце. Яго гісторыю мне распавядаў дзед Пайс. І так мы перадаем успаміны пра вядомага сваяка з пакалення ў пакаленне.
Мне вельмі прыемна, што ў Гродне дабрачынная арганізацыя носіць імя Нахума Каплана. Сюды я прыехаў быццам дадому. Такая арганізацыя — гэта працяг тых добрых спраў, якія рабіў мой прапрадзед", — распавёў Ехеам.
Рэбэ Нохемке, як яго называлі, шанавалі не толькі яўрэі, але і хрысціяне, паколькі ён дапамагаў усім, нягледзячы на нацыянальнасць і веравызнанне. Яны яго называлі «наш бацюшка». Нават высокія чыны царскай адміністрацыі саступалі яго просьбам і патрабаванням. Будучы хворым, ён не дазваляў сабе прапускаць малітву, у любое надвор’е прыходзіў раней за іншых. Аднойчы рамізнік убачыў Нахума на кучы снегу без прытомнасці. Калі рэбэ ачуняў, рамізнік хацеў адвезці яго дадому. Але Нахум адмовіўся: яго чакалі людзі ў патрэбе.
Вядомая пісьменніца Эліза Ажэшка ўвекавечыла памяць аб Нахуме Каплане у навэле «Дай кветку».
Памёр рэбэ Нохемке ў 1879 годзе. Тысячы людзей: яўрэі, беларусы, палякі, рускія — аддалі яму даніну павагі, праводзячы ў апошні шлях. Многія гады прыходзілі людзі маліцца на яго магілу, просячы яго аб заступніцтве перад Усявышнім.
Генрык Усціла нарадзіўся ў 1929 годзе ў Гродне на вуліцы Брыгіцкай. У 1935 годзе яго…
Агароджа на мяжы Польшчы і Беларусі дзеліць Белавежскую пушчу на дзве часткі. Па абодва бакі…
Ягор з партнёркай перажылі тры пераезды і вайну, і калі вонкавага лайна стала менш -…
Сто гадоў таму ў Гродне адбылося самае гучнае забойства 1925-га: у цэнтры гораду забілі вядомага…
Напярэдадні Дня святога Валянціна ўсё больш жанчын у свеце адзначаюць Дзень Галентайна - жаночага сяброўства.…
Масленіца ў гэтым годзе прыпадае на 2 сакавіка, а масленічны тыдзень пачынаецца з 24 лютага.…