«Сёння па-рознаму трактуюць вайну ў Афганістане, але адным словам яе не апісаць. Для простых людзей гэта гора, для кіраўніцтва – інтарэсы. А для мяне – гэта была школа жыцця і сустрэча з каханым чалавекам», – распавядае гродзенка Таццяна Пятроўна.

Яна з Гродна,  ён з Урала. Наўрадці яны б сустрэліся ў жыцці, калі б не вайна ў Афганістане. Баявая абстаноўка ўдалечыні ад дома дала магчымасць не толькі пазнаёміцца, але і застацца разам ужо 33 гады.

Рафіт Заянавіч і Таццяна Пятроўна Бархатавы кожны год 15 лютага, ў дзень вываду савецкіх войск з Афганістана, прыходзяць да помніка воінам-інтэрнацыяналістам на вуліцы Курчатава. Для іх гэта дата не толькі памяць аб страчаных на вайне таварышах , але і дзень, калі можна ўспомніць пачатак гісторыі іх  кахання.

«Рафіт служыў у Афганістане з 1982 года, а я прыехала туды ў 1984 і адразу трапіла ў сакрэтную частку, – распавядае Таццяна Пятроўна. – Я наогул трапіла на вайну ў 25-гадовым узросце з ідэйных меркаванняў. Нешта захацелася мне туды. А калі апынулася ў Афганістане, то на ўсё пачала глядзець зусім па-іншаму. Было вельмі і вельмі страшна».

«На вайну паехала з ідэйных меркаванняў». Як гродзенка ў Афганістане сустрэла каханне і выйшла замуж
Таццяна Пятроўна сёлета на памятным мітынгу ў Гродне, была адзінай жанчынай сярод былых удзельнікаў вайны ў Афганістане

Маладая гродзенка сустрэла свайго мужа ў сакрэтнай частцы, дзе яна працавала.

“Тацяна як прыехала ў Афганістан, працавала ў сакрэтнай частцы, а я быў афіцэрам – старэйшым лейтэнантам у іншым месцы, – распавядае Рафіт Заянавіч. – І вось у адзін дзень мой старшына перайшоў у сакрэтную частку і распавёў, што з ім служыць маладая дзяўчына. Я прыехаў да яго, і ён паспрабаваў мяне з ёй пазнаёміць. Першы раз не атрымалася, а калі другі раз быў – пазнаёміліся толькі праз акенца».

Маладая Таццяна так спадабалася Рафіту, што ён стаў часцей прыходзіць, а праз некаторы час зрабіў прапанову рукі і сэрца, ад якой гродзенка не змагла адмовіцца. Распісаліся маладыя ў сталіцы Афганістана – Кабуле.

«Было гэта ў 1984 годзе. Распісвалі нас у амбасадзе Савецкага саюзу ў Афганістане, – успамінае Таццяна Пятроўна. – Адзначалі сціпла, бо была ваенная сітуацыя. Галоўнае было, каб праціўнік не ведаў. А вось калі ў нашым палку даведаліся пра роспіс, то гэтую падзею без ўвагі таварышчы пакінуць не змаглі. Мы знаходзіліся ў баявой гатоўнасці, але вяселле ўсё-такі адзначалі. Праходзiла ўсё ў сталовай. А каб засцерагчы сябе ад праціўніка, па перыметры лагера паставілі танкі і бронетранспарцёры».

Да вяселля маладых на вайне бацькі Таццяны паставіліся станоўча. Дзяўчына актыўна вяла перапіску з роднымі ў Гродне.

Пасля роспісу жонку маладога афіцэра перавялі на новае месца службы, туды, дзе служыў сам Рафіт Заянавіч. Праз некалькі год  вайна засталася ў  мінулым і пара разам служыла ў Казахстане. У Гродна на пастаянна яны  пераехалі толькоі ў 1991 годзе.

«На вайну паехала з ідэйных меркаванняў». Як гродзенка ў Афганістане сустрэла каханне і выйшла замуж
Рафіт Заянавіч і Таццяна Пятроўна Бархатавы