«Чорныя разводчыкі» нажываюцца на пакутах жывёл, ператвараючы іх у бясконцы канвеер для вытворчасці шчанюкоў і кацянят. Мімавольнымі спонсарамі такога бізнесу становяцца аматары купіць за танна пародзістую жывёлу.

Пра годную старасць могуць толькі памарыць. Як пакутуюць сабакі ў “чорных заводчыкаў”

Адзін з падпольных пітомнікаў нядаўна знайшлі пад Слуцкам абаронцы жывёл. Там у жудасных умовах утрымлівалі французскіх бульдогаў. Гродзенскія арганізацыі і валанцёры дапамагалі калегам з Мінскай вобласці інфармацыйна. Яны ў тэме, бо «чорныя заводчыкі» ёсць і ў Гродзенскай вобласці

Як павінна быць…

Племянное развядзенне жывёл — складаная і каштоўная справа, якая патрабуе спецыяльных ведаў і ўмоваў. Каб атрымаць якаснае патомства трэба ўкласці ў свайго гадаванца шмат часу, сіл і фінансаў. У сярэднім, ад моманту пакупкі свайго шчанюка да атрымання ад яго прыплоду праходзіць не менш за паўтары гады.

Прышчэпкі, ветэрынарнае абслугоўванне, збалансаванае кармленне, афармленне дакументаў і ўдзел у выставах каштуюць вялікіх грошай, таму і шчанюкі прадаюцца не танна. «Вяжуць» племянных сабак не кожны раз, як гэта магчыма, а з перапынкамі на аднаўленне арганізму маці і не больш, чым да шасцігадовага ўзросту.

…а як бывае

Так званыя «чорныя разводчыкі» маюць дзясяткі жывёл і грэбуюць усімі гуманнымі нормамі. Сабак і катоў трымаюць у халодных падвалах, адрынах і хлявах у антысанітарных умовах. Большасць з такіх жывёл не маюць прышчэпак і не праходзяць ветэрынарны агляд. Іх «пакрываюць» пры кожнай магчымасці, атрымліваючы велізарны прыбытак.

Па самых сціплых падліках, адна сука за два гады цяжарыць да пяці разоў, прыносячы пры гэтым каля 25 шчанюкоў. Малых без дакументаў прадаюць па 100−200 беларускіх рублёў, усяго атрымліваючы 2500−5000 рублёў за два гады. На ветэрынарнае абслугоўванне і годнае харчаванне такія заводчыкі звычайна не трацяцца. У спалучэнні з незбалансаваным кармленнем, а часцяком і з адкрытым галаданнем, жывёлы хутка губляюць сілы, захворваюць і гінуць. Пры такім жыцці сабакі і каты ў двух-трохгадовым узросце выглядаюць не менш чым на шэсць-восем, маючы цэлы букет захворванняў.

Больш за 20 сабак на падворку

Такі падпольны гадавальнік знайшлі абаронцы жывёл у вёсцы Устрань пад Слуцкам. У сацыяльных сетках яго ўжо празвалі сабачым «Асвенцімам». Гаспадыня, Любоў, трымала на прыватным падворку больш за 20 сабак. Закон у Беларусі не абмяжоўвае колькасць жывёл на падворках. Ліміт ёсць толькі для кватэр — не больш за дзве жывёлы. На Захадзе дазволеная колькасць часта наўпрост залежыць ад плошчы жылля. Пры гэтым усе заводчыкі, якія прадаюць жывёл за грошы, абавязкова зарэгістраваныя і плацяць падаткі.

Валанцёры гомельскай зааахоўнай арганізацыі «Дабрыня» даведаліся пра гэту гаспадыню з аб’явы 29 снежня 2017 года: жанчына прадавала трох сук. Па фота было выразна відаць, што жывёлы моцна знясіленыя і ў іх тырчаць косткі. Гаспадыня прасіла за кожную 100 беларускіх рублёў.

На месца тэрмінова паехалі Кацярына Касцюкова, старшыня «Дабрыні», і Марына Ступінская, гомельская валанцёрка.

— 2 студзеня нам удалося выкупіць чатыры сукі, яшчэ чатыры мы абмянялі на два мяшкі сухога корму «Рэкс», які прывезла Марына і яшчэ некалькі пакетаў корму, сабранага для нас слуцкімі валанцёрамі, — распавядае Кацярына. — У аплаце транспарту і дастаўкі дапамагалі дзяўчаты з Маскоўскай ініцыятывы дапамогі французскім бульдогам. Пяць сабак, якія былі ў найбольш цяжкім стане, яны забралі да сябе.

Інфекцыі, траўмы, шнары

— Прыватны дом гаспадыні невялікі - спальня, кухня і пярэдні пакой. Некалькі сабак былі на кухні, астатнія бегалі свабодна або былі зачыненыя ў спальні. Яшчэ адна сука, па словах гаспадыні, нядаўна памерла. Мы налічылі 22 сабакі гэтай пароды і адну чыхуа-хуа. На вуліцы, на ланцугу, былі яшчэ два маладых хаскі і дварняга. Яны выглядалі цалкам актыўнымі.

У выкупленых сабак — знясіленне, інфекцыі скуры, атыты, траўмы, захворванні вачэй, цыстыт, новаўтварэнні і гематомы. Усе сабакі маюць шнары ад траўмаў, многія ад некалькіх аперацый па кесаравым.

Па словах Любы, 18 сабак, якія былі ў найбольш знямоглым стане, ёй перадала іншая гора-заводчыца, Валянціна, якая па сямейных абставінах больш не магла іх утрымліваць. Валянціна расказала валанцёрам, што перадала сабак яшчэ ў лістападзе мінулага года і ўсе яны былі здаровыя. У доказ яна паказала фатаграфіі жывёл.

Участковы правёў праверку, зацікавілася падатковая

Ці маглі за гэтых некалькі месяцаў бульдожкі дайсці да такога стану, Марына, як дыпламаваны ветэрынарны фельчар і дасведчаны заводчык сабак, адказаць не можа. Тры французскіх бульдогі цяпер жывуць у яе.

[irp posts="40 256″ name="У Гродне чарговага ўладальніка сабакі пакаралі за жорсткае абыходжанне"]

У Любові правёў праверкі ўчастковы. Зараз у жанчыны жывуць восем французскіх бульдогаў, на першы погляд здаровых, але ў бліжэйшы час будзе праведзены ветэрынарны агляд. Клінічна здаровых жывёл вакцынуюць супраць шаленства, згодна з заканадаўствам. Што будзе з хворымі сабакамі, калі іх выявяць, пакуль невядома.

Таксама бізнесам Людмілы зацікавілася падатковая. Па факце неаднаразовага ўхілення ад выплаты падаткаў пачалася праверка.

Пра годную старасць могуць толькі памарыць. Як пакутуюць сабакі ў “чорных заводчыкаў”

Сітуацыя не ўнікальная

У Гродзенскім рэгіёне валанцёры налічваюць больш за 12 «чорных ферм»: у Гродне, Лідзе, Мастах, Ваўкавыску, Пагаранах і іншых населеных пунктах. Яны «прадукуюць» не толькі сабак, але і котак.

У гісторыі са Слуцкага раёна гродзенская грамадская арганізацыя абароны жывёл «Адданае сэрца» дапамагала гомельскім калегам інфармацыйна. На сваёй старонцы ў сацыяльных сетках размяшчалі аб’явы аб слуцкіх сабаках таксама валанцёры пункта часовага ўтрымання безнаглядных жывёл Спецаўтагаспадаркі.

[irp posts="10 325″ name=""Прыедзьце, забярыце…" Каму ў Гродне патрэбныя беспрытульныя жывёлы"]

— На жаль, гэтая сітуацыя не ўнікальная для нашай краіны, — каментуе кіраўнічка «Адданага Сэрца» Алена Шыманіца. — Пакуль наша заканадаўства ў дачыненні да жывёл не будзе дастаткова строгім да нядобрасумленных заводчыкаў, нічога істотна не зменіцца. За апошнія некалькі гадоў нам толькі аднойчы ўдалося прыцягнуць да адказнасці гаспадыню сабакі за жорсткае абыходжанне з жывёлай. Яна аддзелалася штрафам, але ўсё адно гэта была маленькая перамога.

Перакупнікі, кантрабанда і падробныя дакументы

Па словах гродзенскай абаронцы жывёл Таццяны Красільнікавай, «разводчыкі» — гэта толькі адзін бок медаля.

— «Чорнае развядзенне» гэта добра адладжаная сістэма. Не ўсіх шчанюкоў і кацянят прадаюць самі заводчыкі, часцяком яны здаюць оптам цэлыя памёты перакупнікам, якія перавозяць іх і ў Расію, і ў Еўропу сотнямі. Там жывёлам робяць ліпавыя дакументы і прадаюць як племянных, народжаных ужо ад іншых сабак. Увесь гэты час «дзяцей» трымаюць у клетках і пераносках у цеснаце. Пры перавозцы, асабліва за мяжу, іх хаваюць, шпігуюць снатворнымі і абязрухваючымі лекамі, парушаюць усе вядомыя нормы.

[irp posts="12 091″ name="Ад дзятла да шарпея. Як жыве валанцёрка, праз рукі якой прайшлі тысячы жывёл"]

Некалькі гадоў таму на мяжы з Польшчай злавілі такую перакупніцу. У яе канфіскавалі больш за 50 шчанюкоў дробных парод, якіх яна спрабавала вывезці з краіны ў бусе. У вырашэнні лёсу малых тады прыняў удзел нават Гродзенскі заапарк. На колькі я ведаю, яе судзілі, але артыкула за жорсткае абыходжанне з жывёламі ў абвінавачванні не было.

Рыхтуюць закон, але ён пакуль недасканалы

Зараз у Беларусі рыхтуецца новы законапраект адносна жывёл. Зааабаронцы вельмі разлічваюць на тое, што ён будзе прагрэсіўным і адпаведным сусветным стандарам. Напрыклад, адзін з артыкулаў будзе прадугледжваць канфіскацыю жывёл у гора-ўладальнікаў па рашэнні суда і перадачу іх афіцыйным зааахоўчым арганізацыям.

Але нават гэты законапраект яшчэ далёка не дасканалы. Абаронцы жывёл па ўсей краіне спадзяюцца, што для яго паляпшэння іх прыцягнуць да распрацоўкі. У ідэале, закон павінен уводзіць абавязковае чыпаванне жывёл, стэрылізацыю неплемянных сабак і катоў, узмацненне адказнасці за пазбаўленне або жорсткае абыходжанне з гадаванцамі і шмат іншага.

Пра годную старасць жывёлы толькі мараць

Кацярына Касцюкова кажа, што добры прыклад таго, як рухацца ў гэтым кірунку, зараз паказвае Расія.

— У Беларусі валанцёры рэгулярна сутыкаюцца са змучанымі бясконцымі родамі жывёламі, ад якіх гаспадары пазбаўляюцца адразу, як толькі яны перастаюць прыносіць патомства. Аб годным утрыманні ў старасці тут гаворкі нават не ідзе. Паспяхова змагаюцца з такім відам бізнесу толькі ў тых краінах, дзе існуе моцнае заканадаўства ў сферы аховы жывёл.

Калі нам дазволяць далучыцца да гэтага працэсу, упэўнена, такіх недабрасумленных гаспадароў будзе нашмат менш.

[irp posts="16 824″ name="Дом 2.0 і новае жыццё. Гісторыі сабак і котак, якіх забралі з прытулку"]