З сярэдзіны восені ў Гродне ў закрытых памяшканнях аднавілася секцыя каякiнгу. Аматары экстрэмальнага віду воднага турызму збіраюцца ў адным з басейнаў горада каб рыхтавацца да летняга сезону.
Улетку яны ходзяць у водныя паходы ў Карпаты і Карэлію. Зараз на рэках і вадаёмах аматарам каякаў не дазваляе займацца надвор’е, таму яны і перабраліся ў памяшканні.
«У спакойнай і цёплай вадзе можна многаму навучыцца і адтачыць сваё майстэрства. У нашым спорце галоўнае не баяцца. Першыя трэніроўкі заўсёды моцна вымотваюць чалавека, гэта не параўнаць з трэнажорнай залай, але затое гэта цікава і насычана», — распавядае адзін з самых вопытных гродзенскіх спартсменаў Яўген Лукомскі.Што такое каякiнг
Каякiнг гэта від экстрэмальнага спорту, які з’явіўся адносна нядаўна. Ён уяўляе сабой сплаў па бурнай рацэ на каяку: часцей аднамесным, але ён можа быць і на двух чалавек.
Каяк гэта вяслярная лодка што з’явілася ўпершыню ў эскімосаў і іншых арктычных народаў. Каяк традыцыйна выраблялі са шкур, нацягваючы іх на драўляны або касцяной каркас. Сучасныя каякі прамысловай вытворчасці вырабляюцца з матэрыялаў падвышанай трываласці: поліэтылену, шкловалакна, карбону.
Усё за свой кошт
У Гродне каякiнгам займаецца каля 25 чалавек: гэта тыя людзі, якія ўвесь час ходзяць у паходы, і тыя, хто дадаткова займаецца на байдарках.
«Прыходзяць да нас займацца і прадстаўнікі іншых відаў спорту. Наогул развіццё каякiнгу ў Гродне залежыць ад месца трэніровак. Улетку трэніроўкі праходзяць на вадаёмах і з гэтым ужо значна лягчэй. А вось у зімовы перыяд узнікаюць цяжкасці. Было б у нас больш часу і магчымасці, мы б бралі дзяцей і вучылі б іх. Але гэтага рабіць мы не можам, бо ўсе робім за свой кошт: напрыклад, зімой басейн арандуем. У нас ёсць кваліфікаваныя асобы, якія могуць займацца з моладдзю, але пакуль няма магчымасці браць і трэніраваць групы».
Будзе месца для трэніровак — будуць і вынікі
Каб у халоднае надвор’е знайсці месца для трэніровак, аматары каякiнгу абышлі многія басейны горада, але толькі ў адным ім дазволілі займацца. Іншыя ж баяцца, што каякамi і вёсламі можна разбіць плітку. За дзве гадзіны арэнды басейна адзін чалавек плаціць 4−6 рублёў.
«Раней было лягчэй, дапамагаў „Азот“, прадпрыемства праплачвала нам басейн у „Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі“. Зараз гэты басейн зачынілі. А нам давялося шукаць новае месца за свой кошт. Праблема ў тым, што трэба знайсці пастаяннае месца для трэніровак. Будзе месца, будзе і вынік, магчыма пачнуцца пастаянныя трэніроўкі і людзей падцягнем. А ў будучыні ў паходы адправімся, напрыклад у Карпаты або Карэлію, дзе будзем сплаўляцца па вадаспадах і горным рэках. А ўсё гэта можа прывесці да нейкіх станоўчых вынiкаў як на рэспубліканскіх, так і міжнародных спаборніцтвах».
Большасць аматараў каякiнгу ў Гродне адносяцца да турыстычнага клубу «Крокi», які з’яўляецца адным з самых шматлікіх турыстычных клубаў у Гродзенскай вобласці.
Больш інфармацыі пра трэніроўкі на каяках ў Гродне, можна паглядзець тут.