Сёлета на Grodno Fashion Show было прадстаўлена каля 40 калекцый адзення для мужчын, жанчын і дзяцей. Свае працы прадэманстравалі як маладыя дызайнеры з каледжаў і універсітэтаў, так і вопытныя майстры, якія прадстаўлялі беларускія швейныя і тэкстыльныя прадпрыемствы ды салоны моднай вопраткі і абутку.
Шоў прайшло 8 кастрычніка ў два заходы, у час якіх больш за 200 мадэляў у зале «Радыёхвалi», дэманстравалі розныя калекцыi. Акрамя мясцовых дызайнераў і вытворцаў, былі прадстаўнікі з усёй Беларусі. Некаторыя паказаныя на сцэне калекцыі яшчэ не паступалі ў продаж.
Вядомы беларускі дызайнер Антон Ярошчык, які стаяў ля вытокаў Grodno Fashion Show, прыехаў чарговы раз у Гродна, каб паказаць сваю новую калекцыю. Яго працы прыйшлі многім па гусце.
«Заўсёды прыемна прыязджаць у Гродна, дзе я вучыўся. Grodno Fashion Show — вельмі добрая пляцоўка, якая з кожным годам развіваецца. Не параўнаць з тым, што было ў самым пачатку. У гэтым годзе я прадставіў сваю новую калекцыю з нацыянальным каларытам, якую змешваем з сучаснымі напрамкамі. Пазіцыянуем мы цеплыню сям'і і сямейнага ачага. Прадпрыемства «Палессе», якое я прадстаўляю, працуе са слоганам «Дарыце цяпло сабе і сваім блізкім».
У модным дэфіле прымалі ўдзел як прафесіяналы, так і мадэлі-аматары, у тым ліку дзеці. Да ўдзелу ў паказе прыцягнулі гарадзенцаў з мадэльнай знешнасцю, якія прайшлі папярэдні адбор. Былі сярод іх і цемнаскурыя хлопцы ды дзяўчаты, а таксама мадэлі памеру «плюс».
Сваім меркаваннем падзялілася і дызайнер-пачатковец Таццяна Калiневiч, якая сёлета прайшла ў рэспубліканскі фінал конкурсу «Мельнiца моды».
«На Grodno Fashion Show былі як удалыя, так і не вельмі калекцыі. Але больш за ўсіх запомнілася мне калекцыя трыкатажу ад пінскага дызайнера Антона Ярошчыка. Яна сапраўды стыльная, маладзёжная і цікавая. Як толькі на сцэну выйшлі першыя мадэлі, адразу падумала, што трэба абавязкова зазірнуць у іх краму.
На мой погляд, было мала калекцый самастойных дызайнераў. Большасць было ад розных камерцыйных прадпрыемстваў. Але, адназначна, там было на што паглядзець.
У будучыні планую таксама ўдзельнічаць у гэтым шоў. Гэта добрая платформа для таленавітых пачаткоўцаў. Думаю, на такія мерапрыемствы варта хадзіць не толькі людзям, звязаным з індустрыяй моды, але і людзям іншых прафесій, каб даведацца і ўбачыць, што і ў Беларусі ўмеюць рабіць якасныя, цікавыя і незвычайныя вырабы".
[cincopa AkCA5t9-_2df]