У пасляваенныя гады пра хлопцаў з Пярэселкі складалі легенды, у Гродне іх баяліся — рэпутацыя была «бандыцкая». Сёння былая вёска на ўскраіне горада ператварылася ў мікрараён з шматкватэрнай забудовай. Чытач Hrodna.life Уладзімір Шэшка прынёс у рэдакцыю фотоальбом сваёй сям'і і расказаў, чаму вясковыя хлопцы баранілі Фарны касцёл і наводзілі страх на прыезджых.

Пасля Другой сусветнай вайны насельніцтва Гродна кардынальна змянілася. Яўрэі, якія засялялі цэнтр горада, загінулі, многіх палякаў раскулачылі і вывезлі, нехта скарыстаўся рэпатрыяцыяй і з’ехаў. Гродна сталі засяляць сем'і савецкіх ваенных і жыхары навакольных вёсак. Мясцовымі сталі сябе называць менавіта жыхары вёскі Пярэселка, якая знаходзілася на ўскраіне горада.

З часам вёска ўвайшла ў горад. Вяскоўцы, якія ў 1930-х насілі ў горад малако, хадзілі на рынак, у школу і касцёл, самі сталі гараджанамі. А яшчэ — захавальнікамі Гродна і яго даваенных традыцый.

Большая частка пасляваеннай моладзі з Пярэселкі да вайны вучылася ў школе № 8 на Базыльянскай (яшчэ нядаўна гэта была школа № 4 на Лермантава). Іх выхоўвалі ў традыцыях польскага патрыятызму.

«Мы з Пярэселкі». Як вясковыя хлопцы баранілі Фарны касцёл у Гродне
Дзеці вёскі Пярэселка. пач. 1930-х гг.

«Мы з Пярэселкі». Як вясковыя хлопцы баранілі Фарны касцёл у Гродне
Вучні каля школы № 8. Дзеці з Перэселкі вучыліся ў гэтай школе. На пярэднім плане дырэктар Юзаф Вевюрскi. 1930-я гг.
«Мой бацька Юзэф Шэшка быў менавіта з такіх хлопцаў. За Пярэселку ён і яго сябры ішлі як за маці родную — гарой. У горадзе пасля вайны ў людзей была нястача, а вось у бацькоў у вёсцы было ўсё: ад нармальнага адзення да ежы. У кожнай сям'і ў Пярэселцы быў свой агарод і скаціна. А самае галоўнае — ніхто не забыўся пра старыя традыцыі. У часы дзікага атэізму ў Пярэселцы гаварылі на польскай мове і адзначалі з размахам усе рэлігійныя святы.

Сёння мала хто ведае, але менавіта мужыкі з нашай вёскі, у тым ліку мой бацька, выязджалі ў цэнтр горада на абарону Фарнага касцёла. Яны там зачыняліся і па чарзе вартавалі, каб саветы не знеслі стары храм і не перарабілі яго ў які-небудзь музей або кінатэатр. Храм вясковыя хлопцы абаранілі і сёння ў Гродне гэта адна з галоўных славутасцяў. Там у нашых бацькоў і ў многіх іншых гродзенцаў праходзілі першыя камуніі [прычасце — рэд.]".

Сапраўдныя патрыёты

У сям'і Уладзіміра захаваўся цікавы здымак хлопцаў з Пярэселкі ў пасляваенныя гады ў цэнтры Гродна на дарожцы (фурманцы). Па хлопцах бачна, што яны адчувалі сябе ў горадзе камфортна.

«Мы з Пярэселкі». Як вясковыя хлопцы баранілі Фарны касцёл у Гродне
Хлопцы з Пярэселкі на сучаснай вуліцы Ажэшкі або Савецкай. Канец 1940-х гг.

«Мы з Пярэселкі». Як вясковыя хлопцы баранілі Фарны касцёл у Гродне
Вясковыя хлопцы каля Фарнага касцёла. 1940-я гг
«Як яны былі апранутыя — ім зайздросцілі. І самае цікавае, што яны працягвалі размаўляць на польскай мове. Не на чыстай, але на трасянцы з элементамі беларускай мовы — мовы нашых продкаў. Хлопцы з міжваеннга часу былі выхаваны ў духу патрыятызму да сваёй Радзімы. У тыя гады гэта ўсё адбывалася пад уплывам касцёла і школы. Хтосьці з вясковай моладзі нават удзельнічаў у абароне горада ад бальшавікоў у 1939 годзе.

Пасля вайны ў савецкую арміі стараліся не ісці. Мой бацька не пайшоў - быў паўсіратой, а яго сябар наеўся тытуню, потым усё жыццё хварэў на сухоты, але не пайшоў у Чырвоную армію. Такія былі патрыёты".

Вёска пачыналася ў лесе

Сёння ад вялікай вёскі Пярэселка, якая расцягвалася ад сучаснага БЛК да вуліц Каліноўскага і Літоўскага ручая, засталося толькі некалькі вуліц з драўлянымі пабудовамі. Там яшчэ жывуць старажылы і памятаюць шмат цікавага з жыцця даваеннага і пасляваеннага Гродна.

«Я нарадзіўся ў 1961 годзе, але таксама заспеў тыя традыцыі продкаў і пра іх не забываю. Вясковае жыццё ў Пярэселцы скончылася ў канцы 1980-х гадоў. Але і цяпер там шмат тых, хто прытрымліваецца старых традыцый. Некалькі дамоў захавалася, могілкі ў тым ліку. Былыя жыхары Пярэселкі стараюцца іх даглядаць.

Могілкі знаходзяцца ў Пышках, у глыбіні лесу. Здаўна бацькі нам распавядалі такую ​​легенду, што вёска наша пачыналася менавіта там у лесе, ля Нёмана, дзе захаваліся пабудовы ад панскага маёнтка. Але пасля была воля пана перанесці вёску далей ад сябе, бліжэй да горада. Так і назвалі вёску ад слова «перасяленне» — Пярэселка".

«Мы з Пярэселкі». Як вясковыя хлопцы баранілі Фарны касцёл у Гродне
Мужчыны з Пярэселкi, 1950-я гг.


У вас ёсць што расказаць пра гісторыю Гродна і сваёй сям'і? У вас захаваліся старыя фота? Прыходзьце ў рэдакцыю Hrodna.life на Кірава 3, оф.8−2 або званіце Руслану Кулевічу на нумар +375 29 5 153 935.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life