Нярэдка можна пачуць прэтэнзіі на адрас праваслаўнай царквы ў недастатковым падтрыманні беларускай нацыянальнай культуры. Настаяцель Свята-Пакроўскага сабору ў Горадні айцец Георгій Рой мяркуе, што апошнім часам усё больш праваслаўных святароў і вернікаў звяртаюцца да культурнай і моўнай спадчыны.
Царкоўнаславянская ці беларуская?
— Канешне, вельмі балюча адбіваюцца на жыцці царквы тыя агульныя працэсы, якія перажывае нашае грамадства. Грамадзяне Беларусі ў сваёй большасці не вельмі цікавіцца беларускай мовай і беларускай культурай. Царкоўная абшчына ж складаецца са звычайных людзей. Калі ў грамадскім жыцці час ад часу можна сустрэць нейкую падазронасць да беларускай культуры, то бывае і так, што такое стаўленне людзі з сабою прыносяць і ў царкву. Можа, дзесьці хтосьці лічыць, што беларускай мове не месца ў жыцці Царквы. Але большасць праваслаўных вернікаў ставяцца да беларускай мовы станоўча, хоць самі і не гавораць па беларуску. Цяпер у жыцці нашай Царквы ёсць усе магчымасці ўжываць беларускую мову і ў пропаведзях, і ў набажэнствах, і ў публікацыях, і ў справаводстве. Але, на жаль, мы далёка не заўсёды выкарыстоўваем гэтую магчымасць. Мне падаецца, што мы недастаткова клапоцімся пра захаванне нашае культуры і мовы.
Напэўна, святары маглі б часцей паказваць прыклад шанавання беларускай культурнай спадчыны і ўжывання беларускай мовы вернікам нашых цэркваў. Але пакуль што гэта не так. Беларуская мова прысутнічае ў жыцці царквы, але значнай ролі ўсё-такі не мае. Іншыя хрысціянскія канфесіі ў гэтым кірунку робяць бадай што больш.
— А як святар павінен ставіцца да прысутнасці нацыянальнага ў царкве? Ці не ўзнікне канфлікту паміж, напрыклад, «сакральнай» мовай царквы, і мовай нацыянальнай? Узгадайма біблейскі выраз: «няма болей ні іўдзея, ні эліна».
— У нашай царкве не існуе сакральных моваў. Кожная мова, на якой гавораць людзі, годная таго, каб на ёй звяртацца да Бога. Асабіста я практыкую служэнне беларускай літургіі. Кажу пропаведзі па-беларуску. І калі нехта кажа, што можа быць толькі адна «сакральная» мова, то гэта не адпавядае праваслаўнай традыцыі. Не адпавядае самой сутнасці менавіта той традыцыі, якую заклалі святыя Кірыл і Мяфодзій. Лічу, што царкоўнаславянская мова павінна быць асноўнай мовай набажэнства — гэта наша старажытная каштоўная спадчына. Але, пры гэтым, я выступаю і за тое, каб была магчымасць маліцца на той мове, на якой людзі хочуць маліцца. Хочуць царкоўнаславянскую — добра. Хочуць па-беларуску — будзем маліцца па-беларуску. Жадаюць маліцца па-расейску — і тут праблемы быць не павінна. Захочуць іншыя народы пачуць літургію на сваёй мове — і тут патрэбна быць заўсёды гатовымі.
Увогуле праваслаўная царква мае гэткі «ген кансерватызму». Мы кансерватары па сваёй сутнасці і іншымі быць не можам. Гэта дае шэраг перавагаў, але ўзнікаюць і некаторыя праблемы. У нас людзі вельмі насцярожана ставяцца да ўсяго новага. І калі казаць пра пашырэнне беларускай мовы ў жыцці праваслаўнай царквы, то непазбежна сутыкнешся з пытаннем: а навошта? Што мы, па-славянску не разумеем? Нам гэта «не прывычна». Сапраўды, хто практыкуе малітву, той разумее, што такое «прывычнае слова» у малітве. Але ёсць нямала і тых асобаў, якія хочуць маліцца па-беларуску, якія хочуць чуць сваё роднае слова ў сваёй роднай царкве. Хай яны і не складаюць большасці, але мы, як хрысціяне, як браты і сёстры, павінны шанаваць духоўныя патрэбы кожнага чалавека. Акрамя таго, нельга забываць, што мову, зямлю, культуру народу дае Гасподзь. І мы маем адказнасць перад Богам, за захаванне той мовы, якую Ён нам даў.
Але для мяне асабіста нацыяналізм катэгарычна непрымальны. Ні расейскі, ні беларускі, ні ўкраінскі, ні які іншы. Нацыяналізм заўсёды абмяжоўвае чалавека, завужвае светапогляд, перашкаджае адэкватнаму дыялогу. І калі казаць пра сучасны беларускі рух, то я таксама непакоюся, што многія людзі становяцца на шлях такога вузкага нацыяналізму. Для шмат каго цяпер быць патрыётам Беларусі азначае кагосьці ненавідзець і заўсёды з нагодай, ці без яе, сваю нянавісць падкрэсліваць. Даходзіць час ад часу проста да недарэчнасцяў і глупстваў. На гэтым падмурку нічога добрага не збудуеш. Нянавісць і пыха — грэх, а кожны грэх дзейнічае дэструктыўна. Зразумела трэба любіць і шанаваць сваё роднае, трэба ўмець бараніць сваю спадчыну, але гэта ўвогуле не азначае ганьбіць суседскае, вышукваць нейкія недасканаласці, абсмейваць іх і самазадаволена казаць: мы лепшыя. Такая пазіцыя вельмі прымітыўная.
Адкуль бяруцца «праваслаўныя сталіністы»
— Апошнім часам мы бачым нездаровыя праявы ў жыцці праваслаўнай царквы: «праваслаўныя сталіністы», «праваслаўная армія», шанаванне Івана Жахлівага, ці Грыгорыя Распуціна. Як да гэтага павінна ставіцца царква?
— Гэта не з’ява апошніх гадоў. Яна мабыць саспявала дзесяцігоддзямі, але менавіта цяпер гэтыя вельмі агрэсіўныя і ідэалагічна зацятыя групы ўсё гучней пра сябе заяўляюць. Гэта спроба ўвесці ў жыццё царквы нейкую па сутнасці сваёй антыхрысціянскую ідэалогію.
Я лічу, што гэта падмена праваслаўнай веры, на пэўны дыялагічны сурагат, можа нават хтосьці спрабуе праз гэта дасягаць пэўных палітычных мэтаў. Але ўсё гэта — не праваслаў'е, а нейкая карыкатура.
Сапраўдная праваслаўная традыцыя — гэта традыцыя дыялогу. Сапраўднае праваслаў'е не ідэалагічнае, а дыялагічнае. І я вам шчыра скажу, што я вельмі перажываю за тое, як далей будзе развівацца гэтая сітуацыя. Тут ужо гаворка ідзе не пра тое, ці мне падабаецца тая ці іншая пазіцыя, ці не падабаецца. Пытанне датычыць прыроды царквы і сутнасці праваслаўнай традыцыі.
Так званы «праваслаўны сталінізм» гэта не што іншае, як саюз свету з цемрай. Ці якая можа быць «праваслаўная армія», калі ідзе братазабойчая грамадзянская вайна? Апошнім часам вакол нас стала зашмат ідэалогіі. І мяне вельмі непакоіць тое, што мы неяк спакойна на ўсё гэта рэагуем, ці, можа робім выгляд, што нічога страшнага не здараецца. Можа баімся страціць нейкую раўнавагу? Але калі мы не будзем даваць гэтым з’явам адпаведную адзнаку, гэта прывядзе да вельмі цяжкіх наступстваў. Лепш лячыць хваробу ў пачатку, чым тады, калі яна набярэ сілу.
І ўсё ж такі падсумоўваючы, якія перспектывы Вы ўвогуле бачыце для беларускай мовы і культуры ў жыцці сучаснай беларускай царквы?
— Думаю, што арыял ужывання беларускай мовы ў жыцці нашай царквы будзе паступова пашырацца. Але ўсё гэта павінна адбывацца праз асабісты прыклад святароў, праз заахвочанасць неабыякавых да роднай мовы вернікаў і не павінна быць аніякага прымусу. Беларуская культура павінна прыходзіць у жыццё царквы спакваля. Заўсёды патрэбна спакойная дыскусія.
Беларуская мова і царква — ад XІІ да ХХІ ст.
— Айцец Георгій, калі коратка зазірнуць у мінулае, які ўнёсак зрабіла праваслаўная царква ў гісторыі для беларускай мовы і культуры?
— Мы павінны разумець, што само фармаванне беларусаў як народу пачыналася адначасова з прыходам сюды хрысціянства, якое прынесла пісьмовае слова. Феномен нашай гісторыі ў тым, што гэтае хрысціянскае слова пачало даваць буйныя парасткі ва ўсіх галінах жыцця нашага старажытнага беларускага грамадства. Узнікаюць гарадскія цэнтры — Полацк, Тураў, Менск, Горадня, Пінск і іншыя гарады. Паўсюль з’яўляецца кніга. Асабліва мы можам адзначыць Полацк, дзе жыла і працавала Еўфрасіння Полацкая, якая перакладала кнігі, перапісвала іх. Там узнікае першы скрыпторый. Свяціцель Кірыла Тураўскі - гэта ўвогуле чалавек выключнага маштабу ў нашай гісторыі. Ён быў надзвычай адукаваным чалавекам для 12-га стагоддзя. Кірыл Тураўскі - выбітны багаслоў і філосаф. Першы на нашай зямлі. Роўных яму не было ва ўсёй тагачаснай Старажытнай Русі. Ні шмат хто і ў Еўропе мог параўнацца з ім у адукацыі і слове. Мы можам узгадваць цэлы шэраг імёнаў і іншых выбітных сыноў нашага народу. Менавіта яны закладаюць тую аснову, той падмурак, на якім будуецца нашая беларуская культура, наш беларускі народ.
Калі на поўдні і паўночным усходзе старажытнае Русі панавала татарскае іга, якое ў значнай ступені знішчыла старажытную культурную традыцыю і запаволіла яе развіццё, то менавіта беларуская зямля стала той глебай дзе культура і пісьменства дало вельмі моцныя парасткі. У Вялікім Княстве Літоўскім інтэнсіўна развіваецца і дае надзвычай багаты плён унікальная кніжная культура, архітэктура, іканапіс. І ўсё гэта зараджаецца ў нетрах нашай праваслаўнай царквы. Што цікава, літаратура не была выключна рэлігійнай. Гэтая традыцыя адзначаецца жанравай разнастайнасцю: летапісы, жыццеапісанні, і апісанні падарожжаў, зборнікі біблейскіх афарызмаў і інш.
Нядаўна я прачытаў меркаванне адной вядомай даследчыцы, якая сцвярджала, што стан беларускай царквы да пачатку 16-га стагоддзя быў станам глыбокага інтэлектуальнага застою і нагадваў багну, што, нібыта, не было ў нас ніякай значнай інтэлектуальнай працы. Але гэта вялікі паклёп на наш народ, на нашу культуру і на нашу мову, таму што такой колькасці літаратуры якая існавала на Беларусі, не было нідзе ў іншых усходнеславянскіх народаў. Можа Францыскава біблія была застоем? Ці нашае друкарства і пісьменства? Ці тая надзвычай багатая літаратура, якая буяла ў нас? Ці брацкія школы, ў якіх атрымоўвалі выдатную адукацыю?
Налета мы будзем адзначаць значны юбілей, 500-годдзе Скарынаўскай бібліі. Мы павінны разумець, што гэтая біблія не ўзнікла знянацку, нібыта ўпала да нас з неба. Папярэдняя літаратурная традыцыя нашага народу — тая глеба, на якой вырас геній Скарыны.
Лаўрэнцій Зізаній — праваслаўны манах, выдаў першы буквар. Мяркую, што кожнаму зразумела, якую ролю выконвае буквар для народнай адукацыі. Узнікае палемічная літаратура і ўсё, што пішацца, яно пішацца на нашай старажытнабеларускай мове. Старажытная беларуская мова выкарыстоўваецца як мова дзяржаўнага справаводства. Нават калі сёння чытаеш тыя старажытныя тэксты, то вельмі лёгка распазнаць, што мова тых тэкстаў вельмі блізкая да сучаснай. Мова таго пісьменства стала ўрадлівай глебай для ўзрастання сучаснай беларускай мовы.