14 байкераў з каўнаскага клуба «Мотабраты» адкрылі новы сезон паездкай у Гродна ў суботу 28 красавіка. Клуб упершыню прыехаў у беларускі горад і зрабіў гэта па бязвізавым рэжыме. Гродна літоўцам падабаецца, але вось на беларускай мяжы ў гасцей узніклі цяжкасці - ім прыйшлося 4 гадзіны чакаць дазволу, каб уехаць у краіну. А хлопцы ўсяго толькі хацелі паглядзець горад і перакусіць.
Байкеры планавалі, што перасякуць беларускую мяжу хутка і спецыяльна выехалі раніцай. Ад Каўнаса да мяжы з Беларуссю ўсяго 130 км, гэта шлях клуб пераадолеў за 1 гадзіну 15 хвілін. Ад мяжы да Гродна 35 км, на гэту адлегласць спатрэбілася менш за 30 хвілін.
«Мы прыехалі з Каўнаса ў Гродна, каб адкрыць новы сезон. Мы думалі куды ехаць і вырашылі што сюды, мы тут упершыню, — распавядае прэзідэнт клуба Казімір. — Прыехалі з мэтай пазнаёміцца з горадам і паесці. Месца нам падабаецца, некаторыя вуліцы падобныя на нашы, літоўскія. Дрэнна, што мы не бачылі ў Гродна тэрас, дзе можна паесці. Адсутнасць такіх месцаў нам патлумачылі тым, што яшчэ не сезон. Кошты тут крыху танней, чым у Літве. Але мы не тыя, хто прыехаў сюды за каўбасой. Нам няма розніцы якія кошты, галоўнае адпачыць».
Беларусы павінны быць зацікаўлены ў турыстах
У Гродна байкерскі клуб прыехаў на два дні. Тут яны знялі дом і плануюць пазнаёміцца з мясцовымі клубамі. Беларускі горад літоўцам падабаецца, але вось перасячэнне мяжы адбівае ў іх жаданне вяртацца сюды.
«Безумоўна, бязвізавы рэжым — гэта крута і літоўцы прыязджалі б у Гродна яшчэ часцей, калі б не было цяжкасцяў на мяжы, — дадае Казімір. — Асабіста нас трымалі 4 гадзіны.
Напэўна, не спадабаліся беларускаму памежніку. Ён узяў нашыя дакументы і проста паклаў іх на стол, а пасля гэтага прапусціў 45 машын. Ён нічога не рабіў, а потым рэзка ўзяў і прапусціў. А мы ўвесь гэты час мерзлі на вуліцы і нават у туалет не маглі схадзіць».
Байкеры нават падумвалі развярнуцца і паехаць дадому. Яны пыталіся ў памежнікаў, чаму іх так доўга трымаюць і не прапускаюць.
«Нам сказалі, што ўсё добра. А пасля нейкі памежнік выйшаў і сказаў, што ён неяк на мяжы літоўскай стаяў 4 гадзіны. А нам-то якая розніца, колькі ён стаяў, мы ж едзем адпачываць і грошы пакідаць. 1−2 гадзіны яшчэ можна пастаяць на мяжы на матацыкле, але не 4. Беларусы павінны быць зацікаўлены ў турыстах.
Калі нехта з маіх калегаў у Літве спытае ў мяне, маўляў хачу паехаць выпіць кавы ў Гродна, як там? Я скажу — добрае і прыгожае месца, але прыйдзецца на мяжы пастаяць 4 гадзіны. Думаю такому не ўсе ўзрадуюцца.
Вось менавіта з-за такіх незразумелых праблем проста іншы раз не хочацца ехаць у Беларусь. А так тут усё добра, — дадаў Казімір.