У снежні на працягу аднаго тыдня ў Гродне памерлі два чалавекі, звязаных з мясцовай музычнай культурай. 14 снежня памёр Канстанцін Остаў. Ён арганізоўваў канцэрты і падтрымліваў маладыя гурты апошнія шэсць гадоў. 16 снежня сышоў Сяргей Халодны — чалавек, якога называюць легендай, успамінаючы яго «Клетку», гурт і пачуццё гумару. Аднаму было 50, іншаму крыху за 50, абодва сышлі з-за праблем з сэрцам. Адзін адышоў ад музыкі ў апошні час, а другі як раз прыйшоў у яе. Рэдакцыя Hrodna.life папрасіла музыкаў і людзей з «тусоўкі» ўспомніць і зафіксаваць, чым Канстанцін і Сяргей запомняцца гораду.

Аляксандр Дзянісаў, музыка гурта DZIECIUKI, журналіст-фрылансер

Першы раз я ўбачыў Сярожу Халоднага на сцэне. Гэта быў нейкі сэйшэн. 1994 ці 1995 год. Яны з братам Косцям былі часткай гурта «Side Off». Косця быў гукачом, а Сяргей лабаў на перкусіі. Яны гралі art-rock, наколькі я магу вызначыць іх стыль зараз. Мяне не ўразіў іх выступ. Тады большасць гарадзенскіх нефармалаў, як і я, угаралі па трэш-металу. Я быў тады зусім «зялёны» і не змог ацэніць увесь кайф ды іх музычны пасыл. А гурт, аглядаючыся сёння назад, сапраўды граў файную музыку.

Мы ніколі не былі сябрамі, нават блізкімі знаёмымі. Але калі ты ў няхай і эфемерным рок-братэрстве, то ведаеш адзін аднаго. Больш блізкія стасункі з братамі Халоднымі прыйшліся на пачатак 2000-х. На месцы былога савецкага кінатэатра «Летний» тады ўзнік сапраўдны рок-клуб з жывой музыкай пад назвай «Клетка». Ён праіснаваў два з чымсьці гады. За гэты час там адбылося шмат файных мерапрыемстваў: нейкіх лакальных фэстаў, шматлікіх канцэртаў.

Самае галоўнае — гэта нават не канцы, — а сам дзвіж. З сярэдзіны 1990-х, калі зачынілася легендарная «Кофейня» (бар «Виленский», а сёння — «Чебуречная») ва ўсякага нефармальнага люда не было месца дзе тусіць. А тут з’явіўся цэлы двухпавярховы рок-паб! Браты Халодныя мелі да яго самыя непасрэдныя адносіны. Падрабязнасцяў не ведаю, але казалі, што яны ўклалі ў яго усе свае грошы. На рамонт, на ацяпленне, на новую праводку, на апаратуру і г. д. Калі ўлады пастанавілі будынак знесці, то разумееце, што адбылося? Справа ўсяго жыцця пайшла ў Халодных пад бульдозер…

А апошні раз я бачыў Сярожу Халоднага напачатку вясны 2020 году. У нас тады з гуртом «Dzieciuki» былі канцы ў Беластоку і Варшаве. Мы тады патрапілі ў «кавідны калідор» ды далі рады з’едзіць у нашы апошнія жывыя канцы на сцэне ў поўным складзе. Я даведаўся, што ў суботу з канцам у Гародню прыязджае Андрэй «Макар» Макарэвіч, фантастычны гітарыст, лідар гарадзенскага хард-рок гурта «Seven B». Не сустрэцца з ім ніяк не мог, а тут акурат у нас выступы ў Польшчы. Дзякуй Богу, што ён захрас у Гародні яшчэ на пару дзён, і мы сустрэліся. На кухні кватэры, у якую я прыйшоў, сярод гасцей, сядзеў і Сярожа Халодны. Ён быў ужо трохі стомлены застоллем, але паразмаўляць далі рады. Пасля таго вечара мы не бачыліся.

У мяне была ідэя зняць фільм пра гарадзенскі рок. Не атрымалася. То часу няма, то лянота… Цяпер ужо не важна. Але тады я шмат каму казаў, што трэба запісваць на відэа музыкаў. Бо адыходзіць эпоха разам з людзьмі… Вось ужо адыйшоў наступны. Сярожа Халодны. Зямля пухам…

Максім Швед, гродзенец, жыве ў Мінску, рэжысёр-дакументаліст

Асабіста Сяргея Халоднага я не магу сказаць, што ведаў добра. Але, жывучы ў Гродне, вельмі часта сутыкаўся з тым, што рабілі браты Халодныя. Дзякуючы таму, што аднойчы апынуўся на канцэрце, які яны арганізоўвалі, скажам так, уступіў на слізкую дарожку нефармальнага жыцця, і я стаў самім сабой. Клуб «Клетка», які першапачаткова знаходзіўся на месцы павільёна з машынкамі, а потым заняў месца летняга кінатэатра, гэта была наогул гучная, яркая, магутная культурная з’ява, якая грымела на ўсю рэспубліку, я думаю.

"Звялі альбом - а ён не пачуў". У Гродне за тыдзень памерлі два музыканты — гродзенцы ўспамінаюць іх спадчыну
Клуб «Клетка». Фота з артыкула Віктара Саяпіна ў часопісе «Твой город Гродно», № 8 (11) 2015

Думаю, гродзенцам гэты тандэм, які, на жаль, цяпер распаўся, і мы ўжо не будзем казаць «браты Халодныя» — застаўся толькі Косця, — запомніцца менавіта па дзейнасці, звязанай з «Клеткай». Але хлопцы шмат працавалі ў студыі і запісалі шмат класных гуртоў: і гродзенскіх, і людзі спецыяльна да іх прыязджалі, каб запісацца. Ну і плюс, вядома ж, яны былі гарадскімі легендамі, невычэрпнымі крыніцамі усялякіх дзікіх гісторый, якія і натхнялі, і смяшылі, і зрабілі, уласна, іх тандэм легендарным.

Для мяне сыход Сяргея перш за ўсё значыць, што пачало сыходзіць пакаленне самае блізкае, на якое мы раўняліся. Гэта сумна і журботна — іх няма каму замяніць шмат у чым. Сяргей быў таленавітым музыкам з кучай праектаў. Калісьці я задумаў зняць фільм — гэта былі першыя крокі ў кіно — пра нефармалаў, пра той самы час, калі была легендарная «Клетка». Шукаючы матэрыялы для фільма, я сярод іншага знайшоў адзін з яго праектаў - Cold Bross — і запампаваў сабе ў тэлефон. Яна ў мяне да гэтага часу, і я яе часцяком слухаю. Гэта выдатная светлая кампазіцыя, і мне здаецца, менавіта такім чалавекам ён і быў.

Яўген Кучмейна, праект .К, пераможца фестывалю «Басовішча»

Калі ў 2007 годзе я скончыў школу, паступіў у ГрДУ на гістарычны факультэт і прыехаў вучыцца, то ў мяне была мэта ў першую чаргу гурт стварыць і пачаць граць у гурце. Я да гэтага наогул толькі па целіку ў «Элен и ребята» бачыў, як людзі на гітарах граюць. Ніколі не сутыкаўся, у Іўі такой функцыі не было.

Я памятаю восень 2007 года. Прайшло тры месяцы з паловай, як я прыехаў у універсітэт. І ў мяне пачалі распадацца мае рамантычныя ідэі з нагоды таго, што трэба музыку якуюсьці рабіць, стварыць гурт — нічога няма. Горад для мяне здаваўся вялікім, халодным і нічога там для мяне не адкрыта. Пазнаёміліся з Арцёмам Германовічам — ён са мной вучыўся на патоку. Таксама Nirvana слухалі, Depeche Mode, і гэтак далей, усё гэта было. Не ведаю, як, але мы знайшлі кропку, дзе можна парэпетаваць. Неяк знайшлі інструменты. З’явіўся чалавек — знаёмы Арцёма, які быў бубначом. Ён таксама толькі прыехаў вучыцца.

Гэта была кропка, дзе былы «City Bar» [сёння — бар «Сон» — Hrodna.life]. І гэта кропка была Халоднага. Мы туды за бабкі [прыйшлі], але па факце ён не гнаўся за бабкамі, ён больш для таго, каб тусаваліся людзі, гралі. І ён падыходзіў, паказваў - быў бубначом. <…> Ён першы мяне ўвёў у гродзенскі музычны свет. Туды пачалі прыходзіць яшчэ: пасля нас хтосьці прыходзіць, перад намі хтосьці грае. Воляй-няволяй, калі збіраеш, скручваеш апарат, выходзіш пакурыць — маеш зносіны з людзьмі, знаёмішся. І вось гэта рух першы — ён быў праз кропку Халоднага, які, вядома ж, таксама заўсёды тусаваўся. Яны выпівалі, іншыя музыкі былі. Ён падыходзіў пару разоў, паказваў нам, дзе мы касячым.

"Звялі альбом - а ён не пачуў". У Гродне за тыдзень памерлі два музыканты — гродзенцы ўспамінаюць іх спадчыну
Сяргей Халодны. Фота: grodno. in

Ён быў такі вясёлы чэл — адчуванне піратаў, якія ў карчме сядзяць і ім хутка выязджаць. Рома бахнуў, сіжку задуў і распавёў гісторыю пра куфар мерцвяка. Такое было адчуванне пра Халоднага — ён вельмі заліхвацкім быў, жартаўніком дзёрзкім. І гэтым сваім настроем ён зараджаў людзей, ён такое свята рабіў. Прыходзіш — опа, дзвігло такое, класна! Гэта было для мяне тады супер аддушынай. Таму што ў універсітэцкім жыцця я расстроўся. Аказалася, што гэта сумней, ня Хогвартс! <…>

Там я на бубнах змог чутка пайграць, на басухе, я ўбачыў гэтыя падлучэнні, першае дакрананне. Таму Халодны будзе для мяне чалавекам, які адкрыў мне дзверы гродзенскага музычнага свету, якога я чакаў і ў які хацеў улезці.

"Звялі альбом - а ён не пачуў". У Гродне за тыдзень памерлі два музыканты — гродзенцы ўспамінаюць іх спадчыну
Сяргей Халодны. Фота: сацсеткі героя

Мы пазнаёміліся з Дзімам Барысавым, і ён мне распавёў, што быў гурт «The De-riJabls». І гэта была вельмі прагрэсіўная музыка, пры тым, яна была запісаная не на комп, а на пульт. Альбом быў «прагрэсіў», але «на прыколе». І гэта было не «калгасанства». І там, па-мойму, граў Халодны — гэта я ўжо пазней даведаўся. < … > Не кожны зараз так сыграе, як яны тады сыгралі

[Што тычыцца Канстанціна Остава], мы адзін аднаго не ведалі. Мне проста не падабалася, што тая тусоўка яшчэ паралельна распрацоўвае праграмы кавераў — тыпу Rammstein, яшчэ што-небудзь. Мне такая рэч была не цікавая. А сам чэл быў такі свой дзядзька.

[Што ён мог яшчэ зрабіць?] Проста, каб жыў. < … > Такім людзям — ім ужо можна проста жыць. Вось яны ёсць — і гэтым яны ўжо нешта робяць, таму што адбыліся, сфармаваліся. Ці трэба нешта Арнольду Шварцэнэгеру рабіць? Ён ужо Тэрмінатар! Будзь часткай гэтага горада, як жывы помнік, і гэта кайф!

Аляксандр Пасечнік, фатограф, музыка, граў у Гродзенскай абласной філармоніі і розных музычных праектах

З Косцем Оставым я нядаўна пазнаёміўся. Ён раней у музычнай сферы наогул не фігураваў. Ён жа не быў музыкам. Пачаў гэтым займацца, таму што сын падрос і стаў музыкам, і ён дапамагаць пачаў. У іх быў кавэр-бэнд з маладых рабят. І ён займаўся тэхнічнай падтрымкай, абсталяванне дастаў, потым стаў іх «прадзюсаваць» — быў іх прадзюсарам і тэхнічным дырэктарам. Таму ён стаў больш знаёміцца з музыкамі, стаў перасякацца з кавер-бэндамі, потым адкрыў ІП і студыю NIENNA MUSIC. І з тых часоў — гады чатыры — я з ім і пазнаёміўся, таму што пачалі перасякацца на івэнтах. <…>

Хто ў нас займаецца ў горадзе гэтым-апаратурай, афармленнем? Гэтым займаліся тры чалавекі. Апошнія праекты, што ён у горадзе ладзіў: «Rammstein», вечары «Каля млына» ў Караліне. Ён стараўся спачатку дапамагчы сыну, а потым ужо ў рамках усяго горада дапамагаў пачаткоўцам-музыкам. Праз яго NIENNA MUSIC ў апошні час прайшлі дуэты, квартэты, проста гурты. Гэта такая платформа была і дапамога музыкам.

"Звялі альбом - а ён не пачуў". У Гродне за тыдзень памерлі два музыканты — гродзенцы ўспамінаюць іх спадчыну
Адзін з праектаў Канстанціна Остава. Фота: сацсеткі героя

У першую чаргу, гэта патрабуе вялікіх фінансавых укладанняў. Даць апаратуру бэнду, каб ён мог рэпетаваць — гэта адзін аспект. А даць канцэрт — гэта два розных камплекты абсталявання. Арандаваць памяшканне і зрабіць там усё, каб музыкі маглі рэпетаваць — за вялікія грошы туды ніхто не пойдзе, бо музыкі ў большай ступені для сябе рэпетуюць. А рэпетаваць і даваць дзесьці грандыёзныя канцэрты — у нашай краіне фактычна немагчыма. Шоў-бізнэс у Беларусі не развіты. Атрымліваецца, укласці вялікія грошы ў апаратуру, арандаваць памяшканне — не ведаю, калі гэта адбіваецца. <…>

Сяргея я ведаў лепей. У першую чаргу, рок-музыка ён быў нядрэнны. < … > Вядома, гэта былі аўтарытэтныя людзі - асабліва сярод рок-музыкаў. Малады музыка рэальна мог выхваляцца тым, што ведае Халодных. Другое, з чым асацыююцца Халодныя, — гэта «Клетка». Спачатку першая, потым другая. Там яны ладзілі свае сейшэны. Арганізоўвалі, ставілі там апаратуру. І шыкоўныя канцэрты былі. А для Гродна — музыкі маглі рэпетаваць у сваіх сутарэннях і было дзеля чаго: для сэйшэна.

Што Косця, што Сяргей былі проста аўтарытэты, і ведаць іх было ганарова. Я памятаю, у іх быў белы Мэрсэдэс вялікі, і яны ездзілі на ім. Яны маленькага росту былі, Мэрсэдэс быў вялікі, і заўсёды жартавалі [пра кампенсацыю].

Сяргей валодаў ідэальным тонкім пачуццём гумару. Можна было размаўляць гадзінамі, і ён увесь час жартаваў. Прычым жартаваў як на музычныя тэмы, так і на іншыя, распавядаў байкі пра музыкаў.

Калі ў Гродне арганізавалася філармонія, у ёй быў адзін калектыў - «Белыя Росы». І тады яшчэ арганізаваўся аркестр Мягкова, Халодных запрасілі працаваць у філармонію па тэхнічнай частцы. Але гэта было пазней, а аўтарытэтамі яны былі падчас «Клетак».

У плане музыкі ён заўсёды быў не супраць дапамагчы, быў энтузіястам. Калі камусьці трэба «падыграць», ён з задавальненнем адгукаўся на любыя просьбы. Ён жыў гэтым — яму падабалася музыка. Наколькі я разумею, у яго не было музычнай адукацыі. Гэта не перашкаджала яму замацавацца ў шэрагах музыкаў і атрымаць сур’ёзны аўтарытэт. Ён гэтага хацеў, заўсёды займаўся, граў, быў на плаву. У апошні час прымаў удзел у праектах, таму што яму гэта падабалася — гэта была яго жыццё. Музыка ў душы — добры чалавек звонку.

Гэта легендарны чалавек гродзенскай культуры тых гадоў. Любога музыканта гродзенскага спытай, які нават не ведаў яго асабіста, ён будзе выдатна ведаць гэтае прозвішча. Яны рэальна ў тыя гады рабілі шмат для рок-культуры, арганізоўвалі, выступалі. Многія музыкі на іх раўняліся і ганарыліся тым, што ведаюць іх асабіста. Цяжка ўсведамляць, што праходзіць гэты час. Зараз рок граюць па-іншаму. Сучасныя плыні з’яўляюцца, дадаецца электроніка. А тое, што было, становіцца класікай. Вельмі шмат успамінаў: калі я прыехаў у Гродна, паступіў у музычны каледж, я таксама хварэў на рок, хадзіў на канцэрты ў «Клетку», сам граў з нейкімі гуртамі і праектамі. Я не думаю, што знойдзецца хоць адзін чалавек, хто можа нешта дрэннае сказаць пра Сяргея. Нікому ён ніколі не прычыніў дрэннага.

Павел «Мацвей» Мацвееў, арганізатар фестываляў, байкер

З Сяргеем мы былі знаёмыя з канца 90-х. Як раз Халодныя тады ўсе самыя вядомыя канцэрты і беларускіх, і прыезджых музыкаў арганізоўвалі. Мы перасякаліся на канцэртах, размаўлялі, тады ў горадзе не было ніводнага музычнага мерапрыемства, якое праходзіла б без іх удзелу. Пачынаючы з рок-фестывалю «Три шурупа» і заканчваючы ўсімі пачынаючымі сваё падарожжа па свеце беларускімі камандамі, якія ўжо лічацца прызнанымі. І сам Сяргей якісьці час быў бубначом ў гурце «Воображаемые люди», яшчэ ў якіхсьці камандах. То бок, гэта такая легенда 90-х і 00-х. У апошні час ён крыху адышоў ад музычнага жыцця Гродна. У 90-х-00х яго ведаў увесь горад — усе, хто наведваў рок-фолк-канцэрты. Калі рок-жыццё Гродна актыўна бурліла, Сяргей быў усюды.

Ён быў вельмі вясёлы, вельмі кампанейскі, адкрыты чалавек — тое, чым ён запомніўся. Ён заўсёды жартаваў. Такі быў - яркі.

"Звялі альбом - а ён не пачуў". У Гродне за тыдзень памерлі два музыканты — гродзенцы ўспамінаюць іх спадчыну
Клуб «Клетка». Фота: Telegram-канал «Haradzienski harmidar»

Гэта было ў тыя часы, калі я вярнуўся ў Гродна пасля вучобы. Тады я хадзіў у «Клетку». Напэўна, там я іх у першы раз убачыў. Гэта было месца, дзе збіраўся ўвесь андэграўнд горада. Тады было вельмі весела. Каго там толькі не было. Усе такія каларытныя асобы збіраліся. Вясёлы быў часок. Без іх бы такога яркага насычанага музычнага жыцця ў Гродне ў той час не атрымалася б — з 1995 па 2005−2010 год. <…> Усё гэта ляжала на іх плячах.

Косця [Остаў] гэты сцяг — прадзюсавання, развіцця музыкі - у апошні час у горадзе падняў і жыццё музычнае пачало паступова наладжвацца. Маленькія канцэртыкі, выступы пачалі дзесьці з’яўляцца — гэта ўсё дзякуючы таму, што з’явіўся Косця. Ён пастараўся наладзіць добрыя адносіны з усімі людзьмі, якія могуць быць хоць неяк датычныя да музычнага жыцця Гродна. У тым ліку з клубам «Насарогі». Таму што мы адны з першых пачалі яго падтрымліваць у яго музычных пачынаннях — гадоў пяць таму. Калі ён пачаў прасоўваць свайго сына ў яго музычных прыхільнасцях.

Потым ён — сам рок-н-рольшчык старой загартоўкі - пачаў спрабаваць ствараць новыя фарматы, новыя ідэі, выводзіць гурты на новы ўзровень. Пачыналася ўсё з кавераў, а потым ён пачаў ствараць, прадзюсаваць і падтрымліваць не толькі каверныя праекты. У гэтым годзе яны стварылі музычную студыю «NIENNA» і летам як раз ён пачаў яе старанна прасоўваць. Каб прасоўваць гродзенскіх музыкаў, рабіць праекты. Добры праект з каверамі Rammstein у яго атрымаўся. Улетку яны прадставілі яго на Савецкай пад універмагам. Гэта было вельмі нядрэнна.

Многіх музыкаў, якія спявалі толькі на кухнях, ён выцягнуў на сцэну, даў магчымасць ім граць. Спрабаваў укласці ў гэта максімум сродкаў, часу. Арганізаваў рэпетыцыйную кропку, у якой многія гродзенскія гурты гралі. Набываў апаратуру, каб у рабят было ўсё самае лепшае. Нам заўсёды дапамагаў у правядзенні фестывалю «Хавайся ў бульбу!» і парадамі, і рабяты, якіх ён прадзюсаваў, у нас гралі, і апаратурай дапамагаў, калі нам чагосьці не хапала. Гэта значыць, ён быў у гэтым віры музычнага жыцця Гродна вельмі шчыльна. Ён вось як раз прыйшоў на змену тым, хто па нейкіх прычынах ад музыкі сышлі ў бок.

"Звялі альбом - а ён не пачуў". У Гродне за тыдзень памерлі два музыканты — гродзенцы ўспамінаюць іх спадчыну
Канстанцін Остаў. Фота: сацсеткі героя

Вельмі складана стала працаваць у сувязі з тым, што, па-першае, народ у нас не разбагацеў, каб плаціць вялікія грошы за нейкіх прыезджых зорак. І даводзілася працаваць з тымі, хто не выстаўляў вялікіх цэннікаў. А лепш раскручваць кагосьці з нуля. І вось Косця быў гатовы гэтым займацца. Наш Гродна не здольны сабраць такія трыбуны, каб білет каштаваў разумных грошай. І тут на змену тым, хто ўмее дамовіцца з музыкамі, прыйшоў Косця, які паспрабаваў гродзенскіх рабят падцягнуць да патрэбнага ўзроўню, каб было іх не сорамна выпускаць на сцэну. Я лічу, што тыя праекты, якія ён пачаў, былі паспяховымі. Шкада, што ён так рана сышоў, мне здаецца, там яшчэ ёсць патэнцыял, і можна было б яшчэ мацней раскручваць нашы гродзенскіх і беларускіх музыкаў. Ён толькі пачаў, на мой погляд, добра раскручвацца са сваёй музычнай студыяй. Мог ён яшчэ шмат зрабіць для горада, і для краіны, і для людзей. Хацелася б верыць [што нехта прыйдзе на змену Канстанціну], але я пакуль не гатовы назваць чалавека, які зможа з такім жа энтузіязмам падымаць гэта.

Косця прам быў на ўзлёце, кіпеў ідэямі, кіпеў праектамі, ён быў гатовы схапіцца за ўсё. У яго была яшчэ маса праектаў. Без яго, вядома, музычнае жыццё горада будзе не такім. Незразумела, хто яшчэ зойме гэтую нішу. Сіл і жадання для гэтага трэба вельмі шмат. Можа, Кірыл [сын Канстанціна — Hrodna.life] з хлопцамі падымуць павалены сцяг. Але ў такім юным узросце досыць складана.

Юрый Дубовік, музыка, праекты «Воображаемые люди», «Вочы», відэааператар

Першае, чым запомняцца браты Халодныя — яны ж першыя запісалі мноства каманд, і, фактычна, далі ім дарогу ў жыццё. На той момант лічылася крута ў іх запісацца. І мы першыя тры альбомы таксама ў іх запісвалі.

Сярогін ўдзел у гурце «Side Off» у 90-я — гэта быў такі прарыў, на Польшчу, на ўсё. Зразумелі музыкі, што яны могуць граць, могуць быць не горш, чым дзесьці там на захадзе. І, вядома ж, «Клетка» — спачатку старая, потым новая. І ўсе гэтыя сейшэны, якія яны там рабілі. Культавае месца — з памяці ніяк не выкінеш. Мы таксама там гралі.

Ён са мной граў доўгія гады. Ён яшчэ ў 99-м замяніў бубнача ў «Воображаемы людях». Тое, што мы не выпускалі новых альбомаў - не значыць, што мы разышліся. Але ён афіцыйна быў бубначом гурта да гэтага моманту 20 гадоў. У праекце «Вочы» ён быў адным з некалькіх бубначоў. Літаральна на днях скончылі зводзіць новы альбом у адну дарожку. І ён там у некалькіх песнях граў - так і не пачуў. Сумна. І сольнік планаваўся — але таксама не паспелі.

"Звялі альбом - а ён не пачуў". У Гродне за тыдзень памерлі два музыканты — гродзенцы ўспамінаюць іх спадчыну
Гурт Сяргея Халоднага. Фота: Telegram-канал «Haradzienski harmidar»

У яго ж аперацыі былі. Сэрца. < … > Брат цяжка пераносіць, яны ж блізняты. Раней былі падобныя — я іх блытаў. Узрост надае індывідуальнасць. Ён культавы, лічыцца, музыкант. Усе тады — і цяпер, натуральна — з павагай ставіліся да іх гуку, «гучылі» яны вельмі добра. Сярога ўдзельнічаў у вельмі вялікай колькасці праектаў. Многія яго бубны засталіся на альбомах у людзей.

Што такое вядомасць цяпер і тады — гэта розныя рэчы. Тады гродзенскі гурт мог збіраць залу 700 чалавек, што і не снілася мінскаму. Таму ўсе культавыя нашы каманды таго часу — «The Post», «Wake Up», «Воображаемые люди», «Green Dance» — усе пісаліся ў іх.

Пахаванне было — і было вельмі шмат народу. Калі было адпяванне, палова толькі ўлезла. Я рады, што яго не забылі, і што прыйшло столькі музыкаў. Усе смуткуюць, разумеюць, што рана, і што можна было яму граць і граць.

Хацелася б, вядома, зрабіць канцэрт памяці. Але я б падыходзіў з таго боку, каб там удзельнічала шмат бубначоў. Яго асяроддзе, яго эпоха, і моладзь, можа быць. Гэта напэўна больш гарманічна глядзелася б. Каб селі пайграць джэмы. Бубнача трэба па-іншаму вітаць на канцэрце-трыб'юце.

Косцю [Остава] я менш ведаў, але мы перасякаліся за сцэнай. Часта ён быў у нашым клубе «Тэрыторыя творчасці». Страта гэта ў першую чаргу для моладзі. Таму што ён вельмі шматлікім маладым рабятам даваў магчымасць рэпетваць, даваў магчымасць выступіць. Уяўляеш, як важна, калі чалавек можа дамовіцца, дапамагчы з канцэртамі? І гурт яго сына добры. Усё гэта мне падабалася, таму што быў рух — яго гэтая NIENNA MUSIC. Гэта напаўняла горад музыкай — добрай, жывой. З пункту гледжання гуку і ўсяго таго, што ён зрабіў для маладых гуртоў, — гэта гіганцкая страта. А чалавек ён быў харошы, добры. Усміхаўся ўвесь час.

Сяргей Фінскі, арганізатар канцэртаў, «FINSKIE studio»

Сяргей, па-першае, быў музыкам. Па-другое, Сяргей і Косця [Халодныя], два брата, мелі талент, мелі добры музычны густ, мелі харызму, і дзякуючы гэтаму яны маглі прыцягнуць людзей, стварыць цікавасць да чагосьці ў той час, калі нефармальны рух, рок-музыка ў Гродне квітнела. Я сам бубнач — для мяне Сяргей быў кумірам. Я прыслухоўваўся да таго, што ён грае, як ён грае, што ён слухае. Яны заўсёды давалі рэкамендацыі па добрых гуртах — выхавалі, можна сказаць. Плюс пляцоўкі, якія былі арганізаваны імі, — яны былі досыць «смачнымі». Гэта «Клетка», якая ў парку калісьці была. Усё, за што яны браліся, мела якасць. І для мяне гэта не тое каб настаўнік — проста чалавек, на якога на першай стадыі можна было раўняцца.

Потым я пачаў займацца тым жа, і мне патрэбна была завышаная планка. Але павага ў мяне заўсёды заставалася да гэтых людзей. Ёсць людзі, якія бяруць харызмай і тым, што яны могуць нешта распавядаць, казаць, нейкія падзеі вакол іх адбываюцца. І яны становяцца ключавымі. Я думаю, Сяргей з тых. У апошнія гады час памяняўся, і Сяргей памяняўся. Яго эпоха сышла. Наўрад ці моладзь ведае, хто гэта такі. А ўсе, хто ва ўзросце 35+, яны ўскосна дакладна будуць знаёмыя. Гурт «Side Off», у якім ён граў, быў для мяне вельмі прафесійным. Гэта быў гонар Гродна на той час. Яны заўсёды маглі творчае вынаходніцтва зрабіць, выйсці з сітуацыі пры афармленні нейкага памяшкання. Гэта талент.

Гэта была ўжо трэцяя смерць за два дні. Я баюся гэтае слова сказаць, але мы, напэўна, прывыкаем да гэтага. Якая можа быць рэакцыя? Нейкі ступар. Але здзівіць смерцю цяжка.

Час, напэўна, сыйшоў. Цяпер іншыя часы. Тыя праекты, якія нам — яму, мне — было б камфортна рабіць, — мы не можам гэтага рабіць. Любая ініцыятыва была б каральная.

Я ведаю, што Канстанцін [Остаў] гэтым займаўся, але мы з ім ні разу не перасякаліся — мабыць, працуем на розны сегмент. Ён спрабаваў з моладздзю нейкія праекты рабіць, я з цікавасцю назіраў, што з гэтага выйдзе. [Канстанцін] таварыскі, энергічны — што вельмі важна для гэтага. Калі ты хочаш нешта прабіваць і рабіць, то патрэбна энергія. Тыя кавер-бэнды, якія ён спрабаваў арганізаваць — для мяне пакуль не так глабальна. На ўзроўні Сяргея — няшмат. Для нас усіх кавер-бэнды — гэта камерцыя. Нават калі яны граюць на нейкіх пляцоўках — гэта часцей за ўсё для рэкламы. То бок, гэта не прасоўванне свайго творчасці. Я вельмі цаню творчасць, таму для мяне ідзе выразны падзел: кавер-бэнд — гэта камерцыя, няма там творчасці. Там альбо якасць і ўсё гэта для забавы.

А вось творчасць памірае ў Гродне. Трохі калектываў застаецца. Каб іх пачуць, трэба пастарацца. У прынцыпе, і попыту-та няма. І з-за таго, што няма попыту, ім даводзіцца граць на пляцоўках узроўнем значна ніжэй, чым мы раней граць маглі. Нейкія канцэртныя залы дазвалялі сабе рабіць вялікія. Фэсты былі па 500−700 чалавек. На жаль, зараз час памяняўся. Іншае пакаленне, іншая эпоха. < … > Таму, калі б быў попыт на творчасць, Косця займаўся б творчасцю больш актыўна. Але так як яго няма, мы самі спарадзілі сітуацыю, калі мы задавальняемся кавер-бэндам.

Што тычыцца працы бізнесу і тэхнічнай часткі, напрыклад, закрыць нейкую пляцоўку ў плане гуку — свята месца пуста не бывае. Як толькі на гэта будзе попыт большы, нехта іншы дакупіць абсталяванне, і будзе гэта рабіць. Не праблема. У гэтым прабелу не будзе. Што тычыцца гэтага энергічнага прадзюсіравання — тут так, тут праблема. Калі няма лідара, які б гэта цягнуў, а я не ведаю, у гэтым калектыве — там рабята засталіся маладыя — ці ёсць у іх да гэтага цяга ці не. Таму што гэта ў прынцыпе яго заслуга, калі ён дамаўляўся, праштурхоўваўся ўсюды, такі «тата» быў. Гэта так, гэта страта. Але бывае, калі хтосьці сыходзіць, камусьці даводзіцца раскрывацца. Я ведаю шмат выпадкаў, калі мы губляем аднаго чалавека, і думаем: гэта катастрофа. А па факце, прыходзіць іншы чалавек, які да гэтага не раскрываўся, таму што не было магчымасці, гэта месца было занята. І вынік быў яшчэ лепш.

Чытайце таксама: