Гродзенец Цімафей Ласік зараз вучыцца ў Вроцлаве, у Музычнай акадэміі імя Караля Ліпінскага, на спецыяльнасці харавога дырыжыравання. Ён марыць звязаць далейшую кар’еру з сольнымі спевамі. Сёлета, скарыстаўшыся магчымасцямі бязвізавага ўезду для замежнікаў, Цімафей запрасіў у госці сябра з Польшчы. Сустрэчу ў Гродне маладыя музыкі скарысталі не толькі для знаёмста з турыстычнымі цікавосткамі горада, але і для спеваў. У Свята-Пакроўскім саборы яны спявалі разам з хорам літургію, а на беразе Нёмана — класічныя і папулярныя творы для чытачоў Hrodna.life.
«Пакуль не з’ехаў з дому, не вельмі асэнсоўваў сябе беларусам. Каштоўнасць радзімы адчуў, калі аказаўся далёка ад Гродна. З навучаннем у іншай краіне я атрымаў магчымасць вучыцца любімай справе і пазнаёміцца са многімі цікавымі людзьмі і яшчэ — усвядоміў, наколькі люблю Гродна. У любых складаных сітуацыях узгадваю, што тут мяне заўжды чакаюць сябры. Нават, калі мы год не бачыліся, калі сустракаемся ў Гродне, пачуваемся, нібы развіталіся толькі ўчора».
Адметнасцю сёлетніх гродзенскіх канікул Цімафея стала тое, што Гродна стаў бязвізавым і з’явілася магчымасць запрасіць сваіх сяброў наведаць Гродна. «З Орэстам мы вучымся разам, і я часта гасцюю ў яго сям'і. Пасябраваў і з бацькамі, і з бабулямі-дзядулямі. Прыемна, што зараз з’явілася магчымасць аддзячыць за гасціннасць і запрасіць да сябе».
Для Орэста Куропкі гэта быў першы візіт у Беларусь. «За канікулы я наведаў некалькі гарадоў за межамі Польшчы і, шчыра скажу, што Гродна сярод іх — адзін з найлепшых. Ён не падмануў маіх чаканняў. Горад багаты на культуру, мае шмат прыгожых месцаў, цудоўную рэчку і прывабныя ваколіцы. Кожны дзень сустракаў тут цудоўных людзей. З гэтага падарожжа даведаўся, што беларусы — вельмі шчырыя і адкрытыя людзі. Паўсюль сустракалі з адкрытым сэрцам, гэта вельмі каштоўна».
Зараз сярод палякаў больш папулярныя паездкі на захад ці на поўдзень, мяркуе Орэст, але ўсходні кірунак падарожжаў можа аказацца не менш цікавым. Асабліва для тых, хто шануе сваю гісторыю. «Варта наведаць Гродна хаця б дзеля доміка Элізы Ажэшкі ці каралеўскіх замкаў. Гэта наша мінуўшчына, хаця зараз і замежжа».
Будучыя оперныя спевакі працуюць з вакалам не толькі падчас заняткаў у акадэміі. Царкоўныя спевы для іх таксама выдатная практыка. «Нават, калі б не спяваў, то ўсё роўна хадзіў бы ў царкву, а са спевамі ў хоры служба робіцца больш асэнсаванай», — распавёў Цімафей. У адзін з дзён яны разам з Орэстам прышлі ў Свята-Пакроўскі і папрасілі дазволу паспяваць з хорам падчас літургіі. «Магчымасць наведаць храмы, а тым больш паспяваць у царкоўным хоры, надае моцы духу. Дзеля гэтага праваслаўным з Польшчы таксама варта прыехаць у Гродна».
Далейшую кар’еру абодва юнакі хацелі б звязаць з сольнымі спевамі. «Мару некалі прыехаць у Гродна і даць тут канцэрт. Але пакуль трэба вучыцца і шмат працаваць, каб умець перадаць голасам усё багацце напісанай кампазітарам музыкі. Спадзяюся, што некалі гэты момант настане».
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…