Адзіны ў Беларусі музей вузкакалеек адкрыюць пад Лідай. Як купка энтузіястаў ратуюць тэхніку і дарогі

На базе торфабрыкетнага завода «Дзітва» за 12 км ад Ліды каманда энтузіястаў стварае першы ў Беларусі музей вузкакалейнай тэхнікі. Так яны хочуць захаваць рухомы састаў вузкакалеек, які знікае, пазнаёміць людзей з іх гісторыяй у Беларусі і распавесці пра рацыянальнае выкарыстанне і захаванне балот.

«Вузкакалейкі - утульныя, маленькія, такая хатняя чыгунка, памерам супастаўная з чалавекам. Гэта досыць вялікі і цікавы пласт нашай гісторыі. Калісьці, падчас Расійскай імперыі, з’явіліся прыватныя пасажырскія вузкакалейкі, падчас Першай сусветнай вайны іх сотнямі будавалі для фронту, палова Палесся была агорнутая лесавознымі вузкакалейкамі», — распавёў Hrodna.life дырэктар праекта «Нязведаная вузкакалейка» Арцём Слізкі.

Заснавальнік праекта Арцём Слізкі. Фота: Instagram @750mm.by

Арцём Слізкі скончыў факультэт транспартных камунікацый БНТУ. Вузкакалейкамі «захварэў» з 2008 года, а з 2016 пачаў вазіць на іх экскурсіі. «Падарожнічалі, шукалі дрызіны, збіралі, фоткалі, каталіся на іх, потым пачалі знаёміць з гэтым людзей», — распавёў ён Hrodna.life. Зараз праект імкнецца захаваць старыя вузкакалейныя чыгункі як турыстычныя аб’екты і арганізуе туры па іх.

У 2021 годзе Арцём зарэгістраваў гісторыка-культурную ўстанову «Неспазнаная вузкакалейка». Установа займаецца пошукам, дастаўкай і аднаўленнем рэдкай вузкакалейнай тэхнікі, якую ўжо не сустрэць на дзейных прадпрыемствах. Яе размяшчаюць на базе торфапрадпрыемства «Дзітва», каб у будучыні адкрыць там музей.

«Пастаянна займаемся экспедыцыйнай дзейнасцю, знаходзімся ў кантакце са спецыялістамі ў гэтай галіне з іншых краін, шукаем, па меры магчымасці выкупляем, транспартуем, рэстаўруем», — распавёў Арцём.

Чаму ў Дзітве?

Арцём Слізкі лічыць торфабрыкетны завод у Дзітве адным з найлепшых у Беларусі торфапрадпрыемстваў, а іх вузкакалейную дарогу — самай дагледжанай у краіне. Яе магістральныя шляхі ў суме складаюць 35 км, яшчэ ёсць каля 10 часовых.

У торфапрадпрыемства шмат сваёй тэхнікі ў добрым стане, і ахайная тэрыторыя, патлумачыў Арцём. Зараз вырашаецца пытанне наконт магчымасці больш вольнага наведвання вытворчай пляцоўкі прадпрыемствы, каб турысты маглі знаёміцца з тэхнікай.

Акрамя таго, ва ўласнасці ў праекта — два крытыя грузавыя вагоны, нямецкі 1948 года і савецкі 1968 года, мотадрызіна з прычэпам, розныя элементы шляхоў часоў Першай сусветнай вайны, даваенныя ваганеткі. Рыхтуецца да транспартавання яшчэ адзін нямецкі вагон 1940-х гадоў. За гэты год каманда планавала прывезці яшчэ каля шасці адзінак тэхнікі, якіх няма на прадпрыемстве, але пакуль фінансаванне пад пытаннем.

Маршруты — ад прамысловых тураў да «улюбёнай пушыцы»

Каманда праекта стварае турыстычныя маршруты на базе дзейных вузкакалейных дарог прадпрыемства. «Мэта — нанізаць на вузкакалейку больш новых сэнсаў», — патлумачыў Арцём. Ёсць камбінаваны прамысловы тур ад торфабрыкетнага завода «Дзітва» да шклозавода ў Бярозаўцы з наведваннем завода.

Нядаўна каманда завяршыла выведку на невялікім верхавым балоце непадалёк ад прадпрыемства, ля хутара Яўсеевічы. «Людзі змогуць з’ездзіць, наведаць дзейныя торфараспрацоўкі, пазнаёміцца з прамысловым складнікам, а на зваротным шляху мы спыняемся, выходзім, апранаем рыбацкія боты і ідзем некранутым чалавечай дзейнасцю балотам, знаёмімся з раслінным і жывёльным светам верхавых балот — нашымі ўлюбёнымі пушыцай, багуном, расянкай».

У распрацоўцы камбінаваны чыгуначна-водны паход. У планах прывозіць байдаркі проста на вузкакалейку, з імі ехаць у цягніку да ракі Дзітва, там станавіцца на ваду і сплаўляцца.

Сваімі сіламі і за ўласныя сродкі

Пакуль увесь праект у асноўным «цягне» на сабе сам Арцём Слізкі. Улетку 2021 года ідэя аднаўлення вузкакалеек перамагла ў конкурсе сацыяльных праектаў Social Weekend і атрымала ад аператара А1 10 000 беларускіх рублёў. Тады з 313 заявак у фінал прайшлі толькі 18 праектаў. Гэты грант і стаў адпраўным пунктам стварэння музея: на яго быў набыты і адрэстаўраваны першы вагон.

Зараз большасць работ па стварэнні музея фінансуецца за кошт уласных сродкаў. Пры гэтым перавесці грошы на музей можа любы праз АРІП у раздзеле «Дабрачыннасць» («Асветніцкія, культурна-забаўляльныя» — «Нязведаная вузкакалейка», код паслугі 4 759 921).

Час ад часу будучы музей збірае суботнікі: валанцёры дапамагаюць аднаўляць экспанаты, а ў якасці бонуса можна пракаціцца вузкакалейкай з працоўнымі саставамі.

За мяжой — папулярны від адпачынку, а ў нас аддалі апошні паравоз

У Беларусі гэта адзіны праект такога роду, больш вузкакалейкамі ніхто не займаецца. Ён карыстаецца папулярнасцю. Зараз запіс на маршрут «Дзітва-Бярозаўка» адкрываецца раз на тры тыдні, набіраецца каля 45 чалавек. Акрамя таго праект праводзіць і карпаратыўныя экскурсіі - у групе можа быць ад 10 да 60 чалавек.

За мяжой, у тым ліку ў суседніх краінах, катанне па вузкакалейках стала папулярным відам турызму.

«У Літве працуе пабудаваная 150 гадоў таму дарога, — распавёў Арцём Слізкі, — захавалася шмат цікавай тэхнікі, якой у нас ужо не засталося. Рэгіён насычаны гістарычнымі помнікамі. Там арганізоўваюць і святочныя паездкі, на Каляды. Тое ж і ў Латвіі. У Расіі ёсць аналагічны праект з музеем на базе дзейнага прадпрыемства. Там штогод праводзяць фестывалі на дзясяткі тысяч чалавек. Ёсць музей паравозаў на Пляшчэеўскім возеры, музей у Екацярынбургу. Ва Украіне захавалася тры дзейныя пасажырскія вузкакалейкі, на лесавознай дарозе ў Карпатах арганізавалі турыстычны маршрут — выдатна праехаць уздоўж горных рэкаў. У Польшчы — каля 22 музейна-турыстычных вузкакалеек. Там і паравозы, і арыгінальная тэхніка».

Апошні ў Беларусі паравоз вывезлі у Расію з дазволу Міністэрства культуры, распавёў Арцём. Да гэтага паравоз працаваў на Дзіцячай чыгунцы ў Мінску, а перад гэтым, як мяркуецца, на пасажырскай «курортнай» чыгунцы Лынтупы-Нарач. У Беларусі яго не палічылі гістарычнай каштоўнасцю.

Апошні паравоз Кп-4−465, якога пазбавілася Беларусь. Фота: Instagram @750mm.by
Падзяліцца

Апошнія запісы

Парасон, халат, check-up здароўя. 11 ідэй, што падарыць мужчыну на свята

Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…

20 снежня 2024

«Навявае сплін і абурэнне». Беларус наведаў Навагрудак і расчараваўся — горад запушчаны, а сэрвіс не развіты

Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…

18 снежня 2024

Віціна, дракар ці славянскае фэнтазі? Чаму праект рэстарана-ладдзі на Нёмане выклікае пытанні

Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…

18 снежня 2024

Дыякан, хакер і шматдзетны бацька. Як беларус выканаў амерыканскую мару

Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…

17 снежня 2024

Усяслаў Чарадзей — квадробер, а Францішка Уршуля Радзівіл — найк про. Тлумачым моладзевы слэнг на гістарычных постацях

Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …

9 снежня 2024

Можна пакаштаваць на большасці заправак. Як у Гродне пражаць каву для ўсёй Беларусі

Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…

9 снежня 2024