«Вось у нас было сапраўднае дзяцінства, без гэтых вашых інтэрнетаў», — кажуць часам сталыя людзі. Калі аб забавах савецкіх дзяцей сёння існуе пэўнае разуменне, то аб тым, як бавілі свой час дзеці Гродна гадоў так 500 таму, мала хто задумваецца. Уявіць сабе, якія былі цацкі і гульні шмат вякоў таму, даюць магчымасць знаходкі археолагаў, нататкі этнографаў і малюнкі сучаснікаў.
У сваіх гульнях дзеці любяць пераймаць дарослых. Сярэднявечча — час неспакойны, таму і цацкі былі адпаведныя. У культурных слаях старажытных беларускіх гарадоў час ад часу знаходзяць цацачную зброю.
У 1940-х гадах археолаг Мікалай Варонін знайшоў у Гродне драўляныя мячы, лукі, стрэлы — падобныя на сапраўдныя, але значна меншыя.
Даследчыкі адзначаюць, што драўляныя мячы па сваёй форме практычна капіравалі арыгіналы, таму гэтыя цацкі зараз выкарыстоўваюцца для вызначэння тыпалогіі халоднай зброі, якая хадзіла на нашых землях.
Калі дэтальна разгледзець гравюру Мацея Цюнта «Сапраўднае апісанне горада Гродна ў Літве», можна ўбачыць цікавыя дэталі. Мастак адлюстраваў вельмі важную падзею ў жыцці горада і гараджан. У Гродне адбылася сустрэча маскоўскага і літоўскага пасольстваў. Па вуліцах хадзілі і ездзілі на конях узброеныя людзі, а гродзенцы з цікаўнасцю назіралі за імі.
Калі ў нашыя дні хлопчыкі глядзяць фільмы пра рыцараў, у іх з’яўляецца нястрымнае жаданне апрануць даспехі і сесці на коняў. Што ж тады можна казаць пра хлапчукоў XVI ст., якія бачылі на ўласныя вочы такія ўражлівыя падзеі?
Хтосьці, узяўшы цацачны, але ўласны мечык, дзелавіта размаўляе з дарослымі ваякамі. Іншыя, асядлаўшы палкі з конскімі галовамі, гарцуюць за вершнікамі, маўляў, вось падрасцем і ў нас таксама сапраўдныя коні будуць.
Дзяўчынак Цюнт чамусці абмінуў увагай. Але можна меркаваць, што ў гэты час яны гуляліся ў лялькі. Лялькі маглі вырабляцца з дрэва, ільну, анучаў, травы, саломы — матэрыялаў не асабліва трывалых, таму да нашых дзён яны практычна не захаваліся. Драўляныя лялькі археолагі знаходзілі ў Полацку і Ноўгарадзе.
Лічыцца, што сваю ўлюбёную цацку дзяўчынка магла спавіваць або апранаць накшталт дзіцяці. Вуглём малявалі аблічча. Цалкам магчыма, што яшчэ з тых часоў і існуе паўнавартасная гульня дочкі-маці. Да таго ж вядома, што дзеці ляпілі і цацачны посуд (для сябе або лялек), паўтараючы за дарослымі ганчарамі.
Бавілася гродзенская малеча і рознымі цацкамі-забаўкамі: свістулькамі, жужаліцамі, бразготкамі. Гэта найбольш старажытныя цацкі, вядомыя яшчэ з каменнага веку. Лічыцца, што першапачаткова яны мелі сакральнае значэнне, адганяючы сваімі гукамі злых духаў.
Свістулькі звычайна рабіліся з гліны, часам уласнаруч. На спецыяльную палачку-форму або проста на палец наляплялася гліна, рабілася некалькі адтулін — і атрымліваўся прымітыўны духавы інструмент.
Знешняе аздабленне магло быць вельмі разнастайным. Свістулькі выляпляліся ў выглядзе птушак і хатніх жывёл (качак, пеўнікаў, конікаў, баранчыкаў), чалавечкаў і вершнікаў.
На іх можна было не толькі граць мелодыі, але і проста гуляцца імі. Бразготкі рабілі ў выглядзе пустацелага шарыка ці яйка, упрыгожвалі арнаментам, а ўнутр клалі каменчыкі або гліняныя шарыкі.
Знаходзілася прымяненне свіным пузырам. Іх добра чысцілі, высушвалі, клалі ўнутр жменю гароху і надзьмувалі. Такі прадмет называецца капшук. Пры патрэсванні ён выдаваў глухаваты шалясцячы гук. Вядомы галандскі мастак 16 стагоддзя Пітэр Брэйгель-старэйшы на сваёй карціне «Гульні дзяцей», апрача іншых забаў, занатаваў момант надзьмування капшука. Такія бразготкі-шалясцелкі фіксаваліся этнографамі на Беларусі яшчэ ў ХХ ст.
Папулярнасцю ў дзяцей карысталіся і вяртушкі, ці як іх яшчэ маглі называць, — вятрушкі, бо прыводзіліся ў рух ветрам і нагадвалі прапелер, насаджаны на вось. Размах лопасцяў такога прапелера мог дасягаць 15−25 см. У Гродне вяртушкі не былі выяўлены, але іх выявы мы сустракаем у таго ж Брэйгеля, а таксама на некаторых наўгародскіх іконах XV-XVI стст., фрэсках сербскіх цэркваў XIII ст., прысвечаных сюжэтам Раства Хрыстова і Раства Маці Божай.
Куды весялей гуляць з сябрамі, чым адному. Таму хлопчыкі і дзяўчынкі рабілі мячыкі з анучаў ці са скуры і саломы і пачыналі калектыўныя гульні. Адна з іх называлася «ў карнача». Кожны ўдзельнік выкопваў неглыбокую ямку і станавіўся каля яе. Адзін з гульцоў пачынаў гульню — каціў мячык праз ямкі. Той, у чыю ямку закоціцца мячык, пляскаў у далоні, а астатнія гульцы ўцякалі на пэўную дамоўленую адлегласць. Першы ж павінен быў схапіць мячык і цэліць у каго-небудзь з гульцоў. Калі гэта не ўдавалася, то яму выпадала чарга каціць мячык па ямках.
Паспаборнічаць можна было і ў майстэрстве запускаць ваўчкі-кубары — своеасаблівыя прататыпы сучаснай юлы. Яны вядомыя нам з раскопак у Пскове, Брэсце, Віцебску і інш. Ваўчок быў завостраны знізу і меў у верхняй частцы адмысловую выемку, на якую намотваўся шнурок. Рэзкі рывок — і цацка пачынала хутка круціцца. Вышэйшым пілатажам лічылася ўменне падсцёбваць ваўчок, каб ён працягваў рух. Звычайна адначасова спаборнічала два-тры гульцы. Перамагаў той, чый ваўчок спыняўся апошнім.
Яшчэ адна гульня на спрытнасць — «у каменьчыкі», таксама вядомая пад назвай «мурменшпіль». Інвентар — невялікія круглыя каменьчыкі. Падчас апошніх раскопак на Старым замку археолагі знайшлі такі «гульнёвы набор».
Жывучы на беразе Нёмана, немагчыма не мроіць аб падарожжах у нязведаныя краіны. Назіраючы за плытамі, караблямі гандляроў і падарожнікаў, дзеці марылі калі-небудзь стаць вандроўнікамі і адправіцца да далёкага мора па хуткай рацэ. А пакуль прыходзілася задавольвацца самаробнымі лодачкамі, зробленымі з дрэва або кары, апускаць іх у нёманскую ваду і, праводзячы позіркам, спадзявацца, што яны прычаляць да іншых берагоў.
Сёння мільёнамі штампуюцца пакемоны, бонсцікі, героі мультфільмаў - усе на адзін твар. А калісьці кожная цацка была індывідуальная, мела свой характар, калі можна так сказаць. Маленькія гродзенцы любілі свае цацкі і ставіліся да іх вельмі сур’ёзна. Лічылася, што калі цацкі паламаныя, неахайныя, валяюцца раскіданыя па кутах, то і ў хаце ладу не будзе.
Генрык Усціла нарадзіўся ў 1929 годзе ў Гродне на вуліцы Брыгіцкай. У 1935 годзе яго…
Агароджа на мяжы Польшчы і Беларусі дзеліць Белавежскую пушчу на дзве часткі. Па абодва бакі…
Ягор з партнёркай перажылі тры пераезды і вайну, і калі вонкавага лайна стала менш -…
Сто гадоў таму ў Гродне адбылося самае гучнае забойства 1925-га: у цэнтры гораду забілі вядомага…
Напярэдадні Дня святога Валянціна ўсё больш жанчын у свеце адзначаюць Дзень Галентайна - жаночага сяброўства.…
Масленіца ў гэтым годзе прыпадае на 2 сакавіка, а масленічны тыдзень пачынаецца з 24 лютага.…