Марына* - ілюстратарка. Яна пераехала ў Стакгольм з сям’ёй сем месяцаў таму. Дзякуючы пераезду яна пераацаніла сябе і сваю творчасць, вывучыла мову за тры месяцы і даведалася, як жыць ingen stress — без стрэсу. Чым адрозніваецца пах Швецыі ад паху Беларусі, яна расказала Hrodna.life.
*імёны змененыя на просьбу гераіні для яе бяспекі.
Серыю матэрыялаў пра беларусаў за мяжой мы робім разам з календаром «Мова вольных» на 2024 год.
Швецыя змяніла свядомасць
Марына — мастачка-самавучка, малюе тры гады. Базу ёй далі анлайн-курсы, далей была штодзённая практыка. У Беларусі яна малявала штодзень, развівалася як ілюстратарка, стварала дызайны на замову. Але прадаваць свае працы баялася.
«Заўжды стаіць пытанне — а хто ты такая? Шмат мастакаў вучыліся па пяць гадоў ва ўніверы, а ты не пацярпела, не патраціла шмат часу».
У Швецыі нешта пачало змяняцца. «Беларусы — вельмі траўмаваныя. Мне здаецца, я чытаю страх і недавер у вачах амаль кожнага беларуса. Тут такога няма. Я не адчуваю на сабе позірка, які халадзіць скуру, падазронасці, недабразычлівасці. Не тое, што тут сардэчнасць, хутчэй гэта — нейтралітэт. Я доўгі час думала, што я тупая, няздольная. І вельмі баялася, што гэта заўважаць і асудзяць мяне. А тут я хаджу на курсы шведскай, і ад многіх настаўнікаў чую, што я duktig — здольная, таленавітая. І ў мяне сапраўды вялікі прагрэс. І я пачала глядзець: там не залажала, тут нармальна справілася. Можа я не такая тупіца, як думала пра сябе ў Беларусі? У пэўны момант гэта кранула і мастацкае праяўленне».
Асяроддзе вельмі ўплывае, лічыць мастачка. «Ты трапляеш у нармальную краіну, дзе цябе не прэсуюць, правы прызнаюцца, да тваёй унутранай годнасці ставяцца нармальна. Тут поўная інклюзія — шмат дзетак з ДЦП, з аўтызмам, і яны члены грамадства, маюць нейкія магчымасці. Калі жывеш у Беларусі, табе трэба быць па стойцы смірна, умяшчацца ў пэўны квадрацік. Калі не ўмяшчаешся — усё. У мяне быў моцны заціск — ці вартыя мае працы таго, каб іх прадаваць? А тут прыйшла думка: што, калі пытання, аб якое я і не толькі я спатыкалася — „Ці вартая я?“ — проста няма? Ёсць я, я малюю, і мае працы вартыя продажу».
«Нізкая самаацэнка, абясцэньванне сябе — агромная прыступка, якой тут проста няма, дарога роўная. І адзінае, пра што застаецца думаць — як я буду прадаваць свае працы, якая стратэгія дзеянняў? Застаецца проста знайсці кліентаў, пляцоўку, выставіць цэну. І не задавацца дурацкімі пытаннямі, якія забіраюць рэсурсы і час, якіх пасля не хапае ўласна на справы».
У Швецыі Марына стварыла крамку на Etsy і выставіла кошт $ 30 за аўтарскую выяву, якую можна раздрукаваць — невысокі для Еўропы, але высокі для Беларусі. У Швецыі столькі каштуе звычайны абед у кафэ. Праўда, на Etsy вялікая канкурэнцыя, але ёсць прынцыпы продажаў, і зараз Марына іх вывучае.
Гэты матэрыял з’явіўся дзякуючы супрацоўніцтву з брэндам «Мова вольных». Сёлета брэнд выпускае слоўнічак-каляндар на 2024 год пад назвай «Мова вольных вандруе па свеце». З дапамогай яго беларусы ўзгадваюць беларускія словы, а таксама даведваюцца іх пераклады на іншыя мовы.
З міннага поля на крайнюю поўнач
Марына ехала ў эміграцыю з адчуваннем, што ў Беларусь вернецца зусім няхутка, або наогул яе больш не пабачыць.
«Калі амаль да кожнага з сяброў прыходзяць органы, задаешся пытаннем, калі прыйдуць да цябе. Ты жывеш у гэтай нервовай абстаноўцы, і баішся нос паказаць. У адрозненне ад шматлікіх беларусаў, якія з’ехалі і вераць, што яны вернуцца, у мяне наадварот, зашкальваў песімізм: жыла тры гады ў стрэсе, нічога не змянілася, стала яшчэ горай. А я як чалавек, што адпаўзае з міннага поля, са сваёй зямлі спаўзла на нейкую чужбіну, за гэтае Балтыйcкае мора, на крайнюю поўнач. Для кагосьці Швецыя — гэта добры ўзровень жыцця, прыгожая прырода. А для мяне — я там замёрзну, там жа палярная ноч. Зусім не рамантызавала вобраз краіны, куды мы едзем».
Ініцыятарам пераезду стаў Марынін муж, які знайшоў працу ў Стакгольме. Ён мэтанакіравана імкнуўся ў Скандынавію, і Швецыя для яго — краіна магчымасцяў.
Марыне жа першыя пару месяцаў давялося проста сядзець дома, з двума дзецьмі ў здымнай кватэры. Эмацыйна было так цяжка, што пачала піць антыдэпрэсанты. У сям'і спачатку не было знаёмых на новым месцы, і Марына, і дзеці адчувалі сябе самотнымі і адарванымі ад усяго. Пазней аказалася, што ў Швецыі шмат беларусаў, якія жывуць тут ужо пэўны час. «Яны ўжо „ашведзіліся“, спакойныя, не такія траўмаваныя, як я».
Новая мова як ратунак
Ратункам для марынінай псіхікі і сацыялізацыі сталі моўныя курсы. Калі замежнік жыве ў Швецыі легальна, ён атрымлівае від на жыхарства, асабісты нумар і права вывучаць шведскую мову на бясплатных курсах.
На курсы Марына ходзіць штодзень, як на працу — з 8.20 да 12.00. Пасля трох месяцаў заняткаў з нулявога ўзроўню яна дасягнула сярэдняга, пачала разумець шведскую і ўжо можа крыху стасавацца з людзьмі. Праўда, дапамагло і тое, што раней яна вывучала нямецкую і англійскую.
У Швецыі практычна ўсе ведаюць англійскую мову. «Ты можаш тут жыць гадамі і так і не скарыстацца шведскай. Некаторыя так і робяць». Так можна жыць, калі ты працуеш у міжнароднай кампаніі, ці праграмістам, ці дызайнерам. Марына акурат збіраецца шукаць вакансію дызайнера. «Але калі хочаш развівацца, шведскую ведаць важна». Прадавачкай у краме ўладкавацца прасцей, чым дызайнерам, але там тым больш патрэбна шведская, і на шведскай публікуюць усе вакансіі.
Дзеці нырнулі ў шведскую, не ведаючы яе
Дзеці - хлопчыкі чатырох і 11 гадоў - ходзяць у школу і ў садок. Старэйшы сын раней вучыў англійскую, але не ведае яе так добра, каб стасавацца. Малодшы яе не ведае ўвогуле, і ў ягонай групе ў садку няма аніводнага рускамоўнага дзіцяці.
«Мае дзеці - героі, нырцы глыбакаводныя. Яны проста нырнулі ў шведскамоўнае асяроддзе, не ведаючы наогул нічога. Усе пераконваюць мяне, што па ўсіх законах яны вельмі хутка вывучаць шведскую. Але я дагэтуль не ведаю дакладна, які ў іх узровень». Малодшы кажа, што разумее выхавацелек у садку. «Але на маё пытанне можа толькі палічыць да 10 і сказаць, як па-шведску вада і малако — з прафесарскім выглядам».
Старэйшы сын у перадпадлеткавым узросце і наогул мала чым дзеліцца з маці. Першы месяц у школе ён проста сядзеў і маляваў на ўроках. Марыне пра гэта расказалі на бацькоўскім сходзе: «Ведаеце, ваш Міхась такі творчы!». Марына падумала «Божачкі!» і стала чакаць «наганяя» ад настаўніцы, але яго не было.
Міхась не хацеў пераязджаць: дома засталіся сябры, сваё наладжанае жыццё — каратэ, плаванне, футбол, цацкі. З пераездам ён страціў усё зручнае і звыклае. Праз гэта ў яго няма ўнутранай матывацыі адаптоўвацца і вывучаць шведскую. У новым класе акрамя яго ёсць яшчэ тры рускамоўныя дзіцяці, з якімі ён і пасябраваў. Асабліва з хлопчыкамі - адным з Украіны і адным з Расіі.
Мова як ручаінка
Швецыя — доўгая па форме, і дыялекты ў розных частках адрозніваюцца, хаця швед шведа зразумее. Напрыклад, на поўдні, у раёне Сконы, раней былі дацкія землі. Там людзі крыху па-іншаму вымаўляюць некаторыя гукі. «У Стакгольме могуць сказаць „стахун“ (станцыя), а на поўдні - „сташун“. Калі ты прыезджы, нават лёгкае ваганне ў гуках можа збіць з панталыку».
Але знайшліся нават падобныя да беларускай ці рускай мовы словы. Напрыклад, агурок там называецца gurka, цыбуля — lök. Ёсць падабенствы ў канчатках, супадаюць некаторыя прыназоўнікі. Хаця больш шведская падобная да нямецкай, толькі вымаўленне не такое грубае.
Стваральнікі календара «Мова вольных вандруе па свеце» хочуць паказаць, што беларуская мова роўная іншым мовам свету, а таксама падтрымаць імкненне беларусаў ведаць мовы краінаў, дзе яны жывуць або бываюць.
«Увогуле, шведская мова вельмі мілагучная, як ручаіна бяжыць з гор, і мне яна пачынае падабацца, — прызналася Марына. — Мілагучнасць у тым, што яны вымаўляюць галосныя гукі рознай даўжыні. І гэта вельмі важна: калі ты вымавіш няправільна не вытрымаеш гэтую даўжыню гука, атрымаецца іншае слова. Ёсць „фііка“ (fika) — „перапынак на каву“. А калі сказаць „фіка“ (ficka) — атрымаецца „кішэня“».
Каб пакатацца на таксі, трэба ехаць у Варшаву
Пасля пераезду ўзровень жыцця ўпаў. У Гродне Марына магла дазволіць сабе снедаць у кафэ, па два разы на дзень купляць каву ў горадзе, часта ездзіць на таксі. У Швецыі ж даводзіцца эканоміць і купляць ежу на акцыях.
«У Гродне ў мяне было ўсё схоплена — была свая манікюрша, цырульніца. Але тут, кожны раз, калі трэба ісці ў цырульню ці на манікюр, ты глядзіш, колькі ў цябе ў кішэні грошай. Гэта ўсё тут у тры разы даражэй. У кафэ хаджу ў сто разоў радзей. Нядаўна была ў Варшаве, і з такім задавальненнем пракацілася на таксі!»
Мяса і рыбу сям’я зараз амаль не купляе, бо гэта вельмі дорага. Дзеці і так не любяць мяса і не ядуць, як яго ні прыгатуй, а рыба проста вельмі дарагая — жанчына «ловіць» яе на акцыях.
«Калі я ўбачыла, якія тут круцяцца лічбы ў пражытковым мінімуме, я зразумела, што за свае працы я бяру вельмі маленькія грошы, як бы адстала ад сусветных коштаў, калі была ў Беларусі. Канешне, тут вялікія зарплаты, але і высокія падаткі - 30%, высокія кошты, але і высокія сацыяльныя гарантыі».
З цягам часу Марына звыклася з вялікімі выдаткамі. «Спачатку пералічваеш усё на беларускія грошы і вар’яцееш, а потым проста адаптуешся — трэба нешта есці».
Партрэты рэчаў і дома
Калі сям’я пераязджала, з сабой узялі вельмі мала рэчаў - пару сумак і па заплечніку ў кожнага. Дома засталося шмат важнага - дзіцячыя цацкі, кніжкі, маміны вышываныя карціны, рэчы, якія рабілі прастору сваёй. У новай кватэры былі пустыя белыя сцены. «Для мяне, калі на сценах нічога няма — гэта не вельмі ўтульны домік. І я пачала вешаць свае працы». Сярод таго, што Марына забрала з дому, былі тры карціны — від на Гродна, хатка яе бабулі і від унутры гэтай хаткі.
Аднойчы да сям'і ў госці прыйшлі сябры, пілі віно, вялі душэўныя размовы. Ніякіх фотаздымкаў не рабілі, але засталася бутэлька, і Марына вырашыла яе намаляваць, каб захаваць памяць пра сустрэчу. Так да Марыны прыйшла ідэя кастамізаваць сваю творчасць — маляваць для замоўцаў іх любімыя рэчы, партрэты людзей і партрэты чалавечых рэчаў, накшталт улюбёнага кубачка ці заварніка, старога світара, рэчаў з дзяцінства, ад якіх засталіся толькі фота. Або партрэт пакінутага дома ў Беларусі, каб бачыць яго часцей.
«Адна справа — фотаздымкі, а іншая — мастацкая ілюстрацыя. Я б хацела сабе партрэты сябе і сваёй сям'і, дзе мы будзем намаляваныя, быццам з кніжнай ілюстрацыі. Быццам гэта казка пра нас. І як любая казка, яна заканчваецца, канешне, добра, там дабро перамагае».
Горад у скале
Першае, што кінулася Марыне ў вочы пасля пераезду — краіна як бы стаіць на камянях. «Гэта кавалак скалы, у якім размяшчаецца горад. Ты ідзеш па асфальце да метро, і тут бах — на зямлі ляжыць кавалак скалы. Яна проста ўпісаная ў інтэр'ер, залітая асфальтам. Можа стаяць дом, а побач ляжыць кавалак скалы, які нікуды не прыбралі».
На карце вадаём, дзе размешчаны Стакгольм, называецца возера, але выглядае гэта як залівы, якія паўсюль цякуць, злучаюцца з іншымі і ўтвараюць водную сістэму, на якой стаіць горад. Стакгольм як бы падзелены на астравы, паміж якімі шмат мастоў і падземных пераходаў. Транспарт ходзіць вельмі добра, інфраструктура выдатная.
Ёсць асобны вялікі падземны горад — развілістае метро, выбітае ў скале, з мноствам станцый. Дызайн станцый аддалі мастакам — ёсць шыльды, хто гэтую станцыю афармляў, і што гэтым хацеў сказаць аўтар. У Швецыі з вялікай павагай ставяцца да сімвалаў.
Краіна ingen stress
У Швецыі Марына знайшла шмат свабоды і цярпімасці. «Тут можна апрануцца па-любому, і на цябе не звяртаюць увагі, як у Беларусі. Хоць на галаве хадзі - людзі проста паўсміхаюцца, паківаюць галавой, што ўсё цудоўна, бро».
Шведы любяць дзяцей і заўжды ім усміхаюцца. Узровень цярплівасці нашмат вышэйшы, чым у Беларусі. «Нават калі дзіця сваволіць, і ў мяне ўжо нервы паляцелі, у шведаў - ой, як гэта міла».
Спачатку Марыне здавалася, што гэта штучнае. Як так можа быць? Свет небяспечны! Але шведы любяць казаць ingen stress, «ніякага стрэсу».
«Муж на працы звык напінацца, а ў іх так не прынята, яны ў расслабленым рэжыме — не перапрацоўвайце. У Швецыі ёсць такое — lagom (бел. „дакладна, у самы раз“), паміж, без празмернасці, нейтралітэт, пры гэтым клапатлівы. Прысці, спакойна выпіць кавы, папрацаваць, пагутарыць, а пасля сысці, калі трэба. Не трэба моцна застрымлівацца ў офісе, ніхто гэта не падтрымлівае».
Чым пахне Швецыя
У Швецыі іншы пах, заўважае Марына. Калі яна пасля эміграцыі ненадоўга прыехала ў Польшчу, то пазнала пах Беларусі.
«З лясоў павеяла нашай глебай, якая мае свой пах, гэты водар. Думаю, гэта проста якасць самой глебы, пах дрэваў, такая балоцістая гнільца — водар сваіх лясоў».
У Швецыі жа ўсё перакрывае Балтыйскае мора, і пахі з Цантральнай Еўропы не могуць туды прабіцца. «У Швецыі нейтральны пах. Мне здаецца, тут пахне проста небам, морам, свежым паветрам». У Стакгольме чыстае, незагазаванае паветра і шмат дрэваў. «Гэта тэрапеўтычна. Дрэвы растуць паўсюль, і яны растуць на скалах — гэта парадокс, і, мне здаецца, такая сімвалічная штука».
У Швецыі падобныя да беларускай флора і фаўна, шмат сарок, але няма шэрых варон.
Шведы — беларусы, у якіх атрымалася
Марына не любіць надта турыстычных месцаў і таму ў цэнтры Стакгольма бывае рэдка. «Ён для мяне занадта шумны. Прыгожыя дамочкі, як з паштоўкі, караблі, прыстані. Але асабіста мне падабаецца наш раён і наш пляж. Усім раю прыехаць на Huvudsta, паблукаць па набярэжных, іх тут вельмі шмат». На набярэжную Марына прыходзіць і маляваць, і браць натхненне, і купацца. З музеяў Марына была ў Скансэне, музеі Ваза (швецкім марскім музеі) і гістарычным музеі. Апошні ёй вельмі падабаецца.
«Тут усё зроблена, каб чалавек супакоіўся. Шведы — памяркоўныя. Часам мне здаецца, што шведы — гэта беларусы, у якіх усё атрымалася. Паміж намі шмат падобнага, і гэта не толькі я заўважаю. Мы спакойныя, цярплівыя, і шведы такія ж».
«Шведам не патрэбны „цар“, яны могуць дамовіцца самі з сабой. Тут камуны — невялічкія раёны, у якіх свая ўлада, і камуна вырашае шмат важных пытанняў, нават размеркаванне бюджэта. Тут сапраўды сацыялізм, левакі. Гэта дамова на ніжнім узроўні, гарызантальная ўлада. У шведаў крыху іншы палітычны кантэкст, яны далёка ад Расіі. Але шведы змаглі, і мы зможам — крыху пазней».
Слоўнік у фармаце адрыўнога календара можна павесіць на сценку або паставіць на стол. Ён мае скрыначку, якая робіць з яго добры падарунак. А яшчэ ў ёй можна захоўваць адарваныя аркушыкі.
Заказаць каляндар можна ў Беларусь і любую іншую краіну.
А яшчэ яго можна брэндаваць — і зрабіць з яго выдатны карпаратыўны падарунак, напрыклад, ад беларускай кампаніі ў замежжы!