Юля жыве ў Нарвегіі ўжо паўтара года. Гэта трэцяя краіна, у якую яе з 2021-га закінула эміграцыя. Тут прыгожа і прыемна ўсё, акрамя коштаў у крамах, марудлівасці ва ўсім і бюракратыі міграцыйных службаў, кажа Юля. Для Hrodna.life яна расказала, што паглядзець у Нарвегіі, калі вы прыехалі сюды турыстамі, чым пераезд адрозніваецца ад падарожжа на пару дзён і якія словы нарвежскай мовы нагадваюць ёй пра Беларусь.
Серыю матэрыялаў пра беларусаў за мяжой мы робім разам з календаром «Мова вольных» на 2024 год.
Праз паўгода пасля пратэстаў 2020 года Юля з’ехала з Беларусі ў Кіеў. Жыццё на новым месцы стала наладжвацца. У госці прыехаў сябар-нарвежац.
«Вайну мы сустрэлі разам, у Кіеве, — кажа Юля. — І разам уцякалі ад вайны. У Беларусь было нельга. У Расію па зразумелых прычынах не хацелася. Выбралі Польшчу, каб адсядзецца і перавесці дух».
Трэба было вырашаць, дзе спыніцца, як жыць. Юлін сябар прапанаваў паехаць да яго, у Нарвегію.
«Ён казаў, што гэта цудоўная краіна, што там будзе лепей, там спакайней, што мяне ўсё прымуць і будуць рады. А я вельмі баялася ехаць. Я не ведаю англійскай і, вядома, не ведаю нарвежскай. Ён не ведае рускай… Доўга думала, сумнявалася, раілася з сяброўкамі, са сваімі дзецьмі. Разумела, што давядзецца жыць у яго дома.
І што адна справа — сустракацца, а іншая — прыехаць і жыць у чалавека. Я „ламалася“ і вагалася, але вырашыла ехаць. У рэшце рэшт, калі будзе дрэнна, мне нішто не перашкодзіць вярнуцца».
Цяпер Юля жыве ў заходняй частцы краіны, недалёка ад Бергена. Паводле яе слоў, гэта сапраўдная Нарвегія, той самы рэгіён, куды жадаюць патрапіць турысты. Тут ёсць фіёрды, горы, вадаспады, вялізныя лясныя масівы і авечкі, якія пасуцца ў гарах.
«Па маштабах Беларусі, месца, дзе я апынулася, гэта буйная вёска, але тут лічыцца горадам. Уся камуна [аналаг раёна ў Беларусі - Hrodna.life] — каля пяці тысяч чалавек».
Гэты матэрыял з’явіўся дзякуючы супрацоўніцтву з брэндам «Мова вольных». Сёлета брэнд выпускае слоўнічак-каляндар на 2024 год пад назвай «Мова вольных вандруе па свеце». З дапамогай яго беларусы ўзгадваюць беларускія словы, а таксама даведваюцца іх пераклады на іншыя мовы.
Ехаць прыйшлося доўга і клапотна. Некалькімі самалётамі, потым цягніком і яшчэ на аўтамабілі. І ўсё гэта з-за Юлінага ката: трэба было прайсці мноства праверак і атрымаць дазволы на ўвоз жывёлы.
«Калі мы ехалі ўжо на машыне, свяціла яркае сонца, — успамінае Юля. — Было так прыгожа і святочна, такое натхненне! Глядзела ў акно і не магла адарвацца. Я ўсё гэта бачыла ў інтэрнэце і на карцінках. А ў рэале гэта як стаіш на вяршыні гары, глядзіш і, здаецца, задыхнешся ад такой прыгажосці. Круцішся, азіраешся, усмешка з’яўляецца ад радасці, не можаш наглядзецца. Гэта вельмі здорава».
«Мы перасякалі горныя хрыбты і паднімаліся на самую вяршыню. Унізе, на плато, там сонца, трава, усё зялёнае, яркае, прыгожае і цёпла, можна ў майцы хадзіць. А калі падымаешся ў горы, там усё шэрае і ляжыць снег. Мы ехалі праз гару па дарозе, якая на зіму закрываецца. Яе толькі адкрылі ў красавіку. І так дзіўна — ты едзеш па гэтай дарозе, яна да асфальта вычышчана, а па баках стаяць роўныя сцены са снегу. Машына спецыяльная праехала, праклала такі ход. Гэта было моцнае ўражанне».
Большая частка нарвежцаў рэгіёна жывуць у драўляных дамах. Іх фарбуюць у яркія колеры — жоўты, чырвоны, белы. Шматпавярхоўкамі ў гэтым горадзе лічаць будынкі ў тры-чатыры паверхі. Такіх толькі пару на ўсё мястэчка. Яшчэ тут ёсць некалькі магазінаў, невялікі аквапарк і кінатэатр.
У сваё першае нарвежскае лета Юля здзейсніла даўнюю мару — навучылася рыбачыць. «Калі я злавіла першую рыбу — гэта была вялікая траска, кілаграмы на тры — я з ёй танчыла, я яе цалавала ў нос… я не ведаю… у морду!»
Лясы вакол мястэчка зусім не падобныя да нашых, кажа Юля. «Ніхто не прыбірае паваленыя дрэвы. Упадуць і ляжаць, пакрываюцца мохам. Нарвежцы лічаць, што не трэба ўмешвацца ў прыроду. Таму калі ты заходзіш у лес, здаецца, што патрапіў у пушчу — настолькі ўсё зарослае. Нашы б сказалі «ўсё запушчана».
Наступным выпрабаваннем для Юлі стала легалізацыя ў краіне. «Я падала на міжнародную абарону. Думала, што ўсё вырашыцца хутка». Але і праз паўтара года адказу ад міграцыйных службаў няма. Ні адмоўнага, ні станоўчага.
«Пакуль чалавек у статусе прасіцеля дазволу, ён не мае права ні на выплаты, ні на інтэграцыйныя праграмы. Працаваць таксама нельга. Нават банкаўскую картку ты атрымаць не можаш. Па сутнасці, цябе павінен утрымліваць чалавек, у якога ты жывеш. Я магла б з’ехаць у інтэрнат для бежанцаў, але сябар быў супраць. Ён зараз дапамагае мне і хоча, каб я выйшла за яго замуж. Але я пакуль не згаджаюся. Можа гэта па-дзіцячаму, але, здаецца, гэта будзе выглядаць, быццам я хачу выйсці замуж, каб легалізавацца. Я хачу спачатку сама стаць на ногі, а потым ужо прыняць такое рашэнне. Да таго ж, у мяне забралі пашпарт. А каб выйсці замуж у Еўропе, патрэбна даведка, што я не знаходжуся ў шлюбе ў краіне грамадзянства. Пасольствы больш такіх даведак не даюць. У Беларусь я таксама не магу выехаць. Увогуле, замужжа адкладаецца да лепшых часоў».
Самай першай нарвежскай фразай, якую Юля запомніла, была «Jeg vet ikke» (яй вет ікке) — я не ведаю.
«Вывучыла гэтую фразу, калі тэлефанавала ў міграцыйны офіс. Так на ўсе пытанні чыноўніца адказвала — я не ведаю, я не ведаю, я не ведаю…».
З формул ветлівасці лёгка запомнілася «Takk» (такк) — дзякуй. Яшчэ ў нарвежскай ёсць словы, якія вельмі падобныя на беларускія: serviett — гэта сурвэтка, tallerken — талерка, parasol — парасон.
Стваральнікі календара «Мова вольных вандруе па свеце» хочуць паказаць, што беларуская мова роўная іншым мовам свету, а таксама падтрымаць імкненне беларусаў ведаць мовы краінаў, дзе яны жывуць або бываюць.
Адначасова Юля вучыць англійскую. «Пакуль ідзе тугавата. Слоўнікавы запас стаў большы, але так, каб пагутарыць — пакуль не магу. Вядома, мой дарагі нарвежац мяне разумее. Нават па выразе твару. І я яго разумею. Калі ёсць праблема, калі не можаш растлумачыць сваёй мовай, то ўключаеш мікрафон, нагаворваеш і праз анлайн-перакладчык тлумачыш. Гэта ратуе».
Лета ў Нарвегіі аказалася яркім, але зусім не гарачым. Басаножкі і сукенкі, узятыя з сабой, Юлі не спатрэбіліся. А яшчэ не хапала звыклых, як дома, летніх магчымасцей. Такіх, як пайсці на кірмаш у чэрвені, купіць вядро трускаўкі і наесціся да адвалу. У Нарвегіі клубніцы ёсць круглы год. Але гэта, гаворыць Юля, зусім не тое. Або кавуны — яны таксама заўсёды ёсць у продажы. Але хочацца тых, што ляжаць гарой, а з-за іх вусаты гандляр крычыць: «Падыходзь, выбірай! Знайду табе самы лепшы!».
Складаней стала, калі прыйшла восень. «Аказваецца, тут тыдзень-два запар дажджы — гэта нармальна. Нарвежцы прывыклі, а я была ў шоку. Устаеш — там валіць дождж. Праходзіць пару гадзін — дождж, увечары — дождж, ноччу — дождж. Мясцовыя жыхары прыстасаваліся і не адмаўляюць сабе ў шпацырах нават у такое надвор’е.
Проста ў іх ёсць спецыяльнае адзенне — прагумаваныя штаны, дажджавікі, шапкі і гумовыя боты. Нават маці з маленькім дзіцём не будзе сядзець дома. Яна проста надзене на дзіця камбінезон, як у касманаўта, пазапраўляе ўсё і дзіця можа нават легчы ў лужыну і пераварочвацца з пуза на спіну. Гэта нармальна. Ніхто не будзе нічога казаць. Адзенне дазваляе гэта рабіць, усярэдзіне дзіця будзе сухое".
А Юля аказалася да такога надвор’я не гатова і шмат часу праводзіла дома. «Накупіла нітак у сэкандзе, шкарпэткі вязала. Яшчэ гатавала».
З таго, чым Нарвегія прывабіла Юлю, яна называе прыроду і чысціню. Але гэта не пра чысты асфальт, як маглі б падумаць беларусы. «Тут ваду можна піць з-пад крана. Яна з горных крыніц, крышталёва чыстая. За паўтара года, што я тут жыву, нават шумавіння ў чайніку не з’явілася».
Яшчэ адна добрая якасць краіны — вельмі ўсмешлівыя і спагадныя людзі.
Падарожнічаць па Нарвегіі вельмі дорага. Гэта, паводле слоў Юлі, прызнаюць і самі мясцовыя жыхары.
«Дарогі платныя, калі праз фіёрд няма маста, то за паром трэба плаціць асобна, паліва таксама дарагое, паркінгі… — пералічвае Юля. — Многія нарвежцы кажуць, што аб’ехалі ўвесь свет, а сваю краіну толкам не бачылі».
Але прыехаць паглядзець Нарвегію ўсё ж варта, раіць Юля. «Каб было танней, сплануйце паездку загадзя, можна знайсці жыллё ў прыватных дамах. Больш-менш прымальны гатэль каштуе каля 100 еўра ў суткі, а прыватнае жыллё — 60 еўра, але затое ёсць магчымасць карыстацца кухняй. Яшчэ можна паспрабаваць знайсці варыянт пражывання па каўчсёрфінгу. Есці ў кавярні тут дорага. Калі грошай няшмат, то лепш купляць нешта ў крамах і гатаваць самім».
Другая падказка ад Юлі - не абмяжоўвацца вялікімі гарадамі, Осла і Бергенам, а паглядзець глыбінку, падняцца на гару. «Да некаторых вяршыняў ісці па некалькі гадзін, але наверсе прыгажосць. Дарэчы, турыстычныя пешыя сцежкі тут абазначаны, так што заблукаць нельга. Трэба толькі мець прыдатны абутак, браць ваду абавязкова, можна ежу. На некаторых гарах уверсе стаяць маленькія домікі, там часам нават начуюць, а раніцай сустракаюць світанак. Яны бясплатныя. Як правіла, там нават ёсць святло, людзі пакідаюць свечкі, печыва, гульні».
Так што разам з паркам скульптур і музеем Мунка плануйце і загарадную актыўнасць. Інакш не зможаце рэальна ацаніць гэтую краіну. «Таму што сапраўдная Нарвегія — гэта прырода», — кажа Юля.
Слоўнік у фармаце адрыўнога календара можна павесіць на сценку або паставіць на стол. Ён мае скрыначку, якая робіць з яго добры падарунак. А яшчэ ў ёй можна захоўваць адарваныя аркушыкі.
Заказаць каляндар можна ў Беларусь і любую іншую краіну.
А яшчэ яго можна брэндаваць — і зрабіць з яго выдатны карпаратыўны падарунак, напрыклад, ад беларускай кампаніі ў замежжы!
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…