Надзея прыехала ў Італію яшчэ студэнткай, каб працягнуць навучанне. Але закахалася ў гэту краіну і засталася жыць у рэгіёне Апулія. Зараз яна працуе перакладчыцай і выкладае англійскую мову для італьянцаў. Чым скарыла Італія, як краіна паўплывала на жыццё і што паглядзець турыстам «на абцасіку», яна расказала Hrodna.life.
Серыю матэрыялаў пра беларусаў за мяжой мы робім разам з календаром «Мова вольных» на 2024 год.
«Я вучылася на перакладчыка, італьянская была другой замежнай мовай. Ва ўніверсітэце была магчымасць атрымаць грант на праходжанне магістарскай праграмы ў Італіі. Я падала заяўку і яе зацвердзілі. Калі навучанне скончылася, я засталася тут працаваць», — каротка пераказвае Надзея свой досвед.
«Калі я ехала ў Італію, то меркавала, што гатова да сустрэчы і камунікацыі з мясцовымі жыхарамі, бо вучыла мову ва ўніверсітэце, — успамінае Надзея. — Насамрэч, было вельмі цяжка. Тут у кожным гарадку і нават вёсачцы свой дыялект. Потым адаптавалася».
Дапамагла моўная практыка — размовы з мясцовымі жыхарамі і са студэнтамі. «Навучанне на магістратуры мне вельмі дапамагло. Тут, на месцы, я мову падцягнула. Каля году спатрэбілася, каб размаўляць без страху», — расказвае Надзея. Моцна спрыяе вывучэнню мовы агульная прыязнасць і дабразычлівасць італьянцаў: «Яны вельмі адкрытыя, дапамагаюць у камунікацыі, ім прыемна, калі ты хоць крышачку размаўляеш па-італьянску».
Гэты матэрыял з’явіўся дзякуючы супрацоўніцтву з брэндам «Мова вольных». Сёлета брэнд выпускае слоўнічак-каляндар на 2024 год пад назвай «Мова вольных вандруе па свеце». З дапамогай яго беларусы ўзгадваюць беларускія словы, а таксама даведваюцца іх пераклады на іншыя мовы.
Усім, хто патрапіць у Італію, Надзея раіць ведаць хаця б слова «Ciao!». Яго выкарыстоўваюць, каб павітацца і развітацца. Пры развітанні па тэлефоне звычайна паўтараюць некалькі разоў.
Адным з першых словаў, якое Надзя запомніла, было «Tranquilla». Яно азначае «будзь спакойная». У сэнсе, не хвалюйся, не турбуйся, спакойна, без праблем, усё вырашыцца. «Яго і лічу адным з самых італьянскіх, найперш на поўдні, якія адлюстроўваюць стаўленне італьянцаў да жыцця». Яшчэ словы, што асацыююцца ў Надзеі з поўднем Італіі, — Fiducia — давер, альбо Fidati — даверся.
Італія з усіх бакоў акружаная морам. Асабліва рэгіён Апулія, той самы «абцасік». Калі ты нават у цэнтры Апуліі жывеш, можна паехаць хоць налева, хоць направа і там знойдзеш мора.
«Яшчэ — тут заўсёды шмат сонца. Не ведаю, як астатнім людзям, а мне гэта надае больш жыццярадаснасці, як бы банальна тое не гучала».
Яшчэ адной асаблівасцю Італіі Надзея называе мясцовую гістарычную забудову. «Я атрымліваю асалоду ад любога шпацыра па гораду. Паўсюль у Італіі захавалася шмат даўніх аб’ектаў - часоў Рымскай імперыі, сярэднявечча. Таму гуляеш па вуліцах гарадкоў і нават вёсачак, як па адкрытых музеях».
Адным з найвялікшых выклікаў для беларускі на поўдні Італіі было адаптавацца пад мясцовы рытм жыцця.
«У Беларусі я заўжды бегала. Была суцэльная мітусня па працы і па жыцці. А тут мяне проста прымусілі запаволіцца, атрымлівацць асалоду ад працэсу і проста гэта рэфлексаваць».
Рытм працы у Апуліі такі - ад 10.00 да 13.00 ўсё адчынена. Потым перапынак недзе да 16.00. Далей працуюць да 19.00−21.00. Такога рэжыму трымаецца большасць установаў.
«То і я навучылася неяк больш павольна жыць і адпачываць», — кажа Надзея.
Стваральнікі календара «Мова вольных вандруе па свеце» хочуць паказаць, што беларуская мова роўная іншым мовам свету, а таксама падтрымаць імкненне беларусаў ведаць мовы краінаў, дзе яны жывуць або бываюць.
Поўдзень Італіі лічыцца не самым эканамічна развітым рэгіёнам, кажа Надзея. Маўляў, моладзь адсюль з’язджае, бо цяжка знайсці працу. Надзея ж вырашыла для сябе гэту праблему іншым чынам.
«Тут вельмі лёгка, літаральна ў пару клікаў, можна зарэгістраваць індывідуальнае прадпрымальніцтва. А далей — працуй і плаці падаткі. Усё залежыць ад цябе. Як папрацуеш, так і атрымаеш. Мне гэта падабаецца, бо дае свабоду ў выбары».
Для тых, што плануе прыехаць на поўдзень Італіі турыстам, Надзея вельмі раіць арэндаваць аўтамабіль. Гэта зробіць больш дасяжнымі прыгожыя гарадкі і маляўнічыя вёсачкі. Бо цягнікамі і аўтобусамі не паўсюль проста даехаць.
Сваім спісам прывабных месцаў Надзея падзялілася з Hrodna.life.
Сталіца рэгіёна, старажытны цэнтр горада. Базіліка святога Мікалая, дзе пахаваная Бона Сфорца.
Горад-барока, называюць паўднёвай Фларэнцыяй Італіі. У цэнтры захавалася шмат старажытных архітэктурных помнікаў, будынкаў, палацаў. Ёсць амфітэатр і грэчаскі тэатр, якім больш за 2000 гадоў.
І для марскога падарожжа добры выбар, паедзеш на захад ад Лечэ — Іанічнае мора, на усход — Адрыятычнае.
Прыгожы марскі горад. У самім горадзе ёсць храм, дзе захавалася мазаіка, якой больш за тысячу гадоў - «Дрэва жыцця». Уражвае. Побач з горадам ёсць маяк Punta Palascia, самая ўсходняя кропка Італіі.
Утульны марскі гарадок з вузкімі атмасфернымі вулачкамі. Там нарадзіўся Даменіка Мадунья, які спяваў вядомую песню «Volare».
Маленькі гарадок з унікальнымі будыначкамі, якія называбцца труллі (нідзе больш у свеце такіх няма). Унесены ў спіс ЮНЕСКА.
З негарадскіх лакацый Надзея раіць наведаць нацыянальны парк Gargano на поўначы Апуліі: «Ідэальна для тых, хто любіць трэкінг і паходы: там шыкоўная прырода, горы, лес, і мора побач».
Слоўнік у фармаце адрыўнога календара можна павесіць на сценку або паставіць на стол. Ён мае скрыначку, якая робіць з яго добры падарунак. А яшчэ ў ёй можна захоўваць адарваныя аркушыкі.
Заказаць каляндар можна ў Беларусь і любую іншую краіну.
А яшчэ яго можна брэндаваць — і зрабіць з яго выдатны карпаратыўны падарунак, напрыклад, ад беларускай кампаніі ў замежжы!
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…