Надзея прыехала ў Італію яшчэ студэнткай, каб працягнуць навучанне. Але закахалася ў гэту краіну і засталася жыць у рэгіёне Апулія. Зараз яна працуе перакладчыцай і выкладае англійскую мову для італьянцаў. Чым скарыла Італія, як краіна паўплывала на жыццё і што паглядзець турыстам “на абцасіку”, яна расказала Hrodna.life.

Серыю матэрыялаў пра беларусаў за мяжой мы робім разам з календаром «Мова вольных» на 2024 год.

“Я вучылася на перакладчыка, італьянская была другой замежнай мовай. Ва ўніверсітэце была магчымасць атрымаць грант на праходжанне магістарскай праграмы ў Італіі. Я падала заяўку і яе зацвердзілі. Калі навучанне скончылася, я засталася тут працаваць”, – каротка пераказвае Надзея свой досвед.

Думала, што прыехала “з мовай”

“Калі я ехала ў Італію, то меркавала, што гатова да сустрэчы і камунікацыі з мясцовымі жыхарамі, бо вучыла мову ва ўніверсітэце, – успамінае Надзея. – Насамрэч, было вельмі цяжка. Тут у кожным гарадку і нават вёсачцы свой дыялект. Потым адаптавалася”.

Дапамагла моўная практыка – размовы з  мясцовымі жыхарамі і са студэнтамі. “Навучанне на магістратуры мне вельмі дапамагло. Тут, на месцы, я мову падцягнула. Каля году спатрэбілася, каб размаўляць без страху”, – расказвае Надзея. Моцна спрыяе вывучэнню мовы агульная прыязнасць і дабразычлівасць італьянцаў: “Яны вельмі адкрытыя, дапамагаюць у камунікацыі, ім прыемна, калі ты хоць крышачку размаўляеш па-італьянску”.

Брэнд "Мова вольных" выпусціў слоўнічак-каляндар на 2024 год пад назвай “Мова вольных вандруе па свеце”

Гэты матэрыял з’явіўся дзякуючы супрацоўніцтву з брэндам “Мова вольных”. Сёлета брэнд выпускае слоўнічак-каляндар на 2024 год пад назвай “Мова вольных вандруе па свеце”. З дапамогай яго беларусы ўзгадваюць беларускія словы, а таксама даведваюцца іх пераклады на іншыя мовы.

Самыя італьянскія словы

Усім, хто патрапіць у Італію, Надзея раіць ведаць хаця б слова “Ciao!”. Яго выкарыстоўваюць, каб павітацца і развітацца. Пры развітанні па тэлефоне звычайна паўтараюць некалькі разоў.

Адным з першых словаў, якое Надзя запомніла, было “Tranquilla”. Яно азначае “будзь спакойная”. У сэнсе, не хвалюйся, не турбуйся, спакойна, без праблем, усё вырашыцца. “Яго і лічу адным з самых італьянскіх, найперш на поўдні, якія адлюстроўваюць стаўленне італьянцаў да жыцця”. Яшчэ словы, што асацыююцца ў Надзеі з поўднем Італіі, – Fiducia – давер, альбо Fidati – даверся.

Вуліца гарадка Locorotondo паміж Бары і Лечэ ў рэгіёне Апулія на поўдні Італіі
Вуліца гарадка Locorotondo паміж Бары і Лечэ ў рэгіёне Апулія. Фота: Rich Martello, unsplash.com

З усіх бакоў – мора, кожная вуліца – музей

Італія з усіх бакоў акружаная морам. Асабліва рэгіён Апулія, той самы “абцасік”. Калі ты нават у цэнтры Апуліі жывеш, можна паехаць хоць налева, хоць направа і там знойдзеш мора.

“Яшчэ – тут заўсёды шмат сонца. Не ведаю, як астатнім людзям, а мне гэта надае больш жыццярадаснасці, як бы банальна тое не гучала”.

Яшчэ адной асаблівасцю Італіі Надзея называе мясцовую гістарычную забудову. “Я атрымліваю асалоду ад любога шпацыра па гораду. Паўсюль у Італіі захавалася шмат даўніх аб’ектаў – часоў Рымскай імперыі, сярэднявечча. Таму гуляеш па вуліцах гарадкоў і нават вёсачак, як па адкрытых музеях”.

Мора, сонца і абавязковы рэлакс: як беларусцы жывецца “на абцасіку” Італіі
Набярэжная ў Атранта на поўдні Італіі. Фота: Arno Senoner, unsplash.com

Самае цяжкае – прымусіць сябе адпачываць

Адным з найвялікшых выклікаў для беларускі на поўдні Італіі было адаптавацца пад мясцовы рытм жыцця.

“У Беларусі я заўжды бегала. Была суцэльная мітусня па працы і па жыцці. А тут мяне проста прымусілі запаволіцца, атрымлівацць асалоду ад працэсу і проста гэта рэфлексаваць”.

Рытм працы у Апуліі такі – ад 10.00 да 13.00 ўсё адчынена. Потым перапынак недзе да 16.00. Далей працуюць да 19.00-21.00. Такога рэжыму трымаецца большасць установаў.

“То і я навучылася неяк больш павольна жыць і адпачываць”, – кажа Надзея.

Стваральнікі календара “Мова вольных вандруе па свеце” хочуць паказаць, што беларуская мова роўная іншым мовам свету, а таксама падтрымаць імкненне беларусаў ведаць мовы краінаў, дзе яны жывуць або бываюць.

Шукаеш работу – стварай працоўнае месца самастойна

Поўдзень Італіі лічыцца не самым эканамічна развітым рэгіёнам, кажа Надзея. Маўляў, моладзь адсюль з’язджае, бо цяжка знайсці працу. Надзея ж вырашыла для сябе гэту праблему іншым чынам.

“Тут вельмі лёгка, літаральна ў пару клікаў, можна зарэгістраваць індывідуальнае прадпрымальніцтва. А далей – працуй і плаці падаткі. Усё залежыць ад цябе. Як папрацуеш, так і атрымаеш. Мне гэта падабаецца, бо дае свабоду ў выбары”.

Падарожжы па поўдні Італіі: што паглядзець “на абцасіку”

Для тых, што плануе прыехаць на поўдзень Італіі турыстам, Надзея вельмі раіць арэндаваць аўтамабіль. Гэта зробіць больш дасяжнымі прыгожыя гарадкі і маляўнічыя вёсачкі. Бо цягнікамі і аўтобусамі не паўсюль проста даехаць.

Сваім спісам прывабных месцаў Надзея падзялілася з Hrodna.life.

Bari

Сталіца рэгіёна, старажытны цэнтр горада. Базіліка святога Мікалая, дзе пахаваная Бона Сфорца.

Бары - сталіца рэгіёна Апулія. Тут пахавана каралева Бона Сфорца
Bari. Фота: Andrea Mininni, unsplash.com

Lecce

Горад-барока, называюць паўднёвай Фларэнцыяй Італіі. У цэнтры захавалася шмат старажытных архітэктурных помнікаў, будынкаў, палацаў. Ёсць амфітэатр і грэчаскі тэатр, якім больш за 2000 гадоў.

паездка ў Італію
Амфітэатр у Лечча. Фота Hrodna.life

І для марскога падарожжа добры выбар, паедзеш на захад ад Лечэ – Іанічнае мора, на усход – Адрыятычнае.

Otranto

Прыгожы марскі горад. У самім горадзе ёсць храм, дзе захавалася мазаіка, якой больш за тысячу гадоў – “Дрэва жыцця”. Уражвае. Побач з горадам ёсць маяк Punta Palascia, самая ўсходняя кропка Італіі.

Маяк Punta Palascia у Otranto - самы ўсходні пункт Італіі
Маяк Punta Palascia. Фота: Massimo Virgilio, unsplash.com

Polignano a Mare

Утульны марскі гарадок з вузкімі атмасфернымі вулачкамі. Там нарадзіўся Даменіка Мадунья, які спяваў вядомую песню “Volare”.

Polignano a Mare - поўдзень Італіі
Polignano a Mare. Фота: Vincenzo De Simone, unsplash.com

Alberobello

Маленькі гарадок з унікальнымі будыначкамі, якія называбцца труллі (нідзе больш у свеце такіх няма). Унесены ў спіс ЮНЕСКА.

Alberobello - горад маленькіх белых домікаў, якіх больш няма нідзе ў Італіі
Alberobello. Фота: Freysteinn G. Jonsson, unsplash.com

З негарадскіх лакацый Надзея раіць наведаць нацыянальны парк Gargano на поўначы Апуліі: “Ідэальна для тых, хто любіць трэкінг і паходы: там шыкоўная прырода, горы, лес, і мора побач”.

Слоўнік у фармаце адрыўнога календара можна павесіць на сценку або паставіць на стол. Ён мае скрыначку, якая робіць з яго добры падарунак. А яшчэ ў ёй можна захоўваць адарваныя аркушыкі.

Заказаць каляндар можна ў Беларусь і любую іншую краіну.

А яшчэ яго можна брэндаваць – і зрабіць з яго выдатны карпаратыўны падарунак, напрыклад, ад беларускай кампаніі ў замежжы!